Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Зімовую паводку стрымалі лютаўскія маразы

17  Февраля 2011 г.  в 18:48, показов: 2511 : Брестская область


Маразы на Палессі стрымалі зімовую паводку, якая распачалася яшчэ ў канцы студзеня. Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных спраў паведамілі нашаму радыё, што колькасць вады пачала расці павольней, але не спынілася і ў любым выпадку вясновай паводкі не пазбегнуць, таму гэты час выкарыстоўваецца для мінімальнага скарачэння наступстваў.

Пакуль першыя ахвяры адталай вады, у панадворках якіх бясплатная коўзанка, разам з Белдзяржстрахам падсумоўваюць першую шкоду, то Пінскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі робіць неабходныя захады па забеспячэнні рэгіёна ад хваробаў і вірусаў, якія нясе брудная вада.

Эдуард Красноўскі, загадчык аддзела гігіены кажа, што асноўная праца - ліквідацыя паводкі, якая пакідае большы след, чым яе надыход:

- Даныя рэкамендацыі па выкарыстанні харчавой вады ў адпаведных мэтах, усё ж прапануем насельніцтву ўжываць ачышчаную ваду ў іншых выпадках усё ужываць праз кіпячэнне. Актыўна працуем з сельскімі саветамі, амаль ва ўсіх населеных пунктах у месцах, дзе шмат збіраецца людзей: пошты, клубы, крамы пакідаем нашы матэрыялы, якія датычныя пытанняў прафілактыкі. Неабходна правесці гаспадарам шэраг працаў. Прыбраць свае двары ў добры стан, паглядзець месцы для загатоўкі садавіны. Трэба ўлічваць, што зараз вельмі актыўна грызуны перабіраюцца да месцаў, дзе жывуць людзі.

Андрэй Вярэніч, дырэктар Белдзяржстраху па Пінску і раёне:

- На сённяшні дзень нашаму Белдзяржстраху даручана праводзіць абавязковае страхаванне пабудоў грамадзян. Што такое абавязковае страхаванне пабудоў грамадзян? Пад гэта падпадаюць жылыя пабудовы і дабудоўкі да іх. У выніку якіх-небудзь наступстваў, што будзе падпадаць пад страхаванне, то мы кампенсуем палову ад шкоды. Для таго, каб грамадзянін змог атрымаць поўнае пакрыццё ад атрыманай шкоды, то неабходна скарыстацца добраахвотным страхаваннем маёмасці. Пры гэтым мы кампенсуем шкоду на сто адсоткаў. Што мы робім для гэтага? Мы праводзім працу па раёну, у сельскую мясцовасць выязджаюць нашыя прадстаўнікі, пакідаем свае лістоўкі і кантакты.

Сяргей Мацукевіч, спецыяліст Пінскай гарадской управы Міністэрства надзвычайных спраў:

- Піна, Прыпяць, Ясельда і Стыр, калі па мапе, каб лягчэй арыентавацца, то Стыр гэта паўднёвая частка раёну, Прыпяць яна даходзіць да гораду, пасля зноў далей бяжыць і Піна, яна ўздоўж ракі ідзе і уваходзіць у Прыпяць. Што датычна Пінска, то пагрозу тут прадстаўляе Піна. Па раёну ў нас асноўныя "гарачыя вёскі" Плешчыцкага, Хойнаўскага, Варычыўскага сельскіх саветаў. На сённяшні дзень ужо маем патопленыя панадворкі, жыллёвых дамоў пакуль няма, акрамя тых, дзе яшчэ ідзе рамонт і няма жыльцоў. Маразы трошкі стрымалі гэты паводак, але узровень расце. Па нашым назіранням, такога не было яшчэ з 1999 года.

Зімовы паводак не зусім характэрная з'ява, якая ўскладняе сітуацыю перад надыходам вясновага цяпла. Адной з галоўных задач перад службамі выратавання, ёсць недапушчэнне паўтору 1999 года, які з'яўляецца самым шматводным у найноўшай гісторыі краіны.

Зміцер Кісель,, Пінск.