Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

45 валанцёраў з Масквы працавалі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”

10  Августа 2010 г.  в 19:51 : Брестская крепость

Маскоўскі дэсант высадзіўся ў ліпені ў Брэсце. Юнакі і дзяўчаты трэці год прыязджаюць у абласны цэнтр у складзе працоўных атрадаў. Актывісты маладзёжнага руху расійскай сталіцы выязджаюць на работу ў Беларусь па ініцыятыве Цэнтра занятасці моладзі “Перспектыва” пры падтрымцы адміністрацыі Цэнтральнай акругі Масквы. Падлеткі займаюцца добраўпарадкаваннем.

– Жадаючых паехаць на работу ў Брэст з кожным годам становіцца больш, – расказвае начальнік змены Эльдар Шарыпаў. – Сёлета, напрыклад, заяўкі падавалі дзеці з Падмаскоўя. На жаль, не атрымліваецца працаўладкаваць усіх жадаючых. У атрад трапляюць кадэты, члены ваенна-патрыятычнах клубаў і аб’яднанняў. Паездка ў горад над Бугам – цудоўная магчымасць наведаць знакамітыя гістарычныя мясціны, знайсці новых сяброў і нядрэнна падзарабіць. Сярэдні заробак байца атрада – 10 тысяч расійскіх рублёў.

Аднак не толькі дзеля заробку дзеці прыязджаюць у Брэст. Тут для іх арганізавана насычаная культурная праграма. Яны пабывалі ў музеях абласнога цэнтра, Белавежскай пушчы, на спартыўных аб’ектах горада, а таксама ў Хатыні. Акрамя таго, масквічы паўдзельнічалі ў таварысцкіх матчах па футболе, а таксама ў гульнях КВЗ, сустрэліся з брэсцкімі валанцёрамі.

– У Брэст заўсёды прыязджаю пры першай магчымасці, – расказаў намеснік начальніка змены Аляксей Маразюк. – Тут я нарадзіўся, але бацькі пераехалі ў Расію, там і застаўся. Цяпер бываю тут па рабоце і заўсёды захоўваю прыемныя ўражанні. Байцам атрада таксама вельмі падабаецца, многія нават прыязджаюць па некалькі разоў да таго часу, пакуль дазваляе ўзрост – да 17 гадоў.

Больш за ўсё маскоўскіх дзяцей уразіла Брэсцкая крэпасць. Заўважылі школьнікі ўтульнасць, чысціню абласнога цэнтра, а таксама вялікую колькасць зялёных насаджэнняў. Нават у анамальную спякоту яны атрымлівалі асалоду ад брэсцкай свежасці, таму што ў Маскве тэмпература ў гэты час была значна вышэй.

– Паездка ў Беларусь мае для мяне вялікае значэнне, – падзялілася ўражаннямі валанцёр Соф’я Шастакова. – Мой дзед удзельнічаў у вызваленні Брэста, таму гісторыя маёй сям’і цесна звязана з крэпасцю. Тут пабывала ўпершыню і адразу закахалася ў цудоўны горад. Спадзяюся, што будзе магчымасць прыехаць сюды яшчэ.

Дарэчы, ініцыятыву маскоўскіх актывістаў падтрымлівае абласны камітэт ГА “БРСМ”. Члены грамадскага аб’яднання дапамагаюць у арганізацыі работы і вольнага часу. Па словах валанцёраў, галоўная мэта выезду – наладжванне добрасуседскіх адносін і выхаванне патрыятычных пачуццяў у падрастаючага пакалення.

– У гэтай змене мне больш за ўсё запомняцца пазнавальныя экскурсіі, – прызнаўся валанцёр Мікалай Караткоў. – Асабліва зацікавілі гістарычныя мясціны. Нягледзячы на тое, што Беларусь і Расія знаходзяцца побач, пэўныя адрозненні ў сучасным жыцці ёсць. Беларуская культура вельмі самабытная. Шкада, але больш прыехаць у складзе маладзёжнага атрада не атрымаецца. Аднак перакананы, што гэтая сустрэча з Брэстам не апошняя.

Маскоўская моладзь паехала, перапоўненая разнастайнымі эмоцыямі. Юнакі і дзяўчаты пакінулі пасля сябе не толькі прыемныя ўражанні, але і добра выкананую работу. Прыбраная тэрыторыя каля Паўночных варот крэпасці, новыя кантакты са сталічнымі школьнікамі і вялікая колькасць пазітыўных эмоцый у брастаўчан – цудоўныя напаміны пра тое, што брацкія народы аб’ядноўвае не толькі мінулае, але і сучаснае.

Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”. Фота аўтара

45 валанцёраў з Масквы працавалі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”

45 валанцёраў з Масквы працавалі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”
 

Источник информации: Народная Трибуна