Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Гапееў расказаў берасцейцам, як сэкс ператварыўся ў каханне

10  Марта 2011 г.  в 16:39, показов: 4902 : Музыка, кино, музеи, выставки


Автор: Юлія КОСАРАВА

Сваю новую кнігу «Ўрокі першага кахання» івацэвіцкі пісьменнік Валерый Гапееў прэзентаваў 3 сакавіка ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя Горкага.

Кніга выйшла ў кастрычніку 2010 года ў рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва». Але ў Брэсце была презентавана чытачам упершыню. На сустрэчу прыйшлі вучні старэйшых класаў, студэнты, выкладчыкі. Па словах самога аўтара, такую аўдыторыю ён сабраў упершыню.

Гапееў расказаў берасцейцам, як сэкс ператварыўся ў каханнеПіша Валерый Гапееў менавіта ў жанры падлеткавай літаратуры. У новы твор, які стаў працягам серыі «Пераходны ўзрост», увайшлі тры аповесці: «Усё цудоўна, або Ўрок бяспечнага кахання», «Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці», «Першы боль, або Доказ закона прыгажосці». Кожная з частак «прысвечана сучасным падлеткам, маральным і сацыяльным пытанням іх росту».

Гапееў параўнаў народзіны кнігі з народзінамі дзяцей. «Яны доўга выношваюцца. Нельга сябе прымусіць у вызначаны час сказаць так: сядай і пішы. Так не атрымаецца. Не можа і жанчына нарадзіць дзіця дачасна. Трэба вынасіць гэта дзіця», - мяркуе пісьменнік. Каб не быць галаслоўным, аўтар, акрамя расповяду аб нараджэнні «Ўрокаў», паказаў фотаздымкі з працэсам іх напісання.

Сталым чытачам аповесцяў Валерыя Гапеева здаецца, што ён добра разбіраецца ў жыцці падлеткаў. Аўдыторыя і ў гэты раз адзначыла вельмі просты стыль аўтара. З залы прагучала пытанне: «Як у вас атрымліваецца так разбірацца ў падлеткавай тэматыцы?» На што Валерый Мікалаевіч адказаў: «А мне 16!»

Усе аповесці, што ўвайшлі ў новую кнігу, прайшлі сапраўдныя выпрабаванні водгукамі і злоснымі лістамі ў адрас аўтара, калі былі надрукаваны ў рэспубліканскім часопісе «Маладосць». «Калі я надрукаваў першую аповесць, якая яшчэ тады мела ў часопісным варыянце такую «страшную» назву, як «Урокі бяспечнага сэксу», прыходзіла шмат водгукаў. Бо неімаверна, каб у часопісе для падлеткаў шла гаворка аб такіх рэчах, - успамінае аўтар. - Мне было не вельмі прыемна чытаць гэтыя водгукі. Але былі, вядома ж, і добрыя». Па меркаванні рэдактара аддзела прозы Алены Карп, якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы, гнеўныя лісты дасылалі сталыя людзі, а можа, нават і зайздрослівыя калегі.

Карэспандэнт «БГ» пацікавілася ў Валерыя Гапеева, што дапаможа ажывіць рынак літаратуры для дзяцей і падлеткаў. На яго думку, толькі шчырая праца пісьменнікаў. «Толькі іх зварот менавіта да гэтай падлеткавай тэматыкі, толькі іх разуменне, што да беларускай мовы, да беларускай літаратуры трэба прывучаць людзей кожнага ўзросту. Нельга пакідаць гэта ўсё на школу, кажучы, што школа навучыць. Некалі Ўладзімір Караткевіч сказаў: «Хлопцы, пішыце дэтэктывы, сёння ніхто не хоча пісаць дэтэктывы на беларускай мове. Пішыце такія, каб людзі чыталі», - разважаў Валерый Мікалаевіч.
 

Источник информации: Брестская Газета




Система Orphus