Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Дзень роднай мовы паскакалі ўволю

24  Февраля 2011 г.  в 17:15, показов: 2621 : Музыка, кино, музеи, выставки


Автор: Аксана БРОВАЧ

Бонус ад гурта «Ветах» – майстар-класс па беларускiх народных танцах // Фото: Зьміцер БОСАК

На працягу двух дзен, 19 і 20 лютага ў Брэсце ўпершыню святкавалі Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды выставачная зала абласнога грамадска-культурнага цэнтра ператварылася ў пляцоўку для беларускіх музыкаў і пісьменнікаў.

У Дзень роднай мовы паскакалі ўволюПершы дзень атрымаўся музычна-танцавальным. Для берасцейцаў спявалі мясцовы ансамбль народнай песні «Купавушка» і мінскі гурт аўтэнтычнага беларускага фольку «Ветах». Шчыра кажучы, выступ апошніх быў больш адметным. Яны пазнаёмілі прысутных з гучаннем беларускай дуды, керамічных ударных і смыка, праспявалі аўтэнтычныя абрадавыя песні, якія здабылі ў фальклорных экспедыцыях, і прадэманстравалі ўнікальныя беларускія танцы. Дарэчы, вельмі інтэрактыўную праграму гурта «Ветах» можна смела назваць і культурна-асветніцкай. Пад акампанемент этнічнай музыкі выканаўцы не толькі спявалі і танцавалі, але і распавядалі пра вытокі беларускіх традыцый. У кожнага з гледачоў была магчымасць навучыцца рухацца ў рытме беларускіх полькі, кракавяку альбо ойры. І публіка з ахвотай адказвала на запрашэнні сталічных гасцей патанцаваць з імі. З задавальненнем скакалі малыя і вялікія, хлопцы і дзяўчаты. Феерычным фіналам выступу гурта «Ветах» стаў вялікі карагод, які аб’яднаў амаль усіх прысутных.

Другі дзень атрымаўся больш літаратурным. Да святкавання Дня роднай мовы ў нядзелю далучыліся берасцейскія паэты Мікола Пракаповіч і Зінаіда Дудзюк, а таксама харызматычны госць з Мінску Віталь Рыжкоў. Яны прачыталі некалькі сваіх вершаў і параілі прысутным «не саромецца роднай мовы». Трэба дадаць, што падчас усіх мерапрыемстваў у зале дзейнічала выстава кніг з фонду абласной бібліятэкі імя Горкага.

Таксама на берасцейскім свяце роднай мовы адбылася прэзентацыя новага альбому «Ніткі» беларускага барда Таццяны Беланогай. Таццяна завітала ў Брэст упершыню і была крыху здзіўлена тым, што ў яе тут ужо ёсць прыхільнікі.

З нагоды «першага бліна», то бок моўнага свята, дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук падзякавала прома-суполцы «Зала чакання» і асабіста Зміцеру Назараву, а таксама грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» за тое, што яны ініцыявалі гэта мерапрыемства і дапамаглі яго арганізаваць. І паабяцала, што святкаванне Дня роднай мовы стане ў Брэсце добрай традыцыяй.
 

Источник информации: