Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Пад Баранавічамі абрынуліся сьцены палаца Радзівілаў

11 13  Апреля 2018 г.  в 11:46, показов: 2084 : Фотофакт


У вёсцы Паланечка пад Баранавічамі абваліліся дзьве сцяны правага флігеля палаца Радзівілаў. Пра гэта Свабодзе паведаміла мясцовая жыхарка Тарэза Мяноўская. Ніхто не пацярпеў, паведамляе «Радыё Свабода».

Фото: Радыё Свабода

Частка паўночнай сцяны правага флігеля абвалілася ўдзень 10 красавіка, суседняя сценка — на наступны дзень. Месца здарэньня агледзелі мясцовыя ўлады.

Мясцовая краязнаўца, гісторык Кацярына Казлова сказала Радыё Свабода, што адной з прычын абвалу можа быць расколіна ў сцяне.

«Гэты куточак быў падпёрты драўлянымі танюсенькімі бэлькамі. Яны і так трымаліся мо якіх 18 гадоў», — сказала Кацярына Казлова.

Гісторык дадае, што сцены флігеля маглі абрынуцца і праз пашкоджаньні фундамэнту.

«У гэтай частцы велізарныя падвалы былі, і каля самага флігеля разрытая велізарная яма. Там раскапалі падземны пераход. Напэўна, размыла гэтую яму з фундамэнтам флігеля, вось яно ўсё і рухнула», — сказала Казлова.

2 красавіка будынак былога палаца Радзівілаў у Паланечцы пад Баранавічамі чацвёрты раз выставілі на аўкцыён. Пачатковая цана палаца — 19 210 рублёў 72 капейкі.

Намесніца дырэктара фонду «Брэстаблмаёмасьць» Надзея Стральцова сказала Свабодзе, што хоць сцены флігеля абваліліся, пачатковую цану на палац змяншаць ня будуць.

«Аўкцыён са зьніжэньнем цаны на 80% праводзіцца не ўпершыню. Змяншаць кошт больш нельга. Па заканадаўстве можна прызначаць аўкцыён з пачатковай цаной адна базавая велічыня, але ніжэй за 80% змяншаць кошт нельга», — сказала Надзея Стральцова.

Паводле яе словаў, калі 29 траўня аўкцыён не скончыцца продажам, Брэсцкi аблвыканкам і Баранавіцкі райвыканкам будуць разглядаць іншыя варыянты рэалізацыі будынка: прадаць за эквівалент базавай велічыні ці бескаштоўна перадаць пад інвэстыцыйны праект.

Паводле ўмоваў аўкцыёну, пакупнік павінен правесьці рэстаўрацыю лота.

«Наколькі я ведаю, частка будынка, якая абрынулася, ня мае гісторыка-культурнай каштоўнасьці», — сказала Надзея Стральцова.




Система Orphus