Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Кандидат в президенты р. Беларусь - Андрей Санников (видео)

25  Ноября 2010 г.  в 14:09, показов: 4239 : Выборы в Республике Беларусь


Кандидат в президенты р. Беларусь - Андрей Санников (видео)

Андрэй Саннікаў: Сваю жонку дома называю мамай (відэа)

Кандыдат у прэзідэнты заклікаў сённяшніх міністраў і чыноўнікаў падаць у адстаўку, расказаў, што чакае стратныя прадпрыемствы, прадказаў будучыню БРСМ і падзяліўся сямейнымі таямніцамі. Усё гэта — у новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!".


 

БЛІЦ-АПЫТАННЕ



— Ваш ідэал палітычнага лідара?

— Гэта лідары Усходняй Еўропы, якія перамаглі ў сваёй барацьбе за дэмакратыю, а потым узначалілі свае дзяржавы. На сённяшні дзень гэта — Валенса, гэта — Гавел, гэта тыя, хто адстойваў правы чалавека.

— Вашая ўлюбёная кніга?

— У мяне шмат улюбёных кніг. І я магу вельмі доўга распавядаць і пра літаратуру на рускай мове, на беларускай мове, на англійскай мове. Гэта шмат кніг, сапраўды.

— На колькі заробак прэзідэнта павінен перавышаць, да прыкладу, заробак настаўніка?

— Настаўнікі розныя бываюць. Калі браць прафесіянала, які працуе 20 ці 30 гадоў, выкладчык, прафесар універсітэта, у якога ёсць школа, то ён павінен зарабляць, можа быць, аднолькава, а, мабыць, нават і больш за прэзідэнта. Гэта тычыцца і астатніх прафесій.

— Як вы ставіцеся да сэксуальных меншасцяў?

— Я, відавочна, прытрымліваюся традыцый. Але паколькі я абвясціў курс на інтэграцыю ў Еўропу, павінны працаваць еўрапейскія законы, павінны працаваць еўрапейскія правілы.

— Калі зараз Андрэй Саннікаў паглядзіць у кашалёк, то колькі грошай там будзе?

— Я сёння мушу нешта купіць, таму сёння там будзе прыблізна 100 тысяч.

— Як дома вы звяртаецеся да сваёй жонкі?

— Зараз галоўнае слова — мама. Ці маці, ці мамка.

— Якая ў вас самая важная сямейная традыцыя?

— Падтрымка сяброўскіх адносінаў з людзьмі. А гэта значыць — традыцыі пачастункаў, традыцыі сустрэч з сябрамі і знаёмымі.

— Лічыцца, што ў чалавека не бывае шмат менавіта блізкіх сяброў. Колькі такіх блізкіх сяброў у вас і ці ўдзельнічаюць яны ў вашай прэзідэнцкай кампаніі?

— Тыя, хто працуе ў камандзе, — гэта блізкія сябры, можна сказаць. Але я пагаджуся з вамі. У мяне ў маладосці быў сапраўды лепшы сябра. І, можа, на той час адзіны сябра. Ён загінуў. Гэта трагедыя для мяне. Ён загінуў у 1977 годзе. Мы вучыліся разам у школе, мы з ім былі сапраўды, як адзін чалавек. Калі такое здарылася, я думаў, што складана будзе такога блізкага чалавека знайсці. Але зараз шмат сяброў, можна сказаць.

— Колькі павінна каштаваць бутэлька гарэлкі?

— Я думаю, што 10-15 долараў дзесьці.

— У якую паліклініку вы ходзіце, калі раптам які бранхіт напаткае?

— Я ўжо шмат гадоў не звяртаюся ні ў якую паліклініку. Прастуда пройдзе праз 7 дзён ці ўжываеш ты лекі, ці не ўжываеш. Я кіруюся такім прынцыпам.

— Вы займаецеся самалячэннем? Ці, як жартуюць, "жоналячэннем"? Альбо, можа, да народнай медыцыны звяртаецеся?

— Самалячэннем больш. Я ведаю, што майму арганізму патрэбна: я даволі добра ведаю свой арганізм.

— Ці даводзілася вам браць калі-небудзь крэдыт, а калі бралі — то на што?

— У банку — не, ніколі не браў крэдыт. Так, пазыкі былі.

— Вы не верыце банкам ці гэта прынцып?


— Увогуле не было неабходнасці неяк. А ўвогуле, сённяшнім банкам даверу няма.

АСОБА



— З чаго вы вырашылі, што мажаце быць прэзідэнтам?

— Гэта было асабістае рашэнне, але адначасова і рашэнне ўсёй каманды. І перш за ўсё я раіўся са сваімі блізкімі, сябрамі. Чаму?.. Я працаваў на ўзмацненне дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, і гэты досвед у мяне пакуль што самы цудоўны з маёй прафесійнай дзейнасці. Таму што сапраўды — новая краіна, Беларусь, падавалася, што будзе развівацца ў накірунку дэмакратыі, у накірунку забеспячэння правоў і свабод чалавека. Гэтага не адбылося. І хацеў бы, каб той мой досвед зараз быў запатрабаваны.

— Я нагадаю, што ў свой час спадар Андрэй працаваў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Сёння ў свядомасці людзей з розных прычынаў Лукашэнка атаясамліваецца са стабільнасцю. А вы што абяцаеце, што несяце людзям?


— Я казаў, што мая стратэгія — гэта інтэграцыя з Еўрасаюзам і стратэгічныя адносіны з Расіяй. Я не казаў бы, што дыктатарскі рэжым можа забяспечваць стабільнасць для людзей. Гэта не стабільнасць! Амаль з першага ж дня стварэння гэтага рэжыму. Нейкі год быў на тое, што шукалі гэтую мадэль — і потым знайшлі. Мы бачым, што тое, што раней дэкларавалася ў адносінах з Расіяй, зараз павярнулася ў іншы бок. Гэта не стабільнасць. Гэта не стабільнасць для бізнэсу, бо бізнэс пад велізарным ціскам. Гэта абсалютная нестабільнасць да ўсіх груп насельніцтва Беларусі: пазбаўленне льгот пенсіянераў, студэнтаў. Я лічу, што еўрапейскі накірунак развіцця і правядзенне рэформ забяспечыць той еўрапейскі ўзровень жыцця, які патрэбны нармальнай Беларусі.

— Андрэй Саннікаў стаў прэзідэнтам. Ці ўсіх міністраў трэба памяняць? А калі ўсіх, то ці ёсць у вас людзі, якія здольныя заняць гэтыя пасады?

— Зараз ёсць шанец і ў міністраў, якія могуць адзначыцца ў гэтай кампаніі, калі пойдуць у адстаўку. Бо відавочна, што палітыка дыктатуры збанкрутаваная ўжо. І зараз людзям трэба вызначацца. І яны могуць вызначыцца. Я на сваім прыкладзе гэта ведаю. А тое, што будзе працаваць з сённяшніх спецыялістаў… Я б не казаў “міністры”, бо яны так ці інакш уцягнутыя ў фармаванне і падтрымку дыктатуры. Але ж я ведаю, што на ўзроўні ніжэй за міністэрскі — там працуюць вельмі дасведчаныя і прафесійныя людзі.

— Той час, калі вы сышлі з пасады намесніка міністра замежных спраў, гэта быў перыяд, калі людзі былі на ўздыме, быў нейкі гонар. Зараз больш прыстасаванцаў да рэчаіснасці, скажам так. Вы лічыце, што здольныя людзі пры такіх пасадах горда павярнуцца і скажуць: “Не, з такім я працаваць не хачу!”?

— Я ўпэўнены, што здольныя! Нельга лічыць усіх людзей такімі паслухмянымі і такімі, якія падпарадкоўваюцца дыктатуры. Прычым хамскай дыктатуры. Я думаю, што ім не падабаецца, калі яны чуюць на свой адрас хамскія словы, абразы і гэтак далей.

— Пасля прыходу вас да ўлады які лёс чакае такія арганізацыі, як “Белая Русь” і БРСМ?

— Не павінна быць ідэалагізацыі ні прадпрыемстваў, ні навучальнага працэсу. Яны самі знікнуць. Я не думаю, што тут нешта трэба будзе рабіць.

— У нас ёсць прадпрыемствы, якія выжываюць дзякуючы дзяржаўным датацыям. На ваш погляд, што з такімі арганізацыямі трэба далей рабіць: падтрымліваць далей ці зачыняць?

— Ведаеце, калі мы кажам пра эканоміку, пра рынкавую эканоміку, то відавочна, што гэтыя прадпрыемствы трэба рэструктурызаваць. Калі яны яшчэ могуць працаваць, то павінны быць сучасныя мэнэджары, якія выцягнуць гэтыя прадпрыемствы. А калі не, то трэба думаць, што зрабіць. Ёсць працэдура санацыі, банкруцтва — гэта ўсё можна рабіць. Ёсць крызісныя мэнэджары, якія могуць дапамагчы. Яны ёсць і ў нас, і ў нашых суседзяў. Я не хачу займацца папулізмам, але мы павінны пачаць з таго, што мусім даведацца: што ўвогуле адбываецца ў краіне? што за крэдыты набраў гэты рэжым? на якіх умовах? Мы ж нічога гэтага не ведаем.

— Куды падзець тых людзей, якіх давядзецца скараціць у сувязі з закрыццём прадпрыемстваў?

— Паколькі зараз у нас дробны і сярэдні бізнэс задушаны, то свабода створыць для іх магчымасці. Але на буйных прадпрыемствах трэба будзе абавязкова дбаць пра тых людзей, якія там працуюць.

— Можа, у вас засталіся сяброўскія кантакты ў расійскім МЗСе ці ў прыкрамлёўскіх структурах? І, мабыць, даходзяць нейкія чуткі — што ж там плануе Крэмль?

— Я не ведаю, што Крэмль плануе, але тое, што там змяніліся падыходы да Лукашэнкі — то мы гэта бачым. Тыя людзі, якія раней адстойвалі Лукашэнку як адзінага палітыка ў Беларусі і якія казалі, што толькі з ім варта мець справы, — зараз яны кажуць іншае. Гэта тыя людзі, якія займаюцца краінамі былога Савецкага Саюза.

ПЫТАННІ З ВУЛІЦ



— Галоўнае пытанне тычыцца жылля: калі маладым сем’ям дадуць магчымасць хутка пабудаваць кватэру? Пытанне можна пашырыць і спытацца ў вас пра тое, ці ёсць задумкі, як вырашыць кватэрнае пытанне?

— Павінна быць сацыяльнае жыллё, павінны быць магчымасці для будаўніцтва. Але ж гэта ўсё забяспечыць нармальны заробак у нармальнай краіне. У Еўропе маладыя спецыялісты зарабляюць дастаткова, каб здымаць жыллё. І там не так шмат маладых людзей, якія зацікаўлены ў тым, каб мець ужо сёння сваю кватэру ці нейкі дамок. А вось тое, што заробак дазваляе ім здымаць гэтае жыллё, — гэта дазваляе ім быць больш мабільнымі. Я не выключаю, што так і ў Беларусі будзе.

— Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Будзе стары курс ва ўзаемаадносінах? Аб’яднаемся мы ў рэшце ці не? Увядзем адзіную валюту ці не ўвядзем?

— Пра аб’яднанне размова не ідзе. Я думаю, што гэта нявыгадна ні Расіі, ні Беларусі. Размова ідзе пра тое, каб адносіны былі зусім іншымі. Бо тое, што адбываецца цяпер, не патрэбна не толькі палітыкам, але і людзям. І ўсе пытанні ўзаемных інтарэсаў альбо ўзаемных супярэчнасцяў у гэтых інтарэсах можна будзе вырашаць нармальным шляхам. Чаму аб’яднанне не патрэбна? На мой погляд, Расіі патрэбна будзе еўрапейская Беларусь. Як голас у Еўропе, які будзе ў тым ліку правадніком нейкіх ідэй рэгіянальных, карысных і Расіі. У Еўропе сёння Балгарыя — сябра Еўрасаюза, Сербія імкнецца ў Еўрасаюз, маючы традыцыйныя стратэгічныя адносіны з Расіяй. Я думаю, Расіі гэта выгадна.

— Ці не стане жыццё горш, чым яно цяпер у нас ёсць?

— Жыццё горш дакладна не стане. Я думаю, што вельмі хутка жыццё стане лепш. Бо павінны быць прыбраныя ўсе гэтыя перакосы, якія пачынаюцца з палітыкі: ліквідацыя дыктатуры азначае аднаўленне падзялення ўлады. А гэта, як ні дзіўна, паўплывае і на кошты прадуктаў, і на памер заробку.

— Як ён зробіць, каб у людзей быў большы заробак?

— Што значыцца “большы заробак”? Большы заробак па працы, па тых магчымасцях, якія адкрываюцца. Бо я лічу, што сёння тое, што аб’яўлена як нешта захмарнае — курс на сярэдні заробак у 500 долараў — мы ўжо даўно заслужылі большы заробак! Пры гэтым павінна працаваць эканоміка, павінен працаваць малы і сярэдні бізнэс — гэта адразу генеруе прыбытак. Прыход сусветных брэндаў адразу генеруе іншую сітуацыю. Тады можна будзе казаць пра нармальныя заробкі. Я б казаў не пра тое, што нам патрэбны большы заробак — нам патрэбны годны заробак.

— Ці рэальны бязвізавы ўезд грамадзян Беларусі ў Еўрасаюз? Наколькі гэта магчыма і калі гэта будзе?

— Абсалютна рэальны, і адна з мэтаў Еўрасаюза — акурат бязвізавы ўезд. Паглядзіце, што адбываецца: Расія кажа пра бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам, Украіна кажа пра бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам, а мы кажам пра змяншэнне кошту віз. Нас ізноў падманваюць. Трэба ставіць пытанне так: мы рухаемся ў Еўропу і неабходна адмяняць візы.

— Ці будзеце вы далучаць сваіх жонак да вялікай палітыкі? І ў якім выглядзе?


— У мяне жонка — Ірына Халіп. Яна журналіст і не дай Бог ёй стаць палітыкам і заняцца палітыкай. Яна згубіцца як журналіст. Я лічу яе прафесійным, моцным, вядомым журналістам, якая павінна займацца гэтай прафесіяй.

— Але ж першая лэдзі — гэта таксама дзесьці занятак палітычны?!

— Гэта дзесьці занятак палітычны, але ж гэта занятак больш такімі сацыяльнымі пытаннямі, а не палітыкай, вялікай палітыкай.