Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Пасляслоўе да святкавання юбілею Якуба Коласа. Каласавіны ў Люсіне

12  Ноября 2017 г.  в 19:44 : Музыка, кино, музеи, выставки

Мясціны Якуба Коласа… славутага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтара знакамітых паэтычных шэдэўраў, які стаў сапраўдным народным песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі.

Пасляслоўе да святкавання юбілею Якуба Коласа. Каласавіны ў Люсіне

Колькі іх? Уся Беларусь. Але ёсць і адпраўныя кропкі, дзе ён дыхаў тамтэйшым паветрам і ўслухоўваўся ў тамтэйшыя гукі. Першая з іх – Акінчыцы. Яна стала мемарыялам у 1982 годзе. Тут наведвальнікам прадстаўлена нават калыска-зыбачка, у якой маці калыхала будучага вялікага паэта. У Якуба Коласа было 12 родных братоў і сясцёр. Таму калыску гайдалі ўвесь час. І не рукамі, а нагой дзякуючы спецыяльнаму прыстасаванню, бо рукі павінны былі быць свабоднымі для прадзення нітак.

Альбуць – наступная мемарыяльная сядзіба. Тут сям'я Міцкевічаў жыла з 1890 па 1904 год. У гэтым месцы прайшлі дзіцячыя гады пісьменніка, кажуць, што менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль ён паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды вяртаўся кожнае лета ўжо маладым настаўнікам. Менавіта Альбуць апісана ў яго паэме «Новая зямля» як Парэчча.

Пасляслоўе да святкавання юбілею Якуба Коласа. Каласавіны ў Люсіне

У 1990 годзе ў адноўленай сядзібе была адкрыта літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля». Выстава знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі і выданнямі розных гадоў, а таксама з прадметамі сялянскага побыту.

Смольня. У мемарыяльнай хаце ў гэтай вёсцы выстаўлены рэчы сям'і Міцкевічаў, якімі карыстаўся і сам паэт. Тут у жніўні 1912 года адбылася першая сустрэча Якуба Коласа і Янкі Купалы. Сюды прыязджаў пісьменнік вясной 1956 года, за некалькі месяцаў да смерці, каб паглядзець на Нёман і на краявіды, што знайшлі сваё адлюстраванне ў трылогіі «На ростанях» і ў паэме «Сымон-музыка».

Пасляслоўе да святкавання юбілею Якуба Коласа. Каласавіны ў Люсіне

Смольня стала мемарыяльнай сядзібай у 1967 годзе.

Ласток — месца, дзе Якуб Колас правёў свае раннія дзіцячыя гады. Тут знаходзіцца адзіны аўтэнтычны дом, дзе жыла сям'я пісьменніка і ён сам — ва ўсіх астатніх месцах дамы былі пераробленыя наноў. Гэтаму дому сёння ўжо больш за 130 гадоў.

На Берасцейшчыне мясцінамі Якуба Коласа з’яўляюцца вёска Пінкавічы, дзе таксама дзейнічае музей пісьменніка, г. Лунінец, дзе ўсталяваны помнік Песняру, і, канечне ж, вёска Люсіна – прытулак пісьменніка, а тады пачаткоўца-настаўніка, у нашым, Ганцавіцкім, раёне.

Люсіна. Тут паэт жыў і працаваў з 1902 па 1904 год. Гэта былі першыя гады спасціжэння ім педагагічнай справы пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Тут было і першае каханне. І першыя радкі аповесці “У палескай глушы”, якая стала першай часткай трылогіі “На ростанях”. Тут быў пачатак пісьменніцкага росквіту песняра.

3 лістапада, якраз у дзень нараджэння Якуба Коласа, Люсінская школа была перапоўнена эмоцыямі. Вялізная зала навучальнай установы ледзь змясціла ўсіх жадаючых пабываць на свяце. І ўсе, пачынаючы ад маленькага дзіцятка з яўнымі прыкметамі таленту да кіраўніка раёна, былі ахоплены светлым, узвышаным хваляваннем. А пачалася велічная феерыя своеасаблівым мітынгам каля мемарыяльнага комплексу на месцы, дзе ў свой час месцілася тая самая люсінская школка, у якой навучаў дзяцей малады Канстанцін Міцкевіч-Якуб Колас. Тут, каля вялізнага каменю з мемарыяльнай шыльдай, да прысутных, якія з’ехаліся з многіх куткоў раёна, звярнуўся з палымянай прамовай старшыня мясцовага сельвыканкама Вячаслаў Аляксандравіч Шкут. Выступілі дзеці. Яны ж, вучні мясцовай школы, правялі гасцей па музеі Якуба Коласа, які з 24 красавіка 1982 года дзейнічае ў Люсінскай дзіцячым садку-сярэдняй школе імя Якуба Коласа (дарэчы, досыць багатым на экспанаты), і падрабязна распавялі пра побыт местачкоўцаў тых часоў, у якія там жыў класік і карыстаўся шмат якімі даўно забытымі сучаснікамі прыладамі гаспадарання.

Галоўная ж дзея разгарнулася ў актавай зале навучальнай установы. Гэта была сапраўдная феерыя. Распачалася яна з дэманстрацыі тэлесюжэта пра Якуба Коласа з удзелам вядучага праграмы “Край” Брэсцкай тэлерадыёкампаніі Міколы Пракаповіча. Такі пачатак заваражыў, і ўжо на працягу ўсяго мерапрыемства пачуццё заварожанасці не пакідала яго ўдзельнікаў ні на хвілінку.

Адкрыў юбілейную ўрачыстасць кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў, які адзначыў неацэнную ролю пісьменніка і грамадскага дзеяча не толькі ў развіцці нацыянальнай літаратуры, але і ва ўмацаванні самой беларускай нацыі. Як і належыць у такіх выпадках, Уладзімір Уладзіміравіч падрыхтаваў да юбілею падарунак – уручыў дырэктару навучальнай установы Валянціне Зялёнка сертыфікат на набыццё тэлевізара. Прыгожа, натхнёна віншавалі люсінцаў і гасцей мерапрыемства Аляксандр Свірыд, былы дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, які прапанаваў зрабіць турыстычную сцяжынку да Целяшова дуба, Надзея Здрок, якая з хваляваннем распавядала, што ёй выпала шчасце нарадзіцца і расці ў Люсіна, стасавацца з тымі старэйшымі аднавяскоўцамі, якія не проста ведалі асабіста маладога тады настаўніка Канстанціна Міцкевіча і пачынаючага пісьменніка Якуба Коласа, але і сябравалі з ім.

Свае вершы прадэкламавалі са сцэны пераможцы раённага конкурсу літаратурнага і дэкаратыўна-прыкладнога дзіцяча-юнацкага мастацтва "Нас слова паэта да творчасці кліча" Ягор Муха, Валерыя Пятліцкая, Дана Ільіна, Вера Амельяновіч, Юлія Дулік, Аліна Шкут. А як хораша спявалі самадзейныя артысты! Асабліва кранулі сэрца песня “Мой родны кут” у выкананні кіраўніка хора ветэранаў гарадскога Дома культуры Ніны Сурынт, песні маленькіх выканаўцаў РЦДЮТ Кацярыны Ісаевай і Ульяны Муха, сцэнічная мініяцюра па матывах паэмы “Сымон-музыка”, народная песня ў выкананні мясцовага гурта Дубравушка, песні на словы Міхася Рудкоўскага, радзімай якога з’яўляецца вёска Востраў, у выкананні народнага ансамбля народнай песні “Запавет” ГДК.

Адчуванне, нібыта трапіў у добрую і светлую казку, не пакідала ад першай да апошняй хвіліны мілых люсінскіх каласавін. Аўтар гэтых слоў таксама ў гэтай казцы быў, мёд салодкіх слоў, песняў, музыкі дзівоснай піў, які бальзамам расцякаўся па сэрцы, і нават павіншаваў ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі ў цэлым і Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ ўсіх прысутных у зале – прасветленых і прыгожых, з велічным святам-юбілеем.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Няма абсалютна ніякага сумнення ў тым, што ўрачыстасці такога кшталту спрыяюць захаванню, развіццю і папулярызацыі нацыянальнай культуры, умацаванню еднасці грамадства і ўслаўленню новых яркіх літаратурных талентаў.

Автор: Анатоль КРЭЙДЗІЧ