Зварот пісьменнікаў да старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумара.
Шаноўны Канстанцін Андрэевіч! Мы, пісьменнікі Брэстчыны, звяртаемся да Вас з вельмі важнай нагоды.
У 2012 годзе будуць адзначацца знакавыя юбілеі – 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа – класікаў беларускай літаратуры, народных пісьменнікаў Беларусі. Па ўсёй краіне пачынаецца падрыхтоўка да гэтых юбілеяў. Пэўныя крокі робяцца ў гэтым накірунку і ў нашай вобласці.
На нашу думку, каб гэтая справа праходзіла больш дзейсна і мэтанакіравана, варта ўтварыць спецыяльную камісію, якая б распрацавала і дапамагала ажыццявіць належныя мерапрыемствы дзеля ўшанавання памяці слынных творцаў і прапаганды беларускай літаратуры і мовы.
У Брэсце прадугледжваецца правесці ўпарадкаванне вуліцы Янкі Купалы. Мэтазгодна таксама прадугледзець і паставіць помнікі паэтам-класікам, бо ў абласным цэнтры, на жаль, няма ніводнага помніка славутым пісьменнікам-беларусам, што выклікае непаразуменне турыстаў і гасцей горада над Бугам, а за выгляд вуліцы імя Я.Коласа нават сорамна яе жыхарам.