Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Брэсцкі гісторык падключыў матэматыку, каб вызначыць, дзе знаходзілася заснаваная канцлерам ВКЛ друкарня

6  Января 2018 г.  в 16:56 : История города Бреста

Напрыканцы мiнулага года гарадскія ўлады прэзентавалі жыхарам Брэста выдатны падарунак. Устанавілі памятны знак Брэсцкай Бібліі. З сярэдзіны снежня бронзавы помнік асветніцтву вітае чытачоў абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага, таму што размясціўся дакладна на шляху да храма навукі. Месца выбрана добрае: знак натхняе нас на новыя інтэлектуальныя подзвігі. Але хто з брэсцкіх аматараў кнігі ведае, дзе дакладна ў Брэсце была надрукавана Біблія? Прафесар, гісторык і краязнавец Анатоль Гладышчук выкарыстаў матэматыку і камп’ютар, каб вызначыць геаграфічны пункт размяшчэння заснаванай канцлерам ВКЛ друкарні.

Брэсцкі гісторык падключыў матэматыку, каб вызначыць, дзе знаходзілася заснаваная канцлерам ВКЛ друкарня
Збіраем факты

Перш за ўсё трэба сказать, што Брэсцкая, або Радзівілаўская, Біблія з’явілася на свет у Бярэсці ў 1563 годзе. Вядома, што друкарня была заснавана канцлерам ВКЛ і берасцейскім старастам Мікалаем Радзівілам Чорным 11 гадамі раней. Таксама вядома, што берасцейскімі друкарамі ў розны час былі Бярнард Ваявудка, Станіслаў Мурмеліус і Цыпрыян Базылік. 

— Але менавіта на перыяд працы «невядомага друкара» прыходзіцца выданне шэдэўра берасцейскай друкарні Брэсцкай Бібліі, — звяртае ўвагу Анатоль Гладышчук. — Гэта было самае вялікае па аб’ёме друкаванае выданне ў ВКЛ на той час, якое «не тое што насіць — вазіць цяжкавата». Так з’едліва сказаў пра гэты фаліянт Сымон Будны. 

Сапраўды, цяжкім выданне Радзівілаўскай Бібліі рабілі ўпрыгажэнні — высокамастацкія гравюры-ілюстрацыі, выкананыя таксама невядомым майстрам. 

Дык у якім месцы магла знаходзіцца друкарня?

Арыентацыя на мясцовасці

Напрамак у нашым гістарычным «навігатары» задае апісанне Берасцейскага стараства. Каралеўскія рэвізоры Іван і Дзмітрый Сапегі ў гэтай крыніцы паміж іншым згадалі друкарню, месца лакалізацыі — «первая полать ринку». Анатоль Гладышчук поўны аптымізму:

— Вызначыць месца Рыначнай плошчы ў старажытным Бярэсці не з’яўлялася праблемай, таму што яно добра вядома па старажытных мапах, а вось тэрмін «полать» патрабаваў нейкіх намаганняў у яго тлумачэнні. Па слоўніках прыйшоў да меркавання, што слова «полать» можна разумець, як бок вуліцы. У нашым кантэксце — як бакі Рыначнай плошчы. 

Такім чынам, адна са старэйшых плошчаў 1000-гадовага горада, згодна са старажытным планам, з’яўлялася няправільным чатырохвугольнікам, які быў скіраваны сваёй доўгай стараной уздоўж Мухаўца пры яго зліцці з Бугам.

Брэсцкі гісторык падключыў матэматыку, каб вызначыць, дзе знаходзілася заснаваная канцлерам ВКЛ друкарня
Старажытны план горада.

Давайце ў думках спынімся прыкладна ў цэнтры былой Рыначнай плошчы. Тварам — да сённяшняй Свята-Мікалаеўскай царквы. Спінай — адпаведна да кругавой казармы крэпасці. Калі мы нічога не зблыталі, то «первая полать ринку» павінна быць па правую руку ў бок Холмскай брамы крэпасці, а «другая полать ринку» — па левую руку ў бок Цярэспальскай брамы. Анатоль Гладышчук знайшоў пацвярджэнне апісанай расстаноўцы бакоў Рыначнай плошчы ў старых планах Бярэсця ў дакументах, якія захаваліся:

— Калі ўсе прыведзеныя вышэй меркаванні звесці да аднаго назоўніка і сумясціць маштабы планаў старажытнага Бярэсця са здымкам картаграфічнага сэрвісу Google, атрымліваем, што першая «полать» старажытнага рынку магла знаходзіцца ў месцы, на якім сёння расце купка высаджаных ялінак. Гэтае папярэдняе меркаванне патрабуе ўдакладнення.

Прыйшоў час геаметрычных пошукаў і матэматычных маніпуляцый. Анатоль Антонавіч пагружаецца ў арыфметычныя разлікі. І вось у нас ёсць канкрэтныя лічбы. Яны паказваюць, што суадносіны ў маштабным вымярэнні адлегласці паміж дамінантамі Берасцейскага замка — вежай «яко Каменецкай» і «Зекгаравай вежай» — супадаюць з даўжынёй паўночнага боку замка (насупраць Рыначнай плошчы) на ўсіх пазнейшых планах Бярэсця. Гэта дае нечаканы вынік: даўжыня самага доўгага боку Рыначнай плошчы ад замка магла складаць прыкладна 110 метраў. Адсюль прыкідваем памеры шырыні іншых бакоў, памятаючы, што друкарня знаходзілася пасярэдзіне першай «полати». Такім чынам, на тапаграфічным плане сённяшняй крэпасці прыкладнае месца магчымага знаходжання Берасцейскай друкарні, пазначанай у апісанні 1566 года, выпадае на тую самую купку ялінак, аб якіх згадвалася раней.

— Безумоўна, канчатковы адказ дадуць толькі археалагічныя пошукі, — вяртае ў рэальнасць краязнавец. 

Намеснік дырэктара абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага па навуковай працы Ала Мяснянкіна з гонарам расказвае пра Брэсцкую Біблію: 

— Брэсцкая Біблія — шэдэўр сусветнага кнігадрукавання. Выданне складаецца з 738 старонак, тэкст размешчаны ў дзве калонкі па 58 радкоў у кожным. Зараз у свеце вядомы 130 асобнікаў у розных афіцыйных кнігасховішчах. Дзякуючы фінансавай падтрымцы аблвыканкама сёння мы маем каля 200 аўтэнтычных старонак выдання. Лічу, што Брэсцкая Біблія з’яўляецца адным з чатырох знакаў горада нароўні з Брэсцкай крэпасцю, Брэсцкай уніяй і Брэсцкім мірам.

Брэсцкі гісторык падключыў матэматыку, каб вызначыць, дзе знаходзілася заснаваная канцлерам ВКЛ друкарня

ПАЗІЦЫЯ

Аляксандр РАГАЧУК, cтаршыня Брэсцкага гарвыканкама:

— Я трымаў у руках поўнае выданне Бібліі, якое знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.

Гэта асаблівыя энергетыка і эмоцыі. У ходзе падрыхтоўкі да тысячагоддзя Брэста мы вядзём складаны перагаворны працэс, каб гэта рарытэтнае выданне вярнулася да нас у Брэст. І гэта толькі пачатак вялікага працэсу па ўзнаўленні нашай гісторыі, па захаванні гістарычнай памяці.

Упэўнены, што гэтая праца будзе працягвацца.

Источник: Рэспублiка
Автор: Анна ПЕТРОЧЕНКО