Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Молодёжному сайту PRUZHANY.NET исполнился год

28  Июля 2010 г.  в 12:23, показов: 3303 : Брестская область


Молодёжному сайту PRUZHANY.NET исполнился годУчора гарадскому маладзёжнаму сайту pruzhany.net споўніўся год.

Для тых, хто не ведае: даў жыццё гэтаму сайту пружанскі юнак Андрэй Краўчук. Па ўласнай ініцыятыве — і на ўласныя сродкі — ён запусціў праект, каб маладым пружанцам на інтэрнэт-прасторы было дзе правесці час, абмеркаваць праблемы.
За год сайт набыў папулярнасць і нават перажыў шмат змен. Аб гэтым мы папрасілі расказаць Андрэя і назначылі яму сустрэчу ў “рэале”.
— Андрэй, найперш віншую цябе і ўвесь калектыў стваральнікаў сайта з днём нараджэння. Што з вамі адбылося за гэты год?
— Можна сказаць, што за год з сайта мы перараслі ў гарадскі партал. У нас з’явіліся нармальны чат, форум, дошка прыватных аб’яў. Кожны вечар у чаце 10-15 чалавек актыўна дзеляцца навінамі, нешта абмяркоўваюць: сумна не бывае. А на форуме нават горача часам! Сёння мы маем звыш 600 зарэгістраваных карыстальнікаў.
— Андрэй, ты ўвесь час гаворыш “мы”.
— Так, з першых дзён існавання сайта ў яго з’явіліся пастаянныя наведвальнікі, якія ўключыліся ў жыццё праекта і значна дапамагаюць. Такіх людзей многа, але не магу не назваць два імя.
Shumelkin адразу прапанаваў дапамогу, удзельнічаў ва ўсіх нашых мерапрыемствах, зараз ён — галоўны рэдактар сайта. Менавіта Павел аўтар самых абмяркоўваемых публікацый, ад яго камеры не схавалася ні адна значная падзея ў горадзе.
Таксама праз сайт я пазнаёміўся з чалавекам пад нікам Hermit. Аляксей нарадзіўся ў Пружанах, а зараз жыве ў Мінску. Ён наш тэхнічны адміністратар, каб не ён, многія нашы задумы так і засталіся б проста планамі.
— Дарэчы, калі гутарка зайшла аб планах. Чым плануеце парадаваць пружанскую моладзь?
— Хочацца неяк разварушыць маладых…
Зараз у нас працуе аўта-клуб. Магчыма, ўжо бачыў на вуліцах горада машыны з надпісам avto.pruzhany.net. Запрашаем! У планах сумесныя паездкі, аўтапрабегі: разам весялей!
Мы стараемся інфармаваць моладзь аб усіх падзеях пружанскага жыцця, але шмат чаго яшчэ застаецца па-за ўвагай. Таму вялікая просьба да ўсіх, а асабліва да школьнікаў: пішыце нам. Мы з радасцю будзем размяшчаць усе навіны вашага школьнага жыцця на нашым сайце, а вы атрымаеце пляцоўку для дыскусій. За год мы набылі аўтарытэт і моц, да нашага меркавання прыслухоўваюцца. Не заставайцеся ў баку.
Ёсць вялікае жаданне правесці мерапрыемства накшталт “Маладзёжнай вясны”, як варыянт – вулічныя танцы. Але тут нам патрэбна падтрымка…
— Андрэй, у інтэрнэце ходзіць шмат размоў пра тое, што ў сучаснай моладзі нібыта няма будучыні, усё жыццё зводзіцца да анлайна. Як адміністратар маладзёжнага рэсурса, што ты можаш сказаць на гэты конт?
— Я лічу, што не ўсё так дрэнна… Калі меркаваць па нашых наведвальніках, сучасная моладзь праводзіць аднолькава часу і ў інтэрнэце, і ў рэале. Ды і ў нас мэта не проста аб’яднаць людзей вакол сайта і бавіць час у чаце. Усё самае цікавае праходзіць у рэале. Акцыі, якія мы аб’яўляем на сайце, ажыццяўляюцца ў рэальным жыцці, а на сайце проста абмяркоўваюцца.
— А якія пытанні больш за ўсё хвалююць пружанскую моладзь?
— На форуме надта актыўна абмяркоўваюцца дыскатэкі ў Палацы культуры. Карыстальнікі раздзяліліся на два лагеры: адным танцы ў ДК вельмі падабаюцца, другім – наадварот. Гэта як раз той выпадак, калі абмеркаванне ідзе горача.
Больш за ўсё праглядаў і каментарыяў прыпала на справаздачу аб нашым фестывалі “Маладзёжная вясна”. Але, магчыма, справа-здача з пеннай вечарынкі паб’е гэты рэкорд?
Гутарыла Кацярына ПАШКЕВІЧ.
 

Источник информации: http://www.budni.by