Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

“Дзедзіч” запрашае берасцейцаў прыняць удзел у добраахвотніцкім летніку “Чароўны дом еўрапейскіх сустрэч – 2010”

27  Июля 2010 г.  в 16:57, показов: 2835 : Праздники, события, мероприятия


Берасцейскае абласное моладзевае грамадскае аб’яднанне “Дзедзіч” вырашыла, што лепей не чакаць, пакуль Беларусь стане сапраўды еўрапейскай краінай, а пабудаваць у некалькіх кіламетрах ад Польшчы сваю невялічкую “Еўропу”.

Таму з 30 ліпеня на працягу 10 дзён моладзь з Берасцейшчыны будзе ствараць свой “Еўрапейскі дом” ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна (40 км ад Берасця).

Восенню 2008 года ў гэтай вёсцы агульнымі намаганнямі сяброў “Дзедзіча” быў знойдзены і выкуплены прыгожы цагляны дом 1931 года пабудовы. І ўжо 2 гады там паступова, але мэтанакіравана вядуцца будаўнічыя працы па стварэнні грамадскага асяродка для адукацыйных, культурных, спартыўных і экалагічных імпрэз, летнікаў, семінараў, канферэнцый, музычных фэстаў і іншых сустрэч, у якіх будзе браць удзел моладзь з Беларусі і іншых краін Еўропы.

Еўрапейскі дом мы можам пабудаваць разам!!!

Сябраў грамадскіх арганізацый і проста актыўных і пазітыўных маладых людзей з Берасцейскай вобласці запрашаюць далучыцца да працы ў летніку, каб стаць надалей ганаровым і заўсёды жаданым госцем “Еўрапейскага дому”.

Як усё будзе адбывацца?

З 30 ліпеня пачынае працу намётавы гарадок вакол аб’екта рэканструкцыйна-будаўнічых прац.

Летнік “Беларускі дом еўрапейскіх сустрэч” гэта:
- працы на аб’екце;
- сустрэчы з цікавымі і творчымі людзьмі (палітолаг Алесь Лагвінец, першы кіраўнік БНФ на Берасцейшчыне Рыгор Бакіевіч);
- адмысловы падарунак для моладзі ад кампаніі "Будзьма" - канцэрт вядомага барда Змітра Бартосіка;
- вандроўкі ў Воўчын (радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай са старажытным Троіцкім Касцёлам);
- свята вады на возеры Катэра;
- вечаровы Open Air;
- дэбаты;
- прыемныя размовы і летнія раманы :)

Каб патрапіць на летнік, трэба:
- быць авантурным, прыемным, разумным, крэатыўным і вясёлым чалавекам;
- запоўніць анкету і даслаць яе на адрас: [email protected] да 28 ліпеня;
- прыехаць;
- і застацца ў ганаровай кнізе сябрам “Еўрапейскага дома” назаўжды!!!

Арганізатары летніка забяспечваюць праезд з Берасця і назад, размяшчэнне (у намётах) і харчаванне на ўвесь час летніку.

Больш падрабязная інфармацыя на сайце: http://dzedzich.org/wp/2010/07/27/letnik-zalesse-2010/