Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Гарбузовае свята ў драгічынскай вёсцы

21  Октября 2020 г.  в 14:28, показов: 907 : Брестская область

З-за сваёй тэрытарыяльнай адметнасці гэтую вёску ў Драгічынскім раёне мясцовыя людзі называлі другой Масквой. А яшчэ лічылі рыбацкай сталіцай, таму што ў ёй амаль кожны вясковы мужчына ўмеў вырабляць «чайку» – лодку, якая да меліярацыі была асноўным транспартным сродкам для людзей на ўсе жыццёвыя выпадкі. У мінулыя выхадныя яе жыхары справілі гарбузовае свята, якое прайшло на сядзібе «Куфрынка».

Гаворка пра Какорыцу – самабытную вёсачку на Драгічыншчыне. Такі ласкавы зварот да гэтага населеннага пункта абумоўлены тым, што шматлюднай, а таму шумнай і вясёлай Какорыца была раней. Па ўспамінах былой настаўніцы біялогіі Ганны Зіновіч, некалі тут пражывала каля тысячы чалавек, мелі школу, сельскі клуб, ФАП. «Сем’і, як правіла, былі вялікія. У некаторых бацькоў гадаваліся і шэсць, і сем, і болей дзетак. Людзі сяліліся па ўрочышчах. Колькі іх было ў Какорыцы – не злічыць: Уснычнэ, Гороховышчэ, Вырэтый, Блыжыны, Ясынёво, Высока, Рудавка, Крывань, Прыозір’е… Гэта абумоўлена плошчай вёскі – адлегласць ад уезду сюды і да памежнай з суседняй вёскай тэрыторыяй на другім баку складае каля дзесяці кіламетраў», – расказвае жанчына. 

Людзі сяліліся і вялі гаспадарку на выспах – там, дзе было вышэй. А вакол – балота, вада, безліч рыбы – шчупакі, акуні, ляшчы, карасі, і абавязкова ўюны. Для іх, дарэчы, вяскоўцы плялі духі. З водарнай  вадкасцю іх яднае толькі аднолькавае вымаўленне. Духамі называліся спецыяльныя кошыкі з адтулінай – духам. Паколькі какаранцы ў былыя часы – ці не першыя ў раёне рыбакі, акрамя самаробных лодак, яны яшчэ плялі рыбацкія сеткі. Час ад часу Какорыцу ўвесну падтапляла. Навадненне ў 1974 годзе было, як кажуць месцічы, самым крытычным – прадукты і тавары першай неабходнасці сюды дастаўлялі верталётам.

 Тыя, хто ніколі не чуў і не быў у Какорыцы, а пасля, так атрымоўвалася, прыязджаў сюды, скажам, на адпрацоўку ў школу, на запытанне родных: «Ну дзе ты цяпер?» ці то жартам, ці то ўсур’ёз адказваў: «Я ў ссылцы». Такое лаканічнае параўнанне было ў часы, калі тут яшчэ не насыпалі дарогу, ці «грэблю», як гавораць старыя людзі. «Людзі на балоце» – гэта пра жыхароў Какорыцы да правядзення тут асушэння балот.    

        

Пасля жыхары кампактна пасяліліся на чатырох месцах, якія цяпер завуцца вуліцамі Герады, Кутасы, Ясенёва, Папічычы. Гэта своеасаблівыя вясковыя мікрараёны. Вельмі нязвыклыя тут не толькі назвы вуліц. Я не скульптар, але калі б хто спытаў, чаго не хапае сучаснай Какорыцы, адказала б: маленькага, ну хоць гіпсавага помнічка, галоўнымі героямі якога былі б два шляхцічы – Зіновіч і Пратасевіч, якія майструюць «чайку». Справа ў тым, што ўладальнікі гэтых прозвішчаў – татальныя гаспадары вёскі і па сённяшні час. Іх жыве пераважная большасць. Тут нават святар пытае: «На якія могілкі едзем?». Маецца на ўвазе, «на Гіродывьськыі», дзе хаваюць Зіновічаў, альбо на «Кутасывьськыі» – на месца вечнага спачыну Пратасевічаў. Не ведаю, як так атрымалася. Такое ўражанне, што традыцыя пераходзіць на мужава прозвішча на тутэйшых дзяўчат не распаўсюджвалася ці яны браліся толькі з мясцовымі хлопцамі. Калі называюць іншыя прозвішчы, тыпу Крывіцкі, то ўсе разумеюць, што чалавек прыезджы.  

Былы настаўнік фізікі, чарчэння і працоўнага навучання Трафім Зіновіч з настальгіяй расказаў, што калісьці ў мясцовай школе займаліся 120 вучняў, але ў 98-м яе зачынілі. Цяпер у Какорыцы толькі два школьнікі, якія наведваюць школу ў суседняй вёсцы Бездзеж. Мужчына даўно ўжо на пенсіі, але не сумуе – мае свой «магазін». Так ён называе памяшканне, у якім сабраны зробленыя ім драўляныя рэчы – услончыкі, крэслы, «грабінкі» (прыстасаванне для збору чарніц), кухонныя дошчачкі і інш. Усё гэта Трафім Зіновіч вырабляе на замову і не толькі – для душы.

Ці было тут калі паўнацэннае свята вёскі, якое ладзілася рэгулярна раз у год, людзі не памятаюць. Людміла Недашкоўская, гаспадыня аграсядзібы «Куфрынка» (у Какорыцы) у мінулым годзе распачала каласальную работу. У 2019-м тут адбылося свята, на якім прысутнічалі жыхары і выхадцы з Какорыцы. Сёлета Людміла Яўгенаўна анансавала «разынку» мерапрыемства – гасцей аб’яднаў гарбузовы акцэнт. Яны пасля канцэртнай праграмы частаваліся і дэгуставалі гарбузовыя сок, джэм, бліны, кашу, пірагі. За доўгімі размовамі людзей пра іх жыццё-быццё, агучанымі планамі Людмілы ўгадвалася жаданне жанчыны аднавіць вірлівае жыццё ў гэтай непаўторнай і цікавай палескай вёсцы.

Источник: Газета Заря
Автор: Наталля МЕЧНАЯ
Областная газета Заря



Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram