Каштоўнасць "архітэктурнага планктону"

4  Мая 2018 г.  в 09:33 : Разное: обо всём понемногу

У рэдакцыю “К” звярнуўся неабыякавы жыхар Брэста Аляксандр Пашчук. Ён імкнецца адстаяць стары дамок непадалёк ад чыгуначнага вакзала, які вось-вось мае стаць ахвярай будаўніцтва новага аўтавакзала. І з гэтай нагоды піша звароты ва ўсе інстанцыі. Тая аднапавярховая камяніца афіцыйна помнікам спадчыны не з’яўляецца. Гарадскія ўлады лічаць, што ніякай гістарычнай каштоўнасці яна не ўяўляе. А вось руплівец-краязнаўца перакананы ў адваротным. Атрымаўся акурат той выпадак, які адлюстроўвае агучаны ў мінулым нумары тэзіс: спадчына — гэта заўсёды поле канфлікту інтарэсаў, дзе вызначальную ролю часцяком грае не аб’ектыўная вартасць таго ці іншага аб’екту, а ацэначнае стаўленне да яго нашых сучаснікаў. І пытанне ў тым, як у гэтым выпадку прыйсці да паразумення.

/i/content/pi/cult/689/15149/9.JPG

Спадарожнік вакзала

Той дамок добра праглядаецца з пешаходнага моста, па якім пасажыр трапляе з вакзала ў цэнтр Брэста. Аддзелены парканам ад тлумных чыгуначных шляхоў дворык — наздзіў утульнае для цэнтра сучаснага горада месца. У сярэдзіне красавіка там ужо цвіў абрыкос: як-ніяк, поўдзень…

Тым не меней, неўзабаве бадай вясковая ідылія хоцькі-няхоцькі будзе парушаная. Непадалёк будаўнікі ўжо шчыруюць над узвядзеннем вялізнай “каробкі” новага аўтавакзала. У тым, што гораду ён сапраўды патрэбны, ніхто не сумняецца. А замест той малаўцямнай з архітэктурнага пункту гледжання “перасечанай мясцовасці”, якая сустракае турыста пасля спуску з моста, будзе прасторная плошча. “Пад нож” пойдуць несамавітая піўнушка з пафаснай назвай і розныя буданчыкі, а таксама і згаданы дамок.

Усё гэта робіцца да тысячагоддзя Брэста, што выклікае ў Аляксандра Пашчука шчырае недаўменне. Маўляў, хіба ж можна з такой гістарычнай нагоды руйнаваць нешматлікія парэшткі гісторыі — хай зусім і не тысячагадовай даўніны?

— Паглядзіце, тут жа сцены — як у Брэсцкай крэпасці! — не хавае эмоцый спадар Аляксандр. — А цэгла якая, а падмурак! Ды ён жа яшчэ не адну сотню гадоў прастаіць пры належным даглядзе!

Той дамок плошчай трохі болей за 70 м2 з’явіўся на свет разам з вакзалам. Паводле афіцыйных дакументаў, ён датуецца 1905 годам, аднак краязнаўцы схільныя павялічыць яго век яшчэ на пару дзесяцігоддзяў. Пабудова — тыповая для свайго часу. Раней з такіх камянічак тут складалася цэлая вуліца, але пажар 1915 года зрабіў сваю справу, і цяпер дом самотны.

Бадай усё сваё жыццё ён быў звязаны з вакзалам: тут жылі людзі, якія працавалі на чыгунцы. У 1950-я адзін з яго пакояў займала сям’я Карватаў — бацькі першага Героя Беларусі. Аляксандр Пашчук перакананы, што гэты факт таксама варта ўзяць пад увагу.

Адзін у полі воін

Па сваёй адукацыі і прафесіі Аляксандр Пашчук не мае ні да культуры, ні да архітэктуры ніякага дачынення. Колішні палітрук, які цяпер працуе ў “Брэстгазаапараце”. Краязнаўства і грамадскі актывізм — гэта тое, чым ён займаецца ў вольны ад працы час, зазвычай начны. Чаму? Навошта? Ды проста… душа баліць! У тысячагадовым горадзе і так зусім вобмаль сведчанняў мінулага. А калі іх яшчэ і наўмысна зніштажаюць…

У нечым, ён падобны да героя звягінцаўскага “Левіяфана” — хіба што без шкодных звычак (тут спадар Аляксандр мае прынцыповую пазіцыю). І яшчэ без той істэрычнай “упёртасці”. Наадварот, брэсцкі краязнаўца падкрэслівае, што ні з кім ваяваць не хоча, выступаючы выключна за пошук кансэнсусу.

Адну сваю бітву спадар Пашчук ужо выйграў. Яшчэ адна размешчаная ля вакзала старая камяніца (краязнаўца мяркуе, што яна будавалася як лютэранская кірха) таксама ішла пад знос. Але ў выніку яго захадаў гарадскія ўлады вырашылі той будынак захаваць. Хаця дзеля гэтага нават спатрэбілася змяніць архітэктурны праект той самай плошчы.

Пра існаванне такога грамадзяніна, як Аляксандр Пашчук, начальнік упраўлення архітэктуры і градабудаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама Мікалай Уласюк даўно ведае. Яно і зразумела: руплівец несупынна тарпедуе гарадскія інстанцыі сваімі зваротамі.

Звычайна людзі, якія “перашкаджаюць жыць”, выклікаюць у адказных асобаў адназначнае стаўленне. Але пачуўшы ад мяне гэтае прозвішча, галоўны архітэктар Брэста адрэагаваў іначай: паболей бы такіх неабыякавых! І адчувалася, што гэта шчыра.

Толькі вось у выпадку з тым прывакзальным дамком Мікалай Уласюк лічыць, што краязнаўца не мае рацыі. Бо захоўваць яго проста немэтазгодна. Па-першае, няма архітэктурных вартасцяў, па-другое — на думку архітэктара, камяніца не надта будзе ўпісвацца ў новы ансамбль прывакзальнай плошчы. Да ўсяго, праектна-каштарысная дакументацыя на яе будаўніцтва ўжо гатовая і прайшла экспертызу.

З такімі аргументамі цяжка паспрачацца. Аднак у краязнаўцы ёсць зваротныя. Гэта адна з нешматлікіх пабудоў, якія засталіся ад комплексу старога брэсцкага вакзалу — а яго з’яўленне стала для Брэста не нашмат менш лёсаноснай падзеяй за будаўніцтва крэпасці. Прычым падзеяй выключна станоўчай — чыгуначны вузел паспрыяў адраджэнню падзаняпалага было горада. Да ўсяго, помнікаў даўніны ў Брэсце — у прынцыпе небагата, што аўтаматычна надае каштоўнасці кожнаму з іх. Ды і ўшанаванне памяці пра Карвата — таксама важкі ідэалагічны фактар.

У рэшце рэшт, Аляксандр Пашчук прыводзіць апошні аргумент: калі тыя грошы, якія неабходна патраціць на знос той даволі трывалай камяніцы (а гэта справа зусім не бясплатная), выкарыстаць для яе аднаўлення, атрымаецца “цукерачка”, якая новую плошчу толькі ўпрыгожыць. Ды і функцыю для тых 70 “квадратаў” можна лёгка знайсці. Транзітны падарожнік, які нудзіцца ў чаканні свайго аўтобуса, ахвотна завітаў бы ў невялікі музейчык, прысвечаны гісторыі вакзала або побыту супрацоўнікаў чыгункі, уключна з тымі ж Карватамі.

І сапраўды, на шэдэўр архітэктуры гэты ўзор тандэтнай тыпавой забудовы ніяк не цягне. Тым болей, старадаўняя камяніца мае сучасную прыбудову з сілікатнай цэглы. Але ў дадзеным выпадку я рабіў бы акцэнт не на ўнікальнасці, а наадварот — на шараговасці. Бо менавіта ў гэтым, як падаецца, адметнасць таго помніка. Прыкметныя аб’екты захоўваюцца куды лепш, чым “архітэктурны планктон”. А потым прыходзіць час спахапіцца, калі мы разумеем, што планктон вымер як від.

Як падаецца, гэты дом перадусім каштоўны нават не тым, што ў ім жылі бацькі першага Героя Беларусі, а тым, што бацькі героя жылі ў тыповых для свайго часу ўмовах — як на сёння, дык не надта прывабных. Пабыўшы ў тым закутку, літаральна адчуваеш подых часу. Таму і разумееш, чаму ўвага менавіта да “шараговых” узораў спадчыны ва ўсім свеце цяпер у трэндзе.

Спадчына малых радзім

Выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Таццяна Пятрова нават выкарыстоўвае для вызначэння падобных аб’ектаў асобны тэрмін — “спадчына малых радзім”:

— Гэта тыя аб’екты, якія знаходзяцца “пад бокам”, да якіх ты настолькі звыкся, што іх каштоўнасць разумееш толькі тады, калі можаш страціць. На жаль, праблема зносу такіх гістарычных аб’ектаў, якія не маюць статусу, — перманентныя і сістэматычныя. Нядаўна вось падобная сітуацыя ўзнікла ў Баранавічах, потым — у Лідскім раёне. І таму важна, каб мясцовыя актывісты вызначылі для сябе, якія будынкі яшчэ не пад аховай, але вартыя захавання. І распачалі планавую падрыхтоўку неабходных дасье.

На думку Таццяны Пятровай, у справе захавання падобных аб’ектаў можна ісці двума шляхамі. Першы — гэта наладжваць стасункі з уладнымі структурамі, даводзячы ім важнасць захавання таго ці іншага помніка. Другі — браць адказнасць на сябе і спрабаваць нешта рабіць самастойна, як тое ўжо адбываецца ў Мазыры з былым цыстэрцыянскім кляштарам. Можна збіраць аднадумцаў праз краўдфандынгавыя платформы, кансультавацца з экспертамі і спрабаваць пераканаць іншых у вартасці і важнасці тваёй справы.

На вялікі жаль, у выпадку з Брэстам падобная планавасць наўрад ці атрымаецца. Па словах Аляксандра Пашчука, нейкіх грамадскіх арганізацый, якія б стала рупіліся пра захаванне спадчыны, у горадзе няма. Пра тое самае мне казаў і галоўны архітэктар. Прычым казаў, адзначым, са скрухай.

Тое, што сёння ў Брэсце назіраецца сапраўдны бум інвестыцый у будаўніцтва, відаць няўзброеным вокам. З аднаго боку, гэта радуе. З другога — такое ліхаманкавае засваенне сродкаў не магло не прывесці да згубных вынікаў. Таму тысячагадовы Брэст месцамі нагадвае якую-небудзь Хургаду — беднае рыбацкае паселішча, якое за пару дзесяцігоддзяў пераўтварылася ў вялізны курорт. Атрымалася “па-багатаму”, але штучна і кітчава.

І таму неабыякавыя асобы, якія стрымліваюць гэты працэс, прымушаючы здумецца ды задумацца, без сумневу, карысныя ўсім.

Адпаведна, пра нейкія прынцыповыя непаразуменні паміж уладнымі структурамі ды грамадскасцю ў выпадку з Брэстам казаць не выпадае: праблема тут хутчэй у іншым. Хочацца верыць, і лёс таго дамка (якім бы ён ні быў) не створыць гэтую прорву.

Раней у якасці своеасаблівага трацейскага суддзі ў падобным выпадку часцяком выступала Міністэрства культуры краіны. Руплівец, які адстойваў падобны аб’ект, мог падаць заяўку на яго ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Кваліфікаваныя спецыялісты, якія складаюць Рэспубліканскую навукова-метадычную раду, усебакова разглядалі пытанне. І пры іх станоўчым вердыкце (а такія здараліся нярэдка), бітву можна было лічыць выйгранай.

Сёння ж гэтае пытанне — у кампетэнцыі мясцовых органаў улады, і менавіта яны вырашаюць, зносіць або захоўваць. Мабыць, у нечым тут ёсць рацыя: ім з той спадчынай жыць. Ды вырашаць усе ўзніклыя праблемы. Вось і будынак кірхі, па словах Мікалая Уласюка, пакуль так і не знайшоў інвестара.

Зрэшты, хочацца верыць, часова. Як паведаміў Аляксандр Пашчук, не так даўно ўдалося знайсці выявы з яго першасным выглядам — зусім не такім непрыглядным, як цяпер. Аднавіць былое хараство падчас рамонту не будзе праблемай. Хай сабе гэта здарыцца не праз год, а праз дзесяць. “Кірха” можа і пачакаць, спяшацца тут надта не выпадае.

Урэшце, магу прывесці тут апошні аргумент. Сёння каштоўнасць той камянічкі і праўда выклікае сумневы. А вось гадоў праз сто…

 

Источник: www.kimpress.by
Автор: Ілья СВІРЫН