Выставачны праект «Біблія на Берасцейшчыне» пачне працу у бібліятэцы імя М. Горкага

10  Сентября 2021 г.  в 13:09 : Музыка, кино, музеи, выставки

З 22 верасня па 24 кастрычніка 2021 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага пачне працу маштабны выставачны праект «Біблія на Берасцейшчыне», мэта якога — знаёмства грамадскасці з багатай кніжнай спадчынай, прадстаўленай рэдкімі і каштоўнымі выданнямі духоўнай літаратуры. Выстава наглядна адлюстроўвае гісторыю Бібліі ад ранніх рукапісаў да сучасных выданняў у кантэксце агульнай і рэгіянальнай гісторыі, бо менавіта з Бібліі пачынаецца кніжнасць на землях Беларусі і Брэстчыны.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае арыгінальны фрагмент Брэсцкай Бібліі 1563 г., а таксама розныя варыянты перавыданняў, якія захоўваюцца ў фондзе бібліятэкі. Шырока прадстаўлены самыя вядомыя пераклады біблейскіх тэкстаў на беларускую мову, зробленыя святарамі розных рэлігійных канфесій.

Частка экспазіцыі прысвечана выданням вядомых асветнікаў і перакладчыкаў Бібліі на беларускую мову, якія маюць дачыненне да Брэстчыны: Лукі Дзекуця-Малея, Анатоля Клышкі, Васіля Сёмухі, Фёдара Клімчука, Сяргея Гардуна і інш.

Запрашаем жыхароў і гасцей горада, школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў на аглядныя экскурсіі, выставу з інтэрактыўнай зонай. У наведвальнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з працай друкарскага станка і зрабіць копію тытульнага ліста Брэсцкай Бібліі 1563 г.

Чакаем вас па адрасе: г. Брэст, б-р Касманаўтаў, 48 штодня з 11:00 да 18:00, акрамя пятніцы.

Папярэдні запіс на групавыя экскурсіі па тэл.: +375 29 796 20 39 (МТС), +375 162 57 48 76