Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Верусі ад Ежы. Гісторыя кахання ў паштоўках

25  Июля 2013 г.  в 19:49 : Музыка, кино, музеи, выставки

Ён шле ёй паштоўкі з розных канцоў свету. Яна іх старанна зберагае і пасля перадае ў спадчыну праўнуку. Праўнук робіць з гэтых паштовак публічную выставу “…Твой Ежы”.

Верусі ад Ежы. Гісторыя кахання ў паштоўках

Ён і яна

Ён быў флейтыстам. Яго імя стала досыць вядомым у суседняй Польшчы, чыю культуру ён не толькі прыняў, але і праславіў. Аднак беларускае прозвішча Ежы Гаўрылюка нагадвае таксама пра яго берасцейскія карані. Тут ён нарадзіўся на пачатку XX стагоддзя і адсюль з’ехаў у перадваенную Варшаву.

Яна на той момант ужо была ягонай жонкай і, натуральна, з’ехала разам з ім, пакінуўшы родны Камянец у краіне Саветаў. “Каханая Вяруся” – так пяшчотна называе жонку Ежы Гаўрылюк у сваіх паштоўках.

Самі паштоўкі накопліваліся ў яе дзякуючы раз’язному характару яго прафесіі. Краіны розных кантынентаў ён наведваў падчас гастрольных тураў польскага аркестра Нацыянальнай філармоніі, праца ў якім і прынесла яму вядомасць. З дапамогай кароткіх пасланняў з новага месца, напісаных, як правіла, адразу пасля прыбыцця, Ежы хацеў супакоіць жонку сваім паспяховым падарожжам, а таксама ўпрыгожыць яе доўгае чаканне. Гледзячы на фотаграфічныя краявіды Вера магла віртуальна падарожнічаць разам з дарагім мужам: “Каханая Вяруська! Я натхнёны перапіскай з табой, ты сабе не ўяўляеш, як было б цудоўна, калі б мы разам правялі адпачынак. Уяві сабе, што аднаму вельмі сумна, і няма той чароўнасці, нягледзячы на тое, што тут так цудоўна і хораша”.

Розны па змесце, але аднолькава цёплы тэкст прасутнічае на ўсіх 49 паштоўках. На штэмпелях – даты 1940-1970-х гадоў.

“…твой Ежы”

Пасля смерці Веры Гаўрылюк у 2010 годзе (за тры гады да стагоддзя) калекцыю паштовак у спадчыну атрымаў яе праўнук Ігар Паўлаў. Ён прыдумаў больш вартае выкарыстанне сямейнага скарбу, чым простае збераганне яго ў шафе, і прапанаваў берасцейцам цэлы выставачны праект.

Галоўная падзея праекта – натуральна, выстава паштовак, вакол якой гуртуюцца спадарожныя мерапрыемствы. Гэта майстар-клас па стварэнні паштовак у тэхніцы скрапбукінг, пешая прагулка па Брэсце мінулага стагоддзя, паказ кароткаметражных польскіх фільмаў, а таксама семінар, прысвечаны псіхалагічнаму сямейнаму дрэву. Уся праграма праекта ўмяшчаецца ў двухтыднёвы тэрмін з 17 ліпеня па 1 жніўня – час правядзення выставы “…Твой Ежы” ў гатэлі “Эрмітаж”.

Вернісаж таксама аказаўся шматвектарным і насычаным. Публіка аднолькава ахвотна адгукалася на прапановы проста з выставачнай залы адправіць паштоўку ці зрабіць рэтра-здымак на памяць. Знаўцы рускай класікі знайшлі прымяненне сваёй эрудаванасці ў паэтычным конкурсе.

Ігар Паўлаў гаворыць, што свядома не хацеў выпячваць “сямейнасць” праекта. Яго мэта як каардынатара – паказаць прыгожую гісторыю кахання на рарытэтных паштоўках, стварыць каларыт той эпохі, не робячы акцэнта на сваім радстве з Ежы Гаўрылюком. Таму нават прысутная на вернісажы яго бабуля, дачка Веры і Ежы, не была прадстаўленая публіцы.

Яны

Ён памёр нашмат раней, пакінуўшы яе адну ў гэтым свеце яшчэ на 34 гады. Уяўляецца, што яна не раз даставала паштоўкі з Канады, Расіі, Кітая і перачытвала знаёмы почырк мужа.

“Каханая Вяруська! …Твой Ежы”.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Источник информации: Автор: Іна ХОМІЧ, Брестский Курьер