Дзеці абаранілі маці, калі на яе напаў псіхічна хворы мужчына

19  Декабря 2020 г.  в 11:50 : Брестская область

Жыхарка в. Бараны Ганна Пясецкая ў адзін з дзён адыходзячага года працавала па доме. Жанчына разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей, работы па гаспадарцы хапае. Раптам у двор зайшоў незнаёмы малады чалавек крэпкага целаскладу, высокі; відавочна было, што ён замёрз, бо апрануты быў лёгка. Ён папрасіў у гаспадыні, каб тая дала яму што-небудзь з верхняга адзення. Ганна Іванаўна падала нечаканаму госцю кофту сына, пацікавіўшыся, куды ён накіроўваецца?

Высветлілася, маладому чалавеку трэба патрапіць у Брэст, таму ён рухаецца ў бок «алімпійкі». Гаспадыня параіла яму ісці ў Івацэвічы, усё ж такі з райцэнтра можна хутка цягніком з’ехаць у Брэст, а зараз, калі цямнее, не захоча спыніцца вадзіцель спадарожнай машыны на аўтамагістралі. Тым не меней, незнаёмец рушыў у бок «алімпійкі».

У той вечар муж Ганны Іванаўны накіраваўся на работу ў начную змену, яна засталася дома з трыма сынамі – 15, 14 і 12 гадоў. Гаспадыня замкнула знутры дом, усе дамачадцы сталі рыхтавацца да сну; прыкладна апоўначы заснулі ўсе.

На гадзінніку было каля паловы трэцяга ночы, калі Ганна Іванаўна пачула нейкі слабы стук у акно. Можа, падалося? Нечакана бліснуў і патух ліхтар за вуглом дома, пасля пачуўся шоргат каля ўваходных дзвярэй і каля акна – хтосьці хацеў прабрацца ўнутр дома. Значыць, не падалося. У гэты момант гаспадыня моцна пашкадавала, што прывязала свайго злоснага сабаку па мянушцы Янтар, які ў тыя мінуты літаральна разрываўся ад брэху, але знаходзіўся на далёкай адлегласці.

«Хто там?» – ускрыкнула жанчына, падышоўшы да дзвярэй. Цішыня. Гаспадыня вырашыла патэлефанаваць мужу з хатняга тэлефона, але, як ні дзіўна, у трубцы былі кароткія гудкі. Што ж з тэлефонам? Чаму ён не працуе ў такую важную мінуту? Спужаная жанчына з мабільніка набрала 102, папрасіла міліцыю як мага хутчэй прыехаць на выклік. Тым часам неўстаноўлены зламыснік прабраўся ў дом; Ганна Іванаўна пачула, як падае посуд на кухні – там хтосьці ходзіць. Яна разбудзіла дзяцей і загадала схавацца ў ванным пакоі, а сама не ведала што і рабіць. Рукі ад страху калаціліся дробна-дробна, перасохла ў горле… Раптам на яе наваліўся незнаёмец. Яна паспела заўважыць: на твары яго была маска, на руках – скураныя пальчаткі. На шыю жанчыны мужчына накінуў скураны рэмень і стаў душыць.

– Мы ўпалі на канапу, што стаяла побач, а ў мяне адкуль і сілы ўзяліся! Я адцягнула рэмень ад шыі і крыкнула «Дзеці, памажыце!», – расказвае Ганна Іванаўна. – І ў той момант мае сыны выскачылі з ваннага пакоя і накінуліся на гэтага бандыта. Ён не чакаў такой атакі, відаць, думаў, што я адна дома, перастаў душыць мяне – і рвануў у бок дзвярэй, на вуліцу. Я пазнала – гэта быў той хлопец, які прыходзіў да нас надвячоркам, прасіў адзенне. Пад’ехала міліцыя, але ён знік у цемры, па яго следзе пускалі службовага сабаку. Затрымалі гэтага мужчыну толькі на наступны дзень у лясным масіве каля Сярадава…

Па словах Ганны Пясецкай, шок ад здарэння прывёў да таго, што яна пасля не магла спаць некалькі начэй, уздрыгвала ад кожнага стуку; у вачах постаць гэтага зламысніка стаіць і зараз.
Чытач спытае: калі ён быў затрыманы міліцыяй, то ці сеў на лаву падсудных, ці быў пакараны? Што за чалавек, з якімі намерамі ён прабраўся ў дом, чаму накінуўся на жанчыну?

Як стала вядома, гэты 24-гадовы малады чалавек мае псіхічнае захворванне, над ім аформлена апякунства. Ён жыхар Мінскай вобласці, у той дзень сеў у Баранавічах у электрычку да Брэста (ехаў да брата), але па незразумелых прычынах выйшаў у Івацэвічах. Разам з тым, як адзначае суддзя суда Івацэвіцкага раёна Арцём Падалянец, які разглядаў дадзеную справу, хаця гэты малады мужчына і мае псіхічнае адхіленне, як засведчыла экспертыза, і не мог разумець значэнне сваіх паступкаў, пры гэтым кідаецца ў вочы паслядоўнасць яго дзеянняў. Так, гаспадыня сцвярджае, што ён адкрыў вароты (на вуліцы стаяў аўтамабіль) і, відавочна, меў намер завалодаць легкавіком; ён апрануў маску і пальчаткі, аказаўся перарэзаным тэлефонны кабель…

– Паколькі гэты мужчына мае псіхічнае захворванне, то мы не маем права яго судзіць, а можам толькі прымяніць прымушальныя меры бяспекі і лячэння, – гаворыць суддзя Арцём Падалянец. – На сённяшні дзень гэты малады чалавек ізаляваны ад грамадства і знаходзіцца ў спецыяльнай установе строгага кантролю і назірання для псіхічна хворых, пакінуць якую яму не ўдасца.

– Арцём Леанідавіч, а як характарызаваўся гэты чалавек? Калі ён схільны да гвалту, жорсткі, то чаму яго не ізалявалі ад грамадства раней?

– У тым і справа, што па характарызуючых матэрыялах, якія нам паступілі з сельсавета ў Клецкім раёне, дзе пражываў гэты малады мужчына, – ён выглядае цалкам бяскрыўдным чалавекам! І яго законны прадстаўнік, апякун, жанчына, сцвярджала, што ён спакойны мужчына, не агрэсіўны. Жанчына-апякун казала, што, яна падобнага і падумаць не магла…

Але час паказвае, што псіхічна хворы чалавек можа здзейсніць учынак, які ад яго ніхто не чакае.

…Як адзначыла напаследак Ганна Пясецкая, цяпер свайго злоснага сабаку па мянушцы Янтар яна адвязвае на ноч, і ён строга нясе дзяжурства на парозе дома. Жанчына нават святло на ноч уключае на вуліцы, каб адчуваць сябе яшчэ больш спакойна.

Источник: Івацэвіцкі веснік
Автор: Аляксандр ГОРБАЧ