Як некалькі чалавек ўратавалі касцёл у мястэчку Ружаны

30  Мая 2021 г.  в 22:57 : Брестская область

У мястэчку Ружаны за часамі атэізму збярогся прыгожы Троіцкі касцёл. Помнік 1617 года. Мае гэты помнік адметную гісторыю звязаную з родам Сапегаў, збярогся шыкоўны інтэр'ер, які не пакідае нікога абыякавым, хто туды патрапляе. І таму важна ведаць гісторыю, як яго ўдалося ўратаваць. Як не дапусцілі закрыцця, зноса касцёла.



Мы ведаем дзясяткі прыкладаў, калі ў пасляваенны час храмы нішчылі, у лепшым выпадку пад нешта абсталёўвалі. Калі б уявіць пад што маглі змяніць храм, то пэўна маглі б зрабіць якую пажарную каланчу, ці нешта падобнае, або проста знесці.

Тут гэтага вандалізму не адбылося. Як распавядае сучасны настаяцель касцёла, недзе на працягу 7 год ў савецкі час у святыні не было ксяндза.

І знайшлося на ўсе Ружаны каля 6 чалавек, якія самым актыўным чынам яго ратавалі. Пільнавалі днём і нават ноччу. Адна жанчына ездзіла часта ў Мінск і Маскву, пісала розныя лісты, каб касцёл не чапалі.



І храм не кранулі. Ён застаўся. На самай цэнтральнай плошчы мястэчка, на галоўным павароце гэтага паселішча.

І цяпер яго можна наведаць, калі бываеце ў Ружанах. А паглядзець у старым мястэчку ёсць што! І гэта не толькі палацавы комплекс, але прыгожыя помнікі са святынямі розных канфесій.

У Евангеллі ад Лукі ёсць такія радкі: "Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства" (Лукі глава 12, верш 32). Знайшліся ў Ружанах людзі, якія не збаяліся. Іх было няшмат, але яны збераглі нам шыкоўны помнік. Скажам дзякуй гэтым людзям, калі наступны раз праедзем той дарогай.