Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Рыгор Кастусёў

30  Ноября 2010 г.  в 11:18, показов: 2949 : Выборы в Республике Беларусь


У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Рыгор Кастусёў прызнаўся, чаму ў яго няма палітычнага ідэала, расказаў, што найперш павінна рабіць жонка прэзідэнта, падзяліўся сваёй інтымнай лірыкай, а таксама адказаў на пытанні, што хвалююць мінчан.

 


— Які ў вас ідэал палітычнага лідэра?

— Я ніколі ў жыцці не ствараў сабе ідэала, і таму палітычнага ідэала няма.

— Вашая ўлюбёная кніга?

— Таксама — няма адназначна такой адной кнігі, якую б я чытаў-перачытваў. Я чытаю ўсё, што трапляе мне ў рукі.

— А вашая любімая песня? Селі, задумалі і нешта пачалі міжволі мармытаць…


— Самая любімая песня — гэта “Магутны Божа”. Але калі яна гучыць у выкананні добрага ансамбля, магутнага. Як, напрыклад, яна гучала на фестывалі “Магутны Божа” ў Магілёве.

— У колькі разоў заробак прэзідэнта павінен перавышаць заробак выкладчыка, да прыкладу?

— Не нашмат. Не ў шмат разоў, дакладней. Натуральна, прэзідэнт павінен атрымліваць прыстойны заробак. Але і настаўнік павінен атрымліваць прыстойны заробак. Таму, што з настаўніка пачынаецца падрыхтоўка і прэзідэнта, і інжынера, і доктара, і рабочага, і дворніка.

— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў?

— Я да іх стаўлюся са шкадаваннем. Я лічу, што не варта выпінаць нейкія рэчы “на паказ”. Гэта я называю паказухай.

— З сабой колькі ў вас грошай?


— Зараз у мяне тысяч 50 беларускіх і каля 100 долараў.

— Як дома вы звяртаецеся да сваёй жонкі?


— Называю яе Ларыса, Ларыска.

— Распавядзіце пра самую важную сямейную традыцыю.

— Такая дробязная сямейная традыцыя — яна была ў нашай сям’і, яшчэ калі я быў маленькі, калі я жыў з бацькамі: мы заўсёды збіраліся на вячэру разам усёй сям’ёй. І калі я ўжо ажаніўся і ў мяне з’явіліся дзеці — такі падыход захаваўся і ў маёй сям’і. На жаль, зараз дзеці раз’ехаліся, мы ўдвух з жонкай — але калі-нікалі ўдвух з жонкай ціхенька пасядзім. Але абавязкова на ўсе сямейныя святы мы збіраемся разам.

— Якія святы з календара вы б выкраслілі, а якія — дадалі?

— Абавязкова я б дапісаў 25 сакавіка. Адназначна! Гэты дзень павінен быць дзяржаўным. Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі для мяне пастолькі-паколькі… Ну, пакінуць яго для тых людзей, хто хоча яго адзначаць. Але гэта не дзяржаўнае свята.

— Вы ведаеце, колькі каштуе пляшка гарэлкі?

— У сярэднім дзесьці каля 20 тысяч.

— А колькі павінна каштаваць?

— Павінна каштаваць на ўзроўні еўрапейскіх краін. Але ў той жа час яна павінна быць і даступнай. Усё ж такі кошт у нас павінен адпавядаць тым заробкам, якія людзі атрымліваюць у сярэднім па краіне. Але і не танна. Праўда, калі будзе занадта дорага, то пачнецца спекуляцыя.

— А ці ставіце вы дома віно хатняе, ці, можа, самагонку гоніце?

— Раней спрабаваў ставіць сокі, налівачкі. Зараз мяне ў гэтым плане выручае цешча.

— У плане налівачак ці ў плане самагоначкі?

— Ну… І таго, і другога!

— Колькі ў вас сапраўды блізкіх сяброў, і ці ўдзельнічаюць яны ў вашай выбарчай кампаніі?

— Адразу скажу, што сяброў у мяне шмат. Гэта сябры, якія заставаліся ў мяне па месцы жыхарства. І я з імі калі-нікалі сустракаюся, у нас сяброўскія адносіны. Па месцы працы… Зразумела, не ўсе ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі — не ўсе могуць удзельнічаць. Але тыя, хто могуць, яны мне дапамагаюць.

— У якую паліклініку вы ходзіце, калі раптам прыхварэеце?

— Звычайна стараюся хадзіць толькі ў шклоўскую паліклініку.

— Ці бралі вы калі-небудзь крэдыт і на што?

— Не. У мяне прынцып: у пазыкі не залазіць. Толькі ў крайніх выпадках. А ў дзяржавы, тым больш, крэдытаў ніколі ў жыцці не браў.

— Не давяраеце дзяржаве?


— Не давяраю!

— Раскажыце анекдот.

— Гэты анекдот тычыцца бульбы. Чукчам у тундры пасадзілі бульбу і прыехалі па восені правяраць: ці ўзышла бульба? І апынулася, што гэтая бульба не ўзышла. Чукчаў запыталі: “А дзе ж бульба падзелася?” А яны адказваюць: “Чукча хацеў есці”. І таму бульбу, якую толькі пасадзілі, ён адразу выкапаў і з'еў. Гэта на што намёк? Каб атрымаць ураджай, трэба яго не толькі пасадзіць, але і апрацаваць, і акучваць, і даглядаць, і ад каларадскіх жукоў ратаваць. Трэба працаваць. Тады будзе вынік.



— Чаму вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

— Яшчэ ў 2001 годзе мае калегі па працы, калі я працаваў у камунальнай гаспадарцы, казалі: “А чаму ты не вылучаешся ў якасці кандыдата ў прэзідэнты?”. Тады я, на жаль, сябе яшчэ крыху недаацэньваў, тады я лічыў, што ёсць іншыя людзі ў Партыі БНФ, ёсць кіраўніцтва, якое лепш ведае, як трэба рабіць. І, на жаль, тады я паверыў кіраўніцтву. Зараз паглядзеў, што я найбольш падрыхтаваны як чалавек, які здольны вылучацца ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, найбольш падрыхтаваны для працы прэзідэнтам — і таму я даў згоду на вылучэнне.

— Уявім, што на гэтых выбарах вам не ўдалося дамагчыся перамогі. На наступныя выбары ужо саспее па ўзросце для таго, каб пайсці на выбары, Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ. Саступіце яму?

— Так, калі Аляксей прыме рашэнне ўсё ж такі пайсці на выбары ў якасці кандыдата, я саступлю.

— Што вы людзям прапануеце? Калі паспрабаваць акрэсліць адным сказам?

— Калі кандыдат пачынае казаць людзям, што ён дасць ім тое, тое, тое, то я гэтага чалавека ўсур’ёз не ўспрымаю. Улада і прэзідэнт у тым ліку павінны стварыць умовы ў краіне для людзей, каб людзі змаглі зарабляць прыстойныя заробкі. І змаглі прыстойна жыць. Дакладней, дазволіць людзям рабіць усё тое, што не забаронена законам.

— Ці ёсць у вас людзі, якія зоймуць пасады міністраў, губернатараў, іншыя адказныя пасады? Ці ўсіх міністраў, якія сёння працуюць, трэба, на ваш погляд, мяняць?

— Адразу скажу, што не варта ўсіх мяняць. Таму, што і ва ўрадзе, і на месцах, у абл- і райвыканкамах ёсць шмат талковых людзей, адукаваных, падрыхтаваных. Але гэтым людзям звязалі рукі — і ім трэба проста рукі развязаць. А на пасаду прэм'ер-міністра ў мяне ёсць кандыдатура — гэта Мілінкевіч. А прэм’ер-міністр будзе прапаноўваць усіх астатніх міністраў.

— А Аляксей Янукевіч якую пасаду зойме?

— Шчыра скажу, што мы пакуль на гэтую тэму не размаўлялі. Нельга дзяліць партфелі, нельга дзяліць шкуру незабітага мядзведзя, пакуль ён яшчэ жывы.

— Але кавалак шкуры Мілінкевічу адарвалі ўсё ж такі!

— Але ж зразумела, што мы павінны ісці нейкай камандай, мы павінны мець нейкія мэты. Зразумела, што касцяк каманды ў нас ёсць. І ў гэты касцяк каманды ўваходзіць Аляксей Янукевіч. Але партфелі мы не дзялілі.

— Што вы зробіце з такімі, можна сказаць, дзяржаўнымі структурамі, як “Белая Русь” і БРСМ?

— Хай існуюць. Без дзяржаўнай дапамогі. Выжывуць — хай выжываюць, не выжывуць — значыць, такі іх лёс.

— Міліцыянераў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў у нас на душу насельніцтва больш, здаецца, чым нават у Расіі. Што вы ў гэтым накірунку думаеце рабіць?

— У нас ёсць канкрэтныя планы — гэта скарачэнне сілавых структур. І сродкі, якія мы атрымаем ад скарачэнне сілавых структур, накіраваць на дапамогу маладым сем’ям, на пабудову жылля тым маладым сем’ям, якія будуць мець 3 і больш дзяцей.

— Што вы плануеце зрабіць з коштамі, каб яны не раслі?

– Каб кошты трымаліся на ўзроўні, трэба пачаць з разняволення прадпрымальнікаў. З перадачы ў прыватную ўласнасць зямлі, з перадачы ў прыватную ўласнасць прадпрыемстваў, якія ляжаць цяжарам на бюджэце з-за таго, што яны стратныя.

— Вы закранулі тэму стратных прадпрыемстваў. Што, на ваш погляд, з такімі прадпрыемствамі трэба рабіць: адразу закрываць ці спрабаваць ратаваць?

— Зразумела, што іх адразу закрываць нельга. Бо адразу ж страціцца шмат працоўных месцаў. Людзей на вуліцу не выкінеш. Таму ёсць задума выставіць усе гэтыя прадпрыемствы на аўкцыён для продажу.

— Будуць і такія прадпрыемствы, якія нічога ўжо не ўратуе, якія давядзецца закрыць. Куды вы плануеце ўладкоўваць з іх людзей?

— Калі створыцца свабода ў бізнэсе, я ўпэўнены, што створыцца магчымасць па адкрыцці новых працоўных месцаў. І гэтыя новыя працоўныя месцы не будуць заўсёды адпавядаць адукацыі таго ці іншага чалавека, які застанецца без працы. Абавязкова — вучоба. Гэта ў першую чаргу, і гэта павінна ўзяць на сябе дзяржава.

— Ці патрэбна Беларусі размеркаванне?

— Хто хоча размяркоўвацца — хай размяркоўваецца, а хто хоча і можа ўладкавацца сам — хай уладкоўваецца сам.



— Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць жыллё?

— Першым крокам у нашай праграме ёсць пункт менавіта вырашэння жыллёвай праблемы для маладых сем’яў. І менавіта для тых сем’яў, якія маюць трох і больш дзяцей. Зразумела, што трэба будзе вырашаць жыллёвыя праблемы і для ўсіх астатніх людзей, хто застаўся на гэты час без жылля. Тут падыход павінен быць вельмі прадуманы. Бо калі чалавек у сацыяльным плане не зможа сам пабудаваць кватэру, не можа знайсці сродкі для яе пакупкі, то адназначна, што дзяржава павінна мець магчымасць выдзеліць сацыяльнае жыллё. Але калі чалавек матэрыяльна забяспечаны, то трэба даць яму магчымасці: даць участак — хай будуецца, альбо даць магчымасць яму набыць кватэру.

— Ці не стане жыццё горш, чым яно зараз у нас ёсць?

— Ужо як ёсць сёння, то я думаю, што горш няма куды. А каб зразумець, што горш няма куды, трэба гэтым людзям пабываць у суседніх краінах. Напрыклад, у Польшчы ці Літве. Трэба вучыцца ў суседзяў і не баяцца новага.

— Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы ўрэшце ці не? Увядзем адзіную валюту ці не?

– Аб’ядноўвацца нам не трэба. Я так адказваю на гэтае пытанне: нам трэба жыць кожнаму ў асобнай добраўпарадкаванай кватэры, а не ў адной камунальнай. Адносіны з Расіяй павінны быць добрасуседскія, ўзаемавыгадныя. Такія ж самыя адносіны, як з Літвой, Польшчай, Украінай — мы павінны сябраваць з усімі. Я дакладна ведаю, што зараз у Расіі вельмі інтэнсіўна ўзрастаюць антыбеларускія настроі. А ў Беларусі ўзрастаюць антырасійскія настроі. Гэта ненармальна. Мы павінны жыць і сябраваць.

— А валюта?

— Валюта адназначна адзіная не патрэбна. Як толькі з’яўляецца агульная валюта, то ў больш спрыяльных умовах будзе знаходзіцца тая краіна, якая гэтую валюту будзе друкаваць.

— Ці рэальны бязвізавы ўезд грамадзян Беларусі ў Еўрасаюз? Наколькі гэта рэальна і калі гэта магчыма?

— Еўрасаюз пагадзіцца на тое, каб беларусы ехалі без віз у Еўропу толькі пасля таго, як будзе створана сапраўдная мяжа паміж Расіяй і Беларуссю. Без вырашэння гэтага пытання Еўропа ніколі не пагадзіцца на бязвізавы ўезд беларусаў у Еўропу. Не таму, што я не хачу сябраваць з Расіяй. Праз незачыненую мяжу з Расіяй у Беларусь хлыне паток эмігрантаў з іншых краін. І для Еўропы гэта рызыкоўна. Мы павінны імкнуцца да таго, каб беларусы маглі свабодна ездзіць у Еўропу, каб надалей Беларусь увайшла ў Шэнгенскую зону, каб Беларусь увайшла ў Еўрасаюз — але гэтае пытанне трэба вырашаць комплексна.

— Ці будзеце вы ўцягваць сваіх жонак у вялікую палітыку і ў якім выглядзе?

— У мяне адна жонка і мы з ёй жывем больш за 30 гадоў. Зразумела, што жонка павінна дапамагаць прэзідэнту ў той ступені, у якой яна можа дапамагаць. Але абавязкова яна павінна жыць з прэзідэнтам, сваім мужам. Гэта нармальна, гэта стандарт сусветны, гэта — стандарт сямейны. Гэта — нармальныя адносіны ў сям’і!

— Самой займацца палітыкай, як, да прыкладу, гэта рабіла жонка Клінтана, сваю жонку пусціце?

— Жонка прэзідэнта павінна мужу дапамагаць. Альбо займацца грамадскай дзейнасцю, альбо чымсьці іншым. Але яна павінна быць з мужам.

— Спадар Рыгор, ведаем, што вы не толькі граеце на музычным інструменце, і не на адным, але і пішаце вершы. Можа, прачытаеце што-небудзь?

— У час свайго арышту, толькі не памятаю якога — тады ў мяне было два арышты ў 2006 годзе — я напісаў верш, які я пісаў без аркуша паперы, без асадкі: іх не давалі. І таму ён застаўся ў галаве. Гэты верш я прысвяціў жонцы, прысвяціў яго нашай першай сустрэчы, якая была больш як 31 год таму.

Я сустрэўся з табой у белай квецені мая
Тады, як пялёсткі кружылі наўкол
Сарамліва, нясмела глядзеў табе ў вочы
Дакрануцца баяўся дрыготкай рукой
Не забыць мне ніколі тае майскае ночы
Як мы зоркі лічылі з табой удваіх
Калі я саграваў твае босыя ногі
Жарам вуснаў і рук разагрэтых сваіх
Хоць прайшло з той пары і нямала ўжо часу
Ды як сёння я помню той майскі наш дзень
Калі я сарамліва глядзеў табе ў вочы
Упершыню запрашаўшы на танец цябе
Калі я з захапленнем глядзеў табе ў вочы
Упершыню запрасіўшы на танец цябе.