Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Служба в резерве... Рассказ про жизнь "в сапогах"

22  Января 2015 г.  в 09:58 : Виртуальная экскурсия

Ці хацелася мне ісці ў армію? Думаю, не шмат знойдзецца хлопцаў прызыўнога ўзросту, якія б адказалі на гэтае пытанне станоўча. Так і я з сумам падлічваў страчаныя магчымасці за той перыяд, што давядзецца праслужыць у рэзерве, думаў пра лішнія выпрабаванні, без якіх можна было б і пражыць. А яшчэ было крыху страшна, бо не ведаў, чаго чакаць ад жыцця «ў ботах».

Image00318

Першы тыдзень

Гэты перыяд запомніўся асабліва яскрава. У лістападзе прыйшла павестка з ваенкамата. Высветлілася, што служыць давядзецца ў вайсковай часці 11-й механізаванай брыгады.

Image00314

У Слонім прывезлі нас позна вечарам, і на першым пастраенні намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце расказаў аб нашых новых абавязках. І адразу першае, самае “страшэннае” выпрабаванне: загадалі здаць усе мабільныя тэлефоны! Прызнаюся, што першы тыдзень адчуваў сапраўдную «ломку». У кішэні няма звыклага адчування мабільніка, няма магчымасці тэлефанаваць у любы момант, карыстацца інтэрнэтам. Практычна кожны з нас перажываў гэтак жа. А потым раптам прывык: аказваецца, канец свету не наступіў, а навокал і без інтэрнэту хапала ўражанняў.

Image00319

Другое выпрабаванне — распарадак дня. Уявіце сабе, што ўставаць кожны ранак прыходзілася ў шэсць гадзін, а адбой — у 22.00. Зразумела, што спачатку так рана класціся спаць было вельмі цяжка, бо дома можна было пасядзець за камп’ютарам і да гадзіны ночы.

Трэцяе выпрабаванне — стрыжка «пад нуль». Мне падабалася мая прычоска, за якой я заўсёды пільна сачыў. А тут састрыглі ўсё пад корань. Хаця потым зразумеў правільнасць гэтага, асабліва ранкам, калі дарагая кожная секунда для сну. І траціць гэты каштоўны час яшчэ на прычэсванне?!

Image00377

Увогуле першы дзень службы запомніўся самымі яркімі ўражаннямі. Першую ноч мала хто спаў, бо адрэналіну ва ўсіх у крыві было столькі, што ніякі сон не прыходзіў. А ранак пачаўся з мітусні: атрыманне формы, абавязковае наведванне салдацкай лазні, знаёмства са службай… Самым прыемным у гэты дзень было наведванне сталоўкі. Забягаючы наперад скажу, што ўвесь час у службе ў рэзерве кармілі, як кажуць, «ад пуза». Давалі больш, чым прывык з’ядаць дома, асабліва на абед. Заўсёды на салдацкім стале былі рыба, курыца, свініна. Але ўсё за дзень некуды дзявалася, калорыі спальваліся хутка, так што бакоў нарасціць у арміі немагчыма. Па заканчэнні першага тыдня арганізм прыйшоў у норму, і часцяком талеркі аддавалі не поўнасцю чыстымі.

Image00398

А яшчэ запомніўся гэты дзень формай, якую давялося апрануць. Так, яна была новенькай, але дома прывык насіць тое, што лічыў зручным, а тут — тое, што патрабуе армейскі статут. Цяжка было прывыкнуць да неразношаных берцаў: адразу набіў мазалі, хацелася папрасіць боты на памер большыя.

Каб служба мёдам не была

Image00401

Армія — не санаторый, але па-сапраўднаму цяжкімі аказаліся толькі першыя дні. Потым было значна лягчэй, нават увайшоў «у смак». Асабліва нам пашчасціла з узводным: капітан Барыс Сяргеевіч Трыфанаў стаў для нас сапраўдным старшым таварышам. Хаця пасля першага знаёмства многія з нас пра яго вырашылі — «жорсткі дзядзька». Толькі потым мы зразумелі, што ён хацеў нас хутчэй навучыць усім прамудрасцям. І шчыра прызнаюся, што многае яму ўдалося.

Image00406

Кожны дзень быў распісаны для нас па мінутах, але непатрэбных задач, як гэта можна пабачыць у серыяле «Салдаты», накшталт закопвання акуркаў, фарбавання газонаў і т.п., не было. Толькі самае неабходнае: страявая, агнявая і тактычная падрыхтоўка, тэарэтычныя веды, вывучэнне статутаў. Нават прабежак на марафонскія дыстанцыі не праводзілі. А вось прыёмы рукапашнага бою, тактыка абароны выкапаных акопаў або захопу стратэгічных вышынь — усё гэта адпрацоўвалася пастаянна. Прычым, нягледзячы на ўмовы надвор’я, нават у дождж вучыліся поўзаць па-пластунску і пераадольвалі паласу перашкод на па-лігоне. Бывалі на стрэльбах, знаёміліся з аўтаматычнай зброяй і амуніцыяй. Часцей, праўда, аўтаматы мы чысцілі, чым стралялі з іх. І пазнавалі жыццёвую навуку салдата: выглядаць заўсёды прыстойна, сачыць за адзеннем, дапамагаць таварышам.

Image00735

Відавочна, што вольнага часу амаль не было, толькі ў выхадныя ўдавалася звязацца з сям’ёй, заняцца нечым па душы. Хаця апошняе зноў было звязана са службай, бо не хацелася атрымліваць нарады па-за чаргой. Аднак не ўсім удавалася пазбягаць гэтага: не паспяваў за строга вызначаным распарадкам, іншыя не прывыклі так адносіцца да знешняга выгляду, а хтосьці ўвогуле блытаў вайсковыя званні.

Image00547

Школа сяброўства

Напэўна, гэта адзін з важных момантаў, якімі мне спадабалася служба. Разам са мной ва ўзвод трапіў і мой зямляк — Паша Несцяровіч са Стараволі: хаця мы да арміі не ведалі адзін аднаго, але ж сталі сябрамі. Шмат сяброў займеў і з іншых гарадоў Беларусі — Лунінца, Баранавічаў і г.д. Скажаце, мала часу мінула? Гэта не так, бо ў арміі час ідзе зусім інакш, напрыклад, калі вярнуўся дадому, то падалося, што адсутнічаў цэлы год.

Павел Нестерович 3

Даведаўся і пра салдацкія традыцыі. Я не пра пасвячэнне ў «духі» або «дзяды», бо на службе ў рэзерве ў нашым узводзе былі хлопцы розных узростаў — ад 18 да 27 гадоў, некаторыя паспелі ўжо абзавесціся сем’ямі. Ці зможа 18-гадовы сяржант стаць «дзедам» для чалавека больш сталага, карміцеля сям’і? Ды і з сяржантамі нам таксама пашанцавала: пастаянна дапамагалі нам вырашаць усе пытанні, падтрымлівалі, нават прыкрывалі навічкоў.

Image00514

Цяпер існуюць зусім іншыя традыцыі. Напрыклад, перад адпраўкай дадому ў нашага саслужыўца Максіма Курыловіча быў дзень нараджэння. У якасці падарункаў кожны з узвода ў гэты дзень аддаў яму частку свайго пайкавога масла. Атрымалася прыкладна каля кілаграма, які ён павінен быў з’есці. Калі ж гэта не ўдавалася (а такі подзвіг ніхто не змог здзейсніць), то жартавалі, што масла перакладзем у шапку, якую ён павінен насіць. 

Image00482

Развітанне мне падалося самым сумным момантам. Раз’язджацца і хацелася, і не. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў і сфатаграфаваліся разам. А летам сустрэнемся зноў!

Image00486

Калі вяртацца да пачатку маёй справаздачы, то зараз шчыра прызнаюся, што страху перад арміяй не засталося. А вось упэўненасць у сваіх сілах адчуў, бо я ж выконваю свой мужчынскі абавязак. У дадатак мы атрымлівалі і шэраг вайсковых спецыяльнасцей. На наступных зборах падрыхтоўка будзе больш дакладнай, што потым можа і спатрэбіцца ў цывільным жыцці.

На здымках: з баявой зброяй; «умоўнаму параненаму» даводзілася аказваць сапраўдную дапамогу; старавольскі хлопец Павел Несцяровіч; цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі.

Источник: Раённыя будні
Автор: Сяргей Талашкевіч