Больш за 200 подпісаў было адпраўлена за правядзенне канцэрта Змітра Вайцюшкевіча ў Брэсце. Подпісы з просьбай правесці канцэрт у Брэсце накіраваны міністру культуры Рэспублікі Беларусь Паўлу Латушку.
Па словах ініцыятара збору подпісаў Іны Хоміч, ліст – доказ таму, што ў Брэсце Змітра Вайцюшкевіча чакаюць:
– Цяжка казаць пра нейкія спадзяванні ў гэтай сітуацыі, але мы спадзяемся, што нам адкажуць, патлумачаць прычыны, чаму не адбыўся канцэрт. Ліст дасць пэўны штуршок для таго, каб гэты спявак – Зміцер Вайцюшкевіч, з’явіўся ў Брэсце перад шырокай публікай, якая яго тут чакае.
Яшчэ на пачатку сакавіка канцэрт Змітра Вайцюшкевіча ў Брэсцкім лялечным тэатры быў нечакана і без тлумачэнняў адменены, нягледзячы на тое, што яго правядзенне было цалкам узгоднена з мясцовымі ўладамі.