Гэта здарылася ў мінулы аўторак. Прыкладна ў 19 гадзін з чацвёртага паверха дома №2 па вул.Кобрынскай у Пружанах абваліўся балкон, на якім знаходзіўся чалавек. На месца здарэння адразу была накіравана тэхніка МНС, аператыўная група з супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дарожна-патрульнай службы і РАУС, а таксама грузапад’ёмны кран.
У выніку падзення з балкона пацярпела жанчына 1969 года нараджэння, якая тэрмінова была дастаўлена ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Элементы абрушанага балкона ўпалі на балкон трэцяга паверха. А пліта перакрыцця павісла на арматуры ў месцы мацавання. Аварыйны ўчастак быў абгароджаны, рух на частцы вуліцы ад Савецкай да Багдановіча перакрыты, пры дапамозе бензарэза дэманціраваны вісеўшыя металічныя парэнчы балкона і жалезабетонная пліта перакрыцця.
Мяркуецца, што прычынай гэтага абрушэння стаў знос арматуры. Хаця пяціпавярховы дом і не надта стары — 1970 года пабудовы, прычым у 2003 годзе рабіўся яго капітальны рамонт. Па факту абрушэння балкона на месцы працавала камісія па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме на чале са старшынёй райвыканкама А.І.Юркевічам. А таксама аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў пракуратуры раёна, РАУС, аддзела па надзвычайных сітуацыях і КУВП «Камунальнік». Было прынята тэрміновае распараджэнне наконт пазачарговага паўторнага абследавання ўсяго жылога фонда.
Візуальнае абследаванне балконаў павінна прайсці да 15 чэрвеня. Пры выяўленні трэшчын ці якіх іншых непаладкаў будуць выкліканы спецыялісты для больш скрупулёзнага абследавання і ўхілення небяспекі. Што тычыцца канкрэтна дома №2 па вуліцы Кобрынскай, то цяпер пракуратурай раёна праводзіцца дакладная праверка матэрыялаў яго будаўніцтва і капітальнага рамонту. Зразумела, што яна не закончыцца ў адзін дзень. Але толькі пасля гэтага можна будзе рабіць канкрэтныя вывады наконт прычын абрушэння балкона. Дарэчы, у мінулым годзе пасля таго, як падобнае здарылася ў Мінску, візуальна былі правераны ўсе балконы Пружан, у тым ліку і на доме №2 па вуліцы Кобрынскай.