На прыёме ў Мікалая Радзівіла Чорнага: адбылася чарговая сустрэча "Берасцейскага клубу"

14  Апреля 2019 г.  в 22:26 : История города Бреста

13 красавіка 2019 года адбылася чарговая сустрэча аматараў гісторыі роднага горада. На гэты раз уздзельнікі “Берасцейскага клубу” апынуліся на прыёме ў канцлера Вялікага Княства Літоўскага і берасцейскага старасты Мікалая Радзівіла Чорнага. Усіх завітаўшых да пана канцлера сустракалі апранутыя ў прыгожыя сярэднявечныя строі юнакі і дзяўчаты, а герольд пры ўваходзе голасна абвяшчаў імя запрошанага і з якого ён роду.

На прыёме ў Мікалая Радзівіла Чорнага: адбылася чарговая сустрэча "Берасцейскага клубу"

Упрыгожаная заля, накрытыя сталы і найлепшыя музыкі – усё гэта быццам бы перанесла нас у эпоху Вялікага Княства Літоўскага. А дзякуючы тэатралізаванаму дзеянню, мы апынуліся ў старажытным Берасці XVI стагоддзя.

На прыёме ў Мікалая Радзівіла Чорнага: адбылася чарговая сустрэча "Берасцейскага клубу"

Так з размовы пані Кацярыны – жонкі гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога, і пані Тэадоры – жонкі пана Астафея Валовіча, падканцлера вялікага літоўскага, мы даведаліся якія змены адбыліся ў Берасці ў 1553 годзе. Аб жыцці пана Радзівіла Чорнага, аб тых падзеях, якія прывялі яго да Бога і ўсведамлення неабходнасці надрукавання Слова Божага на мове, якую зразумее просты чалавек.

З падрабязнасцямі біяграфіі Мікалая Радзівіла Чорнага нас пазнаёміл загадчык аддзела гісторыі Новага часу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрусь Унучак.

Аб новай Берасцейскай друкарне, што заснавана Мікалаем Радзівілам Чорным ў 1553 годзе, нам распавёў сам пан Цыпрыян Базілік (адзін з верагодных друкароў Брэсцкай Бібліі). Менавіта заснаванне друкарні паслужыла штуршком да развіцця кнігадрукавання (даволі хутка на тэрыторыі Беларусі з'явілася яшчэ пяць друкарняў) і таго, што Берасце стала цэнтрам духоўнага адраджэння і сапраўдным рэфармацыйным цэнтрам. Спачатку выдаецца “Катэхізіс веры Эвангельскай”, «Артыкулы права магдэбургскага», «Песні славы Божай», а ў 1563 годзе друкуецца Берасцейская Біблія, якая змяшчае поўны тэкст Святога пісання на польскай літаратурнай мове XVI стагоддзя. Пераклад быў зроблены з арыгінальных моў: іўрыта і грэцкай мовы.

Цікава, што ад месца выдання гэтая Біблія атрымала назву Берасцейская, паводле месца выканання перакладу – Пі́ньчаўская, а поводле фундатара – Радзівілаўская.

У Брэсцкай Бібліі ўпершыню пасля французскага перакладу Бібліі Рабэрта Стэфануса выкарыстаны падзел біблійнага тэксту на нумараваныя вершы.

Вялікая па памерах і вазе кніга мела гравіраваны тытульны аркуш. Тэкст суправаджаўся прыгожымі маляванымі першымі літарамі (ініцыяламі) і мноствам выяваў на біблійныя тэмы. Усяго Біблія налічвала 738 старонак, на якіх тэкст дзяліўся ў дзве калонкі.

На першым аркушы змешчаны герб Радзівілаў, пасля ліст-прысвячэнне Мікалая Радзівіла вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Аўгусту, прадмова князя. Для зручнасці чытачоў Біблія ўтрымлівала табліцу з планам чытання Святога Пісання на кожны дзень на працягу года і прадметны паказальнік з індэксам больш чым 1400 біблійных назваў.

Тэксты з гэтага выдання неаднаразова перадрукоўваліся. Новы Запавет перавыдаваўся ў Нясвіжы (1563 і 1568 гг.), Берасці (1566 г.), Вільні (1593 г.) і Нюрнбергу (1599 г.), Псальмы – Берасце (1564 г.), Эвангелля і Дзеі – Берасце (1566 г.)

Дзякуючы дзейнасці Мікалая Радзівіла Чорнага ВКЛ становіцца краінай Рэфармацыі. Як канцлер ён праводзіць фінансавую рэформу, займаецца падрыхтоўкай новай рэдакцыі Статута ВКЛ. Адукацыя выходзіць за межы манастырскіх муроў, каб людзі маглі чытаць Біблію, яны павінны умець чытаць. Будуюцца зборы, і, у першую чаргу, адчыняюцца пачатковыя школы пры новаўтвораных цэрквах. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным разам з царквою, у канцы ХVІ ст. прэтэндавала на статус акадэміі. Пасля смерці Радзівіла Чорнага ў 1565 годзе яго працу працягвае яго брат Мікалай Радзівіл Руды.

На жаль час сустрэчы быў абмежаваны. На заканчэнне пані Кацярына і пані Тэадора прапанавалі пагуляць ў “Праўду ці плётку”, за што шчыра узнагародзілі ўсіх ўдзельнікаў. І нагадалі аб тым, што 13 ліпеня 2019 года плануецца правядзенне экскурсіі “Брэст – горад Бібліі”. Запрашаюцца ўсе неабыякавыя да гісторыі свайго горада.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Асаблівую падзяку за арганізацыю і правядзенне гэтага цудоўнага мерапрыемства хочацца выказаць мінскім сябрам: загадчыку аддзела гісторыі Новага часу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрусю Унучаку, музычнаму калектыву пад кіраўніцтвам Алёны Сітнік і аматарскаму тэатру пад кіраўніцтвам Наталлі Бачышчы.