Подробно рассказываем об очередном продлении срока действия справок и иных документов

13  Июля 2021 г.  в 16:36 : Разное: обо всём понемногу

Трэцяя хваля працягнення дзеяння афіцыйных папер і даведак у Беларусі разлічана на паўгода і датычыцца дакументаў, тэрмін якіх скончыўся з 10 лістапада 2020-га да 10 лістапада 2021-га. Аднак калі ўладальнік пратэрмінаванай паперы ўжо скарыстаўся правам на яе «другое жыццё», то працягнуць тэрмін дзеяння яшчэ раз ужо будзе нельга — прыйдзецца пераафармляць. Пра акалічнасці і магчымасці чарговага працягнення дзеяння дакументаў расказала намеснік начальніка ўпраўлення прававога рэгулявання канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Марына МЕЛЬНІКАВА.

Фота аўтара.

Падоўжыць сапраўднасць можна толькі раз

Нагадаем, што першы раз працягненне на тры месяцы тэрміну дзеяння пераліку з 380 дакументаў, якія сталі несапраўдныя ў перыяд з 30 красавіка да 31 ліпеня 2020 года, адбылося летась у маі. Лістападаўскі ўказ 2020-га датычыўся дакументаў, якія станавіліся несапраўднымі з 10 лістапада 2020-га да 10 мая 2021-га. «Жыццё» 351 адміністрацыйнай працэдуры для грамадзян і юрыдычных асоб ды індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), а таксама 12 найменняў дакументаў, выдадзеных фізічным, юрыдычным асобам і ІП, працягвалася ўжо на паўгода. Майскі ўказ 2021-га робіць жыццяздольным 361 дакумент, тэрмін якіх скончыўся ці завяршаецца ў час з 10 лістапада 2020-га да 10 лістапада 2021-га.

— Важна памятаць, што тэрмін дзеяння дакументаў у трэці раз падаўжаецца аднаразова, — падкрэсліла Марына Мельнікава. — Калі, напрыклад, тэрмін дзеяння даведкі скончыўся 15 красавіка 2021-га, яна будзе сапраўдная яшчэ шэсць месяцаў — да 15 кастрычніка. Аднак яшчэ раз працягнуць дзейснасць гэтай даведкі ўжо будзе нельга, хоць яна і будзе канчацца ў абазначаны ў апошнім указе тэрмін, бо паўторнае прадаўжэнне дзеяння дакумента законам не прадугледжана. Уладальнік такога дакумента павінен будзе звярацца ў кампетэнтны орган па выдачу новай паперы.

Дванаццаць — дадалі, два — прыбралі

У другі раз змяненні ў пералік дакументаў, сапраўднасць якіх прадаўжалася на паўгода, былі скіраваны на найбольш запатрабаваныя ў насельніцтва паперы (пашпарт, пасведчанне кіроўцы, даведка пра стан здароўя, шэраг дазвольнай дакументацыі для суб’ектаў гаспадарання).

— Новы пералік дапоўнены 12 дакументамі, якія выдаюцца суб’ектам гаспадарання, па пытаннях прамысловай і пажарнай бяспекі. А два дакументы з пераліку выключаны, таму што заканадаўствам больш не прадугледжана іх атрыманне. Гэта выдача выпіскі з Адзінага рэестра дзяржаўнай маёмасці аб уліку (адсутнасці) нерухомай маёмасці ў дадзеным рэестры. А таксама выдача дубліката пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку, — удакладніла прадстаўніца Мінюста.

Поўны пералік папер, тэрмін дзеяння якіх падоўжаны, можна пабачыць у актуалізаванай пастанове Саўміна ад 2 снежня 2020 г. № 687 «Аб дакументах, тэрмін дзеяння па якіх працягваецца», што змешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by. Калі чалавека цікавіць канкрэтны дакумент, то ён можа звярнуцца ў дзяржорган ці арганізацыю, што адказвае за яго выдачу.

Загадзя ці ў апошні дзень

Час дзеяння афіцыйных папер, тэрмін сапраўднасці якіх завяршаецца з 10 лістапада 2020-га да 10 лістапада 2021-га, працягваецца аўтаматычна. Чалавеку не трэба ездзіць ні ў якія ўстановы, каб паставіць нейкі дадатковы штамп. Разам з тым, ніхто не забараняе грамадзянам, якія хочуць памяняць дакумент, зрабіць гэта ў зручны для іх час і не чакаць сканчэння тэрміну падаўжэння, абазначанага ўказам. Але ж і зацягваць да апошняга дня не варта, параіла Марына Мельнікава:

— Працягненне дзеяння пэўных афіцыйных папер мае на мэце зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на фізічных і юрыдычных асоб падчас мерапрыемстваў па прафілактыцы COVІD-19. Многія проста фізічна не могуць своечасова звярнуцца па замену дакументаў з шэрагу прычын: з-за находжання на самаізаляцыі, у водпуску, на лецішчы... А за паўгода любы можа выбраць для сябе найбольш зручны час з улікам уласных жыццёвых абставін і звярнуцца па новы дакумент.

Калі тэрмін дзеяння дакумента канчаецца, напрыклад, 10 лістапада 2021-га, то ён будзе прыдатны для выкарыстання яшчэ паўгода — да 10 мая 2022-га, як абазначана ва ўказе. Аднак пачынаць думаць пра замену пашпарта, падоўжаная прыдатнасць якога канчаецца, напрыклад, 5 мая 2022-га, у першы майскі дзень, — не самае лепшае рашэнне. Чалавек яўна не паспее зрабіць гэта за пяць дзён, удакладніла спецыяліст.

Калі тэрмін падоўжаны, а дакумент непрыдатны...

Згодна з заканадаўствам, дзеянне дакумента, які выдадзены пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, можа быць спынена выкананнем ці прызнаннем страціўшым сілу, несапраўдным, ануляваннем ці адменай. Адным словам, такая папера страчвае юрыдычную сілу і не можа быць сапраўдная, акрэсліла прадстаўніца Мінюста:

— Возьмем, напрыклад, пашпарт. Калі яго тэрмін дзеяння падоўжаны, аднак на працягу гэтых шасці месяцаў пашпарт стаў непрыдатны для выкарыстання (парушаны сродкі абароны), то такі дакумент неабходна будзе замяніць, нягледзячы на тое, што тэрмін яго дзеяння падоўжаны.

Яшчэ адзін варыянт — прыняцце рашэння аб выдзяленні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва ці набыццё жылля. Максімальны тэрмін дзеяння такога дакумента — не большы за тры гады з моманту пералічэння субсідыі. Такім чынам, калі тэрмін дзеяння рашэння быў працягнуты на шэсць месяцаў і за гэты час субсідыя была атрымана, то рашэнне лічыцца спраўджаным і паўторна субсідыя выдавацца не будзе.

У якіх яшчэ выпадках дакумент можа быць прызнаны несапраўдным, залежыць ад кожнай канкрэтнай адміністрацыйнай працэдуры, іншага рашэння кампетэнтнага дзяржоргана, які выдаў дакумент.

Падаткі, аэрафотаздымка і рэгістрацыя замежнікаў праз інтэрнэт

Пандэмічная сітуацыя, якая цягнецца ў свеце ўжо другі год, вымусіла многіх перанесці сваю дзейнасць і патрэбы ў інтэрнэт. Анлайн-магчымасці пашырыліся і ў дачыненні да афіцыйных папер. Ужо сёння па атрыманне пэўных даведак і дакументаў можна звярнуцца праз адзіны партал электронных паслуг, не выходзячы з дому. Пералік адміністрацыйных працэдур, па якія можна звярнуцца ў электроннай форме, вызначаны ў пастанове Саўміна № 271. Гэта шэраг працэдур у падатковай і мытнай сферах, галіне сувязі, органах пагранічнай службы, унутраных спраў, абароны, нагадала Марына Мельнікава:

— Гэта, напрыклад, выдача пропуска на права ўезду, часовага знаходжання ў пагранічнай зоне, выдача даведак па пытаннях выплаты падатковых, мытных і іншых плацяжоў, рэгістрацыя замежнікаў, якія часова прыбываюць у Беларусь. Апошняя працэдура, дарэчы, праз інтэрнэт будзе бясплатная, а пры асабістым звароце — за грошы.

Колькасць працэдур пастаянна расце адпаведна з лічбай пераведзеных у электронны фармат адміністрацыйных працэдур. У маі, напрыклад, іх пералік чарговы раз папоўніўся на 16 пунктаў.

У электронным выглядзе можна атрымаць, напрыклад, даведку аб наяўнасці (адсутнасці) выканаўчых лістоў ці іншых патрабаванняў аб спагнанні з заяўніка запазычанасці па падатках ці іншых нявыкананых абавязках; даведку аб выплаце (утрыманні) падаходнага падатку з фізічнай асобы (каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання); даведку аб даходах для вырашэння пытання аб перадачы дзіцяці на ўсынаўленне.

А юрыдычныя асобы ці прадпрымальнікі могуць цяпер атрымліваць (завяраць) даведку аб сталым месцазнаходжанні беларускай арганізацыі (каб пазбегнуць двайнога падаткаабкладання). Або рэгістраваць радыёэлектронныя сродкі і (або) высокачастотныя прылады, якія з’яўляюцца крыніцай электрамагнітнага выпраменьвання, грамадзянскага прызначэння. Для іх стала даступнае таксама выдзяленне, адабранне рэсурсу нумарацыі, а яшчэ — выдача дазволу на правядзенне аэрафотаздымкі і аэрамагнітнай здымкі.

Плануецца перавесці ў электронны выгляд яшчэ каля 300 працэдур. У найбліжэйшы час анлайн можна будзе атрымаць наступныя даведкі:

  • аб знаходжанні на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў;
  • аб займаным памяшканні і складзе сям’і;
  • аб месцы жыхарства;
  • аб выдзяленні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва ці набыццё жылля;
  • аб выплаце падаходнага падатку для фізічных асоб.

У электронным выглядзе стануць выдаваць дакумент аб запрашэнні замежніка ў Беларусь, вяртаць выплачаныя звыш меры мытныя падаткі, а таксама здзяйсняць шэраг працэдур у сферы дзяржрэгістрацыі зямельных участкаў і нерухомасці.

З дапамогай электроннага ключа і подпісу

Каб звярнуцца па дакумент не выходзячы з дому, чалавек мусіць набыць у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг асабісты ключ электроннага лічбавага подпісу. Або атрымаць унікальны ідэнтыфікатар (лагін і пароль), звярнуўшыся асабіста ў службу «Адно акно» ці Нацыянальны цэнтр электронных паслуг.

— Пасля рэгістрацыі на адзіным партале карыстальніку будзе даступная даведачная інфармацыя па працэдуры, якая яго цікавіць: апісанне, парадак атрымання, тэрмін аказання, кошт, — акрэсліла спецыяліст. — Чалавеку трэба запоўніць прапанаваную сістэмай форму заявы і прыкласці неабходныя дакументы, пасля чаго заяўка на здзяйсненне адміністрацыйнай працэдуры аўтаматычна накіруецца ў дзяржорган, у кампетэнцыю якога яна ўваходзіць. Па выніках разгляду дакументаў заяўніку праз адзіны партал накіруюць паведамленне аб гатоўнасці запытанага адміністрацыйнага рашэння ці непасрэдна само рашэнне.

Источник: zviazda.by