Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Я покажу тебе Брест - интервью с создателями фильма "Брестская Крепость": год назад, как это было?

13  Июля 2010 г.  в 15:58 : Брестская крепость

Я покажу тебе Брест - интервью с создателями фильма "Брестская Крепость": год назад, как это было?“Я пакажу табе Брэст”,

-- паабяцаў рэжысёр фільмаў “Я пакажу табе Маскву”, “Княжна Мэры”, “Ехалі два шафёра”, “Канвой PQ-17” Аляксандр Котт і выканаў сваё абяцанне.

-- Вось гэты помнік (да 990-годдзя Брэста, аўт.) з’явіўся літаральна ў ноч перад святкаваннем дня горада. Вечарам гуляў тут не было яго, а раніцай гляджу – стаіць. У гэтым кафэ вельмі смачны чай. А ў гэтым клубе была выдатная дыскатэка ў стылі 80-ых. Я цудоўна адпачыў. Вось бачыце сапраўдныя газавыя ліхтары, іх запальваюць у ручную, а вось помнік ліхтаршчыку. Вуліцу Савецкую я вывучыў, амаль кожны дзень тут гуляю і не перастаю ёю захапляцца.

-- А наогул шмат часу на адпачынак?

-- Ды не. Вось з паўгадзіны таму вярнуўся з Масквы. Месяц дома не быў, сыну паўтара года, дык не адразу мяне прызнаў. А заўтра з раніцы здымкі (у Брэсце ідзе работа над мастацкім фільмам “Брэсцкая крэпасць”, аўт.). Дарэчы, прыходзь, будуць выбухі, а яшчэ Дзеравянка (акцёр Павел Дзеравянка “Браты Карамазавы”, “Гітлер капут!”, “Ясенін”, “Штрафбат”, “Бой з ценям” і інш, аўт.) здымаць будзем.

-- Аляксандр Канстанцінавіч, а на здымачнай пляцоўцы заўсёды так спакойна, як было падчас здымак у Пружанах?

-- Калі ўсе ведаюць, што рабіць, то і праблем асаблівых няма. Асноўная нервовасць прысутнічае першыя 4-5 дзён. Але спрэчкі ў нас узнікаюць пастаянна. Спрачаемся з асвятляльнікамі, аператарамі, але гэта нармальна, рабочыя моманты. Без гэтага нельга.

-- Фільм-рэканструкцыя прадугледжвае дакладнае выкладанне фактаў, ці застанецца месца эмоцыям? Напрыклад, мне хапіла аднаго фільма пра вайну “У бой ідуць толькі старыя”, пасля якога было шмат слёз...

-- Дарэчы, гэта мой любімы фільм. І пагадзіцеся, ён усё роўна светлы. У нашай стужцы мы абыдземся без натуралістычных крывавых сцэн, але для прагляду з дзецьмі я бы яе не рэкамендаваў. Прызнаюся – гэта сумны фільм. Фільм-рэквіем.

-- Вы адзін з аўтараў сцэнарыя, адкуль Вашы веды пра крэпасць?

-- Чытаў Смірнова, ды і іншых аўтараў. Праўду зараз знайсці складана, у кожнага яна свая. Але каб мець добрае ўяўленне аб тым, што адбывалася ў крэпасці летам 1941 года, дастаткова прайсці экскурсію па музеі мемарыяла. Нам вельмі дапамагаюць супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу. Разам з імі спрабуем рабіць кіно як мага болей праўдзівым.

-- Крэпасць працуе ў звычайным рэжыме. Не перашкаджаюць здымкам наведвальнікі?

-- Увогуле – не. Да нас і журналісты часта прыходзяць. Нават прэс-канферэнцыя была, якая, прызнацца, мяне некалькі здзівіла. Калі расійскія журналісты ў асноўным цікавяцца нашымі зоркамі, у нас сапраўды зорны склад акцёраў, то беларускіх цікавіла колькі чалавек у масоўцы, колькі яны зарабляюць, колькі з іх брэсцкіх. (Смяецца)

-- Першы кіна-праект саюзнай дзяржавы, як вам працуецца ў нашай краіне?

-- Для работы ёсць усе ўмовы. Але сёе-тое здзіўляе. У нас няма цэнзуры, а ў вас ёсць. Вось і зніклі са сцэнарыя ўсе мацерныя, недрукаваныя словы. А яны былі да месца. Некаторыя эпізоды без іх страцілі сэнс, давялося ад іх адмовіцца.

Уражвае чысціня вашых гарадоў, я сам вельмі люблю парадак.

-- Як жыхарка Пружан не магу не спытаць, як наш горад трапіў у кіно?

-- Нам быў патрэбны стары парк і пабудова, падобная на тыя, што былі ў Брэсце таго часу. Шукалі доўга і ў Брэсце, у яго ваколіцах і ў Мінску, выязджалі глядзець натуру, але ўсё было не тое. Ці старыя будынкі сярод сучасных, ці наогул з сучаснымі шыльдамі. з мастакоў-дэкаратараў прапанаваў Пружаны. Выехалі паглядзець і адразу зразумелі: вось тое, што мы шукалі.

-- Цікаўныя, што назіралі за здымкамі ў Пружанах, запрыкмецілі, што масоўка дрэнна вальсуе...

-- Прыкладна дзве трэці вальсуючых прафесійныя танцоры (усміхаецца). Але ж наша задача была паказаць моладзь, якая прыйшла на танцы ў 1941 годзе. Зразумела, што тады кожны танцаваў як умеў.

Глядзіце, вечарэе. Хутка ліхтары запаляць, давайце пабачым.

Кінатэатр у вас прыгожы (“Беларусь”, аўт.) – запрашаю. Што будзем глядзець? “М+Ж” з Нэлі Уваравай? Мы вучыліся ў адзін час, толькі на розных факультэтах, такая сціплая дзяўчына была, а зараз зорка (усміхаецца), крыўдзіцца, што я яе не здымаю. Ці на “Місію Дарвіна” пойдзем?

-- Давайце на “Місію Дарвіна”. А з Вамі можна будзе спакойна паглядзець фільм, ці Вы будзеце заўважаць усе рэжысёрскія промахі і агучваць іх?

-- Дык гэта ж мультфільм... Прызнацца, пасля вучобы (Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (2000), аўт.) так і глядзеў фільмы: вылучаў кадр і ацэньваў. А добрым лічыў фільм, калі яго можна было глядзець поўнасць, не дзелячы на кадры. Да шчасця гэта прайшло. У мяне мама карэктар, дык яна нічога не можа чытаць, скрозь памылкі шукае.

Пасля прагляду:

-- Як вам стужка?

-- Шмат незразумелых дыялогаў, гэта ж кіно для дзяцей. Асабіста мне “Ледніковы перыяд” больш спадабаўся.

-- Аляксандр, дазвольце апошняе пытанне на развітанне. Дык колькі зарабляюць акцёры масоўкі?

-- (Смяецца) Здаецца, 30-40 тысяч беларускіх рублёў у дзень.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

На наступны дзень на здымачнай пляцоўцы было сапраўды цікава, гучалі выбухі, чуліся стрэлы. І ў фільма ўжо было шмат гледачоў: кожны, хто наведвае крэпасць, абавязкова некалькі спыняецца, каб па назіраць за здымачным працэсам. Завітаў і дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць”, а таксама галоўны кансультант стужкі В.У. Губарэнка.

-- Валерый Уладзіміравіч, не перашкаджаюць рабоце кіношнікі?

-- Наадварот, мы вельмі ім рады. Гэта ж выдатная рэклама! Калі ў савецкія часы колькасць наведвальнікаў Брэсцкай крэпасці дасягала 1 мільёна чалавек у год, то ў пачатку дзевяностых яна ўпала да 28 тысяч, зараз крыху падрасла – 360 тысяч. Крэпасць – гэта гонар нашай зямлі. Што можа быць лепшым спосабам патрыятычнага выхавання, чым яе наведванне?

-- Адкажыце, а гэты фільм пакажа нам праўду?

-- Так. Мы пастаянна кансультуем здымачную групу. Мы “завярнулі” першы сцэнарый, у гэты ўнеслі карэктывы, з якімі кіраўніцтва фільма пагадзілася. Да таго ж  мы правялі экскурсіі для акцёраў. І Мярзлікін (Кіжаватаў), і Дзеравянка (Фамін) былі ў музеі. Дарэчы, рэжысёр (А.Котт) заўважыў, што акцёры сталі лепей іграць.

-- Здаецца, даўно трэба было зняць фільм пра Брэсцкую крэпасць.

-- Зразумела! Спробы былі. Напрыклад, “Я – рускі салдат”. Ле яго здымалі ў Калінінградзе. Адразу бачна, што не тое. А наш фільм будзе блізкім да праўды. Нас жа будуць глядзець ветэраны, а яны адразу заўважаюць фальш.

У адзін з перапынкаў, з дапамогай рэжысёра мне пашчасціла задаць некалькі пытанняў выканаўцу галоўнай ролі акцёру Паўлу Дзеравянка.

-- Павел, што вы ведалі пра крэпасць да здымак і як змяніліся Вашы ўражанні, калі вы ўбачылі яе на свае вочы?

-- Да ўдзелу ў здымках веды абмяжоўваліся школьнай праграмай. Ведаў пра герояў крэпасці, што трымаліся да канца, да апошняй каплі крыві, ведаў пра надпіс на сцяне: “Паміраем, але не здаемся”. Але як высветлілася ўсё гэта вельмі далёка ад таго, што ўбачыў тут...

Калі даведаўся, што буду здымацца ў стужцы, пачаў больш цікавіцца гісторыяй крэпасці, шукаў спасылкі ў інтэрнеце, асабліва цікавіў мой герой – Фамін. Прагледзеў фільмы “Я – рускі салдат”, “Апошні гарнізон”. Але ўсё перамянілася пасля 2-гадзіннай экскурсіі па музеі. Тут я пераглядзеў шмат фотак, праслухаў аповеды пра ўдзельнікаў абароны. Было некалькі момантаў, калі слёзы накатвалі і ком да горла падступаў. Вельмі моцнае ўражанне, калі слухаеш расказ і бачыш чалавека на фота... Рэальныя людзі, жанчыны, дзеці... “Уразіла” – не тое слова проста.

-- А як Вам Брэст, спадабаўся?

-- Раскошны горад, абсалютна. Багаты, прасторны. Тут вельмі многа прыгожых дзяўчын!

-- Няўжо ў Маскве няма прыгажунь?

-- І ў Маскве ёсць, але тут асабліва прыгожыя. Тут усё па-асабліваму радуе...

Гутарыла Кацярына Пашкевіч.

 

Источник информации: http://www.budni.by/