Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Чаму "Брэсцкую крэпасць" дагэтуль не паказваюць у беларускіх кінатэатрах?

17  Ноября 2010 г.  в 12:56, показов: 3377 : Музыка, кино, музеи, выставки


Віталь Ругайн,

Пакуль у расійскім пракаце фільм збірае мільёны долараў, у нас яго паказалі толькі некалькі разоў. Еўрарадыё высветліла, чаму нам не паказваюць грандыёзную стужку і калі нарэшце "Крэпасць" трапіць у кінатэатры.

Фільм "Брэсцкая крэпасць" зняты напалову "Беларусьфільмам" і расійскай кампаніяй "Цэнтралпартнершып". На яго патрацілі каля 7 мільёнаў 256 тысяч долараў. Стужку актыўна круцяць на расійскіх экранах, а ў Беларусі паказалі толькі некалькі разоў, у тым ліку ў самой крэпасці і на адкрыцці фестывалю "Лістапад".

У суседняй краіне фільм ужо сабраў больш за 3 мільёны 700 тысяч долараў, распавялі Еўрарадыё у кампаніі "Цэнтралпартнершып":

"Брэсцкая крэпасць" стаіць па ўсёй Расіі. У асноўным ва ўсіх мільённіках, Маскве, Піцеры і маленькіх гарадах, якія самі вельмі прасілі паказаць гэты фільм. Гэта больш за 540 экранаў. На жаль, прадзюсеры нас абмежавалі па колькасці экранаў, таму што распісаць яго можна было б нашмат болей".

Чаму грандыёзны фільм, пра які так шмат казалі, не паказваюць у кінатэатрах Беларусі? У расійскай кампаніі адзначаюць, што "Брэсцкую крэпасць" на шырокім экране мы можам зусім не ўбачыць. Паводле неафіцыйных звестак, прадзюсер стужкі і наша Міністэрства культуры ніяк не могуць дамовіцца.

Кіраўнік "Кінавідэапракату" Васіль Коктыш кажа, што беларускія праваўладальнікі з датай выхаду фільма пакуль не вырашыліся.

"Праваўладальнік вызначае дату выхаду ў пракат. У нас не выходзіў, бо праваўладальнік не вызначыўся, калі выпускаць фільм у Беларусі. Заключыць дамову з расійскімі праваўладальнікамі не атрымалася, таму што ў Беларусі праваўладальнікам з'яўляецца нашая кінастудыя".

Каментуючы сітуацыю, прадзюсер фільма Ігар Угольнікаў выказаў занепакоенасць і паабяцаў разабрацца з праблемамі пракату стужкі ў Беларусі.

"Я вельмі хацеў, каб прэм'ера была сапраўды ўсесаюзнай і адбылася адначасова ў Маскве і Мінску. Я прапаноўваў ўзяць арганізацыю пракату і ў Расіі, і ў Беларусі на сябе. Але кінастудыя "Беларусьфільм" і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вырашылі зрабіць гэта самі, замацаваўшы гэта сваё права рашэннем Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. На жаль, яны не змаглі ў тэрмін вырашыць арганізацыйныя моманты".

Згодна са словамі намесніка начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва Мінкульта Аляксея Бязуглага, затрымка паказу ў Беларусі звязана з арганізацыйна-тэхнічнымі праблемамі, а таксама пошукам грошай на копіі фільма ў высокай якасці паводле сусветных стандартаў і нават у фармаце 3D.

"Вы ведаеце, у нас няма аналагу падобнай маштабнай акцыі. Стварэнне сумеснага фільма, ды і яшчэ за кошт сродкаў саюзнага бюджэту. Гэта маса умоўнасцяў і нарматыўных дакументаў, якія абыйсці ніяк нельга, і мы дзейнічаем у межах закону. Таму я абсалютна не драматызую сітуацыю. Больш за тое, я мяркую, што затрымка ў часе ідзе на карысць рэкламавання фільма і падагравае цікавасць гледача".

Акурат падчас размовы з Аляксеем Бязуглым высветлілася, што копіі фільма для кінатэатраў пераехалі мяжу, і ўжо ў бліжэйшыя дні "Брэсцкую крэпасць" можна будзе пабачыць у Беларусі.

Паказваць яе будуць больш за 4 тыдні ва ўсіх буйных гарадах ад Смаленска да Благавешчанска. А з 12 па 21 лістапада "Брэсцкую крэпасць" пракруцяць у сталіцы Латвіі. У Расіі водгукі на фільм вельмі добрыя, і, на думку пракатчыкаў, стужка вярнула давер гледача да ваеннага кіно.