Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Першае знаёмства дзяцей з адным з сімвалаў Брэста — Радзівілаўскай Бібліяй

7  Октября 2019 г.  в 15:04 : Музыка, кино, музеи, выставки

6 кастрычніка 2019 г. у аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага маладому пакаленню 1000-гадовага горада было прэзентавана ўнікальнае факсімільнае выданне сусветна вядомай Берасцейскай Бібліі. Берасцейская (альбо Радзівілаўская) Біблія, выдадзеная ў эпоху Адраджэння па заказе канцлера ВКЛ і берасцейскага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага, з’яўляецца адным з помнікаў беларускага кнігадрукавання XVI ст., сімвалам моцы, духоўнага багацця і высокай культуры нашых продкаў.

І сёлета, у юбілейны для Берасця год, Берасцейская Біблія вярнулася на сваю тэрыторыю, з якой яна і пачала сваё вяртанне ў Брэст, — Брэсцкую абласную бібліятэку — у 2 экз. каштоўных факсіміле (дакладная копія арыгінала). І вось, гістарычны і сімвалічны момант: менавіта ў Брэсце адбылося першае знаёмства дзяцей з сівой даўніной, з гісторыяй нашага горада, з адным з сімвалаў Брэста — Радзівілаўскай Бібліяй.

Прэзентавалі фаліянт намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кнігазнавец і культуролаг, эксперт па Берасцейскай Бібліі Алесь Суша і аўтар праекта НББ «У госці да кніг», загадчык сектара навукова-праектнай работы Таццяна Сапега. Агромністы прыгожы фаліянт у скураной вокладцы вагой 15 кг выклікаў захапленне ў прысутных.

Дзеці з дапамогай «машыны часу» апынуліся ў Берасці XVI ст., даведаліся пра гісторыю кнігі, яе асаблівасці і адкрыцці. Вельмі незвычайным здалося, што асаблівую цікавасць у даследчыкаў выклікаюць паметкі і надпісы, зробленыя ў кнігах. Гэта загадкі, якія трэба разгадаць. А часам кнігі пашкоджваліся насякомымі і грызунамі, калі іх няправільна захоўвалі. Усё гэта — гісторыя кнігі, і яна знайшла сваё адлюстраванне ў факсіміле. Усе жадаючыя змаглі пагартаць старонкі, паспрабаваць прачытаць і зашчыпнуць замочкі. Падняць кнігу здолеў далёка не кожны!

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Напрыканцы ўсіх чакала творчае заданне — афармленне тытульнага аркуша. Радзівілаўская Біблія — сапраўдны прадмет мастацтва і раскошы, у якім захавалася шматвяковая мудрасць і таленавітасць нашых продкаў. Без ведання сваёй гісторыі мы не маем права на будучыню. Дзякуем Алесю Аляксандравічу Сушу і Таццяне Андрэеўне Сапега за магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй, дакрануцца да яе, каб смела ствараць шчаслівую будучыню. Факсіміле Берасцейскай Бібліі можна ўбачыць у сектары рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

Міхайлава Вікторыя Аляксандраўна,

заг. аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва