Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Мікола Статкевіч: Дзяржава не павінна лезці ў ложак! (відэа)

29  Ноября 2010 г.  в 13:42, показов: 2906 : Выборы в Республике Беларусь


Зміцер Лукашук

 

У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Мікола Статкевіч распавёў, што чакае армію і міліцыю ў выпадку абрання яго прэзідэнтам, як ён плануе вырашыць кватэрнае пытанне, і расказаў, калі мы паедзем у Еўропу без візы.


 


— Ваш ідэал палітычнага лідэра?

— Леў Сапега. Гэта — патрыёт, палітык, дыпламат, палкаводзец.

— Вашая самая ўлюбёная кніга?

— Андрэй Платонаў "Катлаван".

— А песня?

— Песні — яны пад настрой. Я зараз не спыніўся б на адной.

— На ваш погляд, заробак прэзідэнта ў колькі разоў можа ці павінен перавышаць заробак, да прыкладу, настаўніка ці медыка?

— Безумоўна, прэзідэнт не павінен быць жабраком. І не павінен фармальна мець невялікі заробак, але жыць на ўсім гатовым. Але, я думаю, перавышаць можа ў некалькі разоў: 3-4, максімум у 5 разоў. З тым, каб на сабе адчуваў, як жывуць іншыя.

— Як вы ставіцеся да сексуальных меншасцяў? Як чалавек ваенны…

— Я да іх ніяк не стаўлюся. Я да іх, як кажуць, не адношуся. Але я лічу, што кожны чалавек мае права любіць, кахаць, як яму падабаецца. Галоўнае, каб гэта не было нейкім гвалтам над другой асобай і — дзяржава не павінна лезці ў ложак.

— З кім вы часцей сустракаецеся са сваякоў? Ці ёсць у вас нейкая сямейная традыцыя?

— Ёсць прыватнае жыццё, і я не хацеў бы ў сваё прыватнае жыццё пускаць публіку.

— Якія б святы вы выкраслілі з сённяшняга календара, а якія б дадалі?

— Я, мабыць, усё ж такі выкрасліў бы з гэтага календара дату 7 лістапада як святочную. Усё ж такі гэтая дата сімвалізуе сабой братазабойчы канфлікт — Грамадзянскую вайну. Самую жорсткую з усіх войнаў. Гэта трэба толькі адзначаць як дзень смутку, прымірэння. Я думаю, мы павінны, як кожная нармальная дзяржава, 25 жніўня святкаваць Дзень Незалежнасці. У 1991 годзе мы зрабіліся юрыдычна незалежнымі. Думаю, што трэба 27 лістапада святкаваць Дзень абаронцаў Айчыны. У 1920 годзе простыя людзі па вёсках Случчыны сабраліся, сфармавалі брыгаду і пайшлі абараняць сваю Радзіму. Не па прымусу, не па загадзе. Гэта сапраўды абаронцы Айчыны. Гэтыя даты я б увёў як новыя. Безумоўна, мы хрысціянская краіна, у нас ёсць хрысціянскія святы. І Каляды, і Вялікдзень, якія усё ж такі варта не адзін дзень адзначаць.

— Ці ведаеце вы, колькі зараз каштуе пляшка гарэлкі?


— Пляшка гарэлкі — не ведаю. Ведаю, колькі каштуе малако, сухое віно…

— Колькі яна, на ваш погляд, мусіць каштаваць?

— Моцны алкаголь павінен быць дарагім. Даражэй за сухія віны. У нас гэта сітуацыя трохі выраўноўваецца. Але за кошт таго, што беларускія прадпрыемствы пачынаюць разліваць гэтыя віны. Аднак якасць гэтага дастаткова нізкая. Прыстойнае сухое віно — з вялікімі акцызамі. Нават самае таннае за мяжой сухое віно ў нас каштуе ледзьве не ўдвая больш за пляшку гарэлкі. Гэта ненармальна.

— Колькі ў вас сапраўды блізкіх сяброў і ці ўдзельнічаюць яны ў вашай выбарчай кампаніі?

— Іх некалькі чалавек. У той ці іншай ступені яны мяне падтрымліваюць.

— У якую паліклініку вы звяртаецеся, калі раптам захварэеце?

— Я звяртаюся праз знаёмых у пэўныя медыцынскія ўстановы. Дзякаваць Богу, гэта бывае вельмі рэдка. Я апошні раз звяртаўся ў такія ўстановы год таму і то ў сувязі, скажам там, з механічнымі траўмамі. Мяне пасля вылучэння Кангрэсам еўрапейскіх сіл кандыдатам у прэзідэнты паспрабавалі гадзінкі паўтары ў Цэнтральным РАУС паправакаваць на супраціў. Давялося звяртацца.

— Ці даводзілася вам калі-небудзь браць крэдыт? Калі даводзілася, то на што?

— Я крэдыты ніколі ў сваім жыцці не браў. Мне здараецца пазычаць грошы, асабліва цяпер, у сваіх сяброў.



— З чаго вы вырашылі, што можаце быць прэзідэнтам?

— Я магу паправіць гэтую сітуацыю ў Беларусі — калі выбараў няма, улада рыхтуе чарговы спектакль, а ўсім альтэрнатыўным кандыдатам наканавана ў гэтым спектаклі роля блазнаў, клоунаў. Я лічу, што магу нешта зрабіць, магу арганізаваць ціск актыўнай часткі грамадства на ўладу. З тым, каб дамагчыся сумленных выбараў праз публічныя акцыі. Я ў найбольшай ступені кандыдат для такой сітуацыі. Калі выбары — цырк, і нешта трэба зрабіць, каб гэты цырк зламаць. Я не буду клоунам у гэтым цырку!

— У свядомасці людзей Лукашэнка атаясамлівае сабой стабільнасць. А вы што прапануеце грамадзянам?

— Я думаю, што стабільнасць у наш час, які так хутка мяняецца, гэта — развіццё. Калі краіна перастае развівацца, гэта, ведаеце, як ідзеш па балоце: спыніўся — пачынаеш тануць. Нашая краіна спынілася ў развіцці. Мы хутка можам згубіць прамысловасць, калі мы нічога не будзем рабіць. Трэба нешта рабіць. Стабільнасць — гэта развіццё. Вось мой падыход.

— Уявім сабе, што Мікола Статкевіч стаў прэзідэнтам: ці ёсць у вас людзі, якіх можна будзе паставіць на месца міністраў, губернатараў? Які лёс чакае такія арганізацыі, як "Белая Русь", БРСМ?


— Калі нейкая асоба робіцца прэзідэнтам краіны, у яе ў кадравым раскладзе — уся эліта краіны. Вытворчая, прамысловая, інтэлектуальная. Выбар багаты. Нават з гэтага спісу прэтэндэнтаў можна некалькі чалавек узяць у каманду ў якасці дарадцаў або нават міністраў. Тут праблем з гэтым не будзе. Акрамя таго, ёсць, так бы мовіць, кухонны кабінет. Ёсць група дасведчаных людзей, найперш у партыі, якія прайшлі са мной выпрабаванні, якія даказалі свае арганізатарскія здольнасці, захаваўшы структуры партыі ва ўмовах такога неверагоднага прэсінгу — гэта выдатныя адміністратары. Што тычыцца арганізацый, якія вы назвалі, то я думаю, што яны мусяць быць пастаўленыя ў роўныя ўмовы з усімі. Выжывуць — значыць, заслугоўваюць права на жыццё. Калі яны без датацый, без прымусовага ўцягвання ў свае структуры, запісу сканаюць — гэта таксама будзе справядліва. Увогуле я лічу, што палявання на вядзьмарак рабіць не варта. Беларусам урэшце трэба неяк паразумецца і памірыцца. Варта, безумоўна, кампенсаваць страты маральныя ды іншыя тым людзям, якія пацярпелі ад гэтага рэжыму. І варта пакараць людзей, якія здзейснілі крымінальныя злачынствы. Забойства — гэта ўжо недаравальна. Палітычныя забойствы павінны быць расследаваныя, а вінаватыя павінны быць пакараныя.

— Што вы думаеце рабіць, калі ўсё ў вас атрымаецца, з ростам коштаў на прадукты?

— Першыя крокі відавочныя — гэта змена інвестыцыйнага і дзелавога клімату. Гэта — змена заканадаўства з тым, каб сюды пайшлі грошы, каб яны не баяліся сюды ісці, каб прыйшоў сістэмны інвестар. Са сваімі тэхналогіямі, са сваімі сеткамі тавараправодзячымі. Я думаю, што праблема росту цэнаў — гэта праблема канкурэнтаздольнасці нашай прамысловасці і канкурэнцыі ўвогуле.

— Што, на ваш погляд, трэба зрабіць з нерэнтабельнымі прадпрыемствамі: зачыніць ці працягваць падтрымліваць?

— Я думаю, што для такіх прадпрыемстваў найперш трэба шукаць інвестара, які мадэрнізаваў бы гэтае прадпрыемства, які даў бы новыя рынкі збыту. Такія прадпрыемствы трэба прадаваць. Частку акцый ці большасць акцый.

— Не на ўсе прадпрыемствы знойдзецца інвестар: частку давядзецца з-за жыццёвай рэальнасці зачыніць. Ці ёсць у вас план, куды падзець людзей з такіх прадпрыемстваў?

— Перш за ўсё, трэба даць дыхаць малому і сярэдняму бізнэсу. Ён у нармальных краінах стварае большасць унутранага валавога прадукту. Ён вельмі гнуткі і эфектыўны, ён дае значную колькасць працоўных месцаў. Іх трэба не душыць — ім трэба дапамагаць. Вось туды пойдзе тая працоўная сіла, якая скарачаецца. Яна ўжо і так скарачаецца з безнадзейных прадпрыемстваў.

— Пытанне да вас як да вайскоўца: ці патрэбная нам армія ў той колькасці, якая зараз ёсць? І як да палітыка: ці патрэбная нам такая колькасць міліцыі?

— Беларуская армія — каля 40 тысяч вайскоўцаў. Яна не вялікая і забірае не шмат грошай. Войска патрэбна дзяржаве. Не таму, што гэта атрыбут суверэнітэту, але ўсялякае бывае — і безабароннасць спакушае. Адзінае: калі вы ўжо ўзялі на службу чалавека за грошы і кажаце яму: “Ты вось прыйшоў сюды, і калі дзяржава дасць каманду — ты павінен пайсці і памерці”, то гэтага чалавека трэба належным чынам утрымоўваць. І тут асноўная праблема, безумоўна, жыллёвая. У войску павінны налічвацца пэўныя адсоткі на спецыяльны рахунак. З тым, каб пасля адстаўкі гэты чалавек мог купіць сабе нармальнае жыллё. У нас 9 спецслужбаў ужо з правам аператыўнай дзейнасці. Вось дзе, шчыра кажучы, трэба істотнае скарачэнне. Таму што не такая ўжо паталагічна крымінальная нацыя, каб мець міліцыю на душу насельніцтва, здаецца, утрая большую, чым у Польшчы. І навошта гэтыя шматлікія спецслужбы, якія дублююць адна другую, сочаць адна за другой? Такі недавер? Такі страх? Менш баяцца трэба! Будзь нармальным чалавекам — і баяцца не трэба.



— Калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць сабе кватэру?

— Трэба найперш развіццё іпатэкі — танных жыллёвых крэдытаў. Па-другое, гэта — канкурэнцыя на рынку будоўлі жылля. Каб пазбегнуць такіх сітуацый, калі манапаліст збірае грошы, манапольна атрымаўшы кавалак зямлі, і потым на гэтыя грошы нешта будуе. Потым — не пабудуе, потым — забяруць, потым — украдуць грошы і разбягуцца. Павінна быць канкурэнцыя на атрыманне жылля пад забудову і на продаж. Гэта будзе спрыяць зніжэнню цэн. І яшчэ трэці момант — развіццё арэнднага жылля. Калі спецыяльна будуюцца цэлыя кварталы такіх дамоў, дзе па коштах, не вельмі адрозных ад кватэрнай платы, можна зняць кватэру.

— Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы ў рэшце ці не? Увядзем адзіную валюту ці не?

— Расія такая вялікая краіна, і яна будзе ўплываць тут заўсёды. І гэты ўплыў, калі яго нічым не кампенсоўваць, раней ці пазней можа прывесці да паглынання Беларусі. Чаго я як беларус, як патрыёт сваёй краіны вельмі не хацеў бы. Уцякаць ад Расіі не трэба, а трэба — я гэта сфармуляваў яшчэ ў 1998 годзе — каб баланс быў. Дружалюбны, неканфліктны беларуска-расійскі баланс. Трэба развіваць адносіны з Еўропай, трэба ісці ў еўрапейскую эканамічную прастору. У візавую, у палітычную прастору. І нават імкненне ў той бок будзе спрыяць захаванню гэтага балансу. А адзіная валюта… Я лічу, што гэта немэтазгодна. Бо на роўных не дазволяць, а на няроўных — гэта па сутнасці згуба суверэнітэту, уплыву на сваю валюту. Увогуле, расійскі рубель пакуль што не дацягвае да статусу такой валюты, як еўра ці долар — на якую б варта было пераходзіць. На жаль.

— Ці рэальны ўезд грамадзян Беларусі ў Еўрасаюз без віз? Наколькі гэта рэальна і калі гэта магчыма?

— Я лічу, што гэта цалкам рэальна — бязвізавы ўезд у Еўрапейскі Саюз. Украіна ўжо хутка яго атрымае. Мы таксама маглі б яго атрымаць, і значна раней. Бо краіна больш спакойная, менш карумпаваная і меншая паводле насельніцтва і памераў. Але ўсё пытанне ўпіраецца ў нашую ўладу: калі тут будзе дэмакратыя, гэта вырашыцца вельмі хутка.

— Як ён зробіць, каб быў большы заробак?

— Гэта можна зрабіць толькі адным шляхам — узнімаць эфектыўнасць нашай эканомікі. Каб расла вытворчасць, расла эфектыўнасць, канкурэнтаздольнасць. І будуць расці заробкі. Бо калі сюды будуць ісці інвестары — усё будзе тут развівацца. Канкурэнцыя за чалавека, за працаўніка. І гэта канкурэнцыя дазволіць досыць хутка ўзнімаць заробак. Як гэта здарылася шмат у якіх суседніх з намі краінах.

— Ці не стане жыццё горш, чым яно ў нас зараз ёсць?

— Нашы суседзі ў значна больш складаных сітуацыях правялі рэформы — і жыць там стала лепш. Калі адкінуць у бок гэтыя страшылкі беларускага тэлебачання, якое прыдумляе праблемы ў суседніх краінах і абмінае ва ўласнай, то я прыводжу такі прыклад: польскія пенсіянеры ўжо засвойваюць адпачынак — звычайныя пенсіянеры, у Іспаніі, у Егіпце. А нашы ўсё думаюць пра кавалачак хлеба, малачка і каб за кватэру неяк заплаціць. І то добра — абы вайны не было. Усё ж такі свет пайшоў наперад, ён вельмі хутка мяняецца, запатрабаванні людзей значна выраслі, а мы жывем катэгорыямі канца мінулай вайны.

 



 

Источник информации:




Система Orphus