Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Маларыцкiм раёне выткалі 16 ручнікоў да «Дажынак»

31  Августа 2020 г.  в 18:43 : Брестская область

Напрыканцы мінулага тыдня дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец і майстар народных рамёстваў Святлана Луцык завяршылі работу над выкананнем  спецыяльнага заказу. Жанчыны на працягу амаль паўтара месяцаў да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020», які пройдзе ў аграгарадку Дзівін (Кобрынскі раён), выткалі шаснаццаць ручнікоў, а таксама два касцюмы для вядучых святочнай урачыстасці.

Падчас адкрыцця «Дажынак-2020» дзяўчаты вынясуць караваі хлеба з новага ўраджаю менавіта на маларыцкіх ручніках. Кожны з іх мае даўжыню два метры сорак сантыметраў. Касцюмы вытканы ў тэхніцы «кажучком», усе ручнікі – «наборам». У іх захаваны ўзоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, а таксама яго колеравая гама (бардовая).

Тканыя ручнікі  маларыцкіх  майстроў атрымаліся надзвычай прыгожымі. А інакш і быць не магло, таму што Валянціна Мікалаеўна і Святлана Сцяпанаўна ўклалі ў вырабы душы, заткаўшы ў іх часцінку сябе і напоўніўшы глыбінным зместам «белую дарогу жыцця» палатна.

Маларыцкія ткачыхі, каб выканаць заказ у вызначаны тэрмін, заставаліся ткаць пасля заканчэння рабочага дня, сядалі за кросны нават у выхадныя дні.

– За ткацкім станком не вельмі і паспяшаешся, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Праца ткачыхі доўгая і крапатлівая, патрабуе цярпення, уважлівасці, засяроджанасці, уседлівасці і вядома ж, творчага запалу.

Між іншым, усе вытканыя ручнікі маюць аднолькавы ўзор. Маларыцкі арнамент – гэта своеасаблівая кніга народнай мудрасці, у якой зашыфраваны ўзор душы нашых продкаў. У кожным вытканым сантыметры тканіны, у кожным шыўку ўзору заключаны глыбокі сэнс. У арнаменце як бы сканцэнтраваны просьбы, мары, надзеі нашых продкаў, іх добрыя пажаданні родным і блізкім, адчуванні шчасця… Вытканыя ручнікі – гэта своеасаблівыя абярэгі чалавека. Тым, хто іх выкарыстоўвае, спадарожнічае дабрабыт і шчасце.

Источник: Газета Заря
Автор: Мікалай Навумчык