З павагай да роднага слова: ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага з Таццянай Канапацкай

25  Февраля 2018 г.  в 12:14 : Фотофакт

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень важна не толькі размаўляць на роднай мове, але і пастарацца ўспомніць гісторыю, звязаную з тваёй мясцовасцю, сустрэцца з цікавымі людзьмі, якія сваёй дзейнасцю садзейнічаюць захаванню і развіццю роднага слова, нашай спадчыны.

З павагай да роднага слова: ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага з Таццянай Канапацкай

Такая цікавая сустрэча адбылася ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага з Таццянай Васільеўнай Канапацкай. На Лунінеччыне, ды і далёка за яе ваколіцамі, Таццяна Васільеўна вядомая ўжо даўно не толькі як журналіст і краязнаўца, але і як апантаны сваёй справай чалавек, што імкнецца да захавання і распаўсюджвання гісторыі свайго краю, спадчыны, перадачы будучаму пакаленню духоўных скарбаў нашага беларускага народа.

На сустрэчы прысутнічалі вучні 10-11 класаў, настаўнікі, адміністрацыя гімназіі.

З павагай да роднага слова: ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага з Таццянай Канапацкай

Таццяна Васільеўна адзначыла, што мы павінны памятаць аб тым, што наша беларуская мова бярэ свой пачатак з мовы дыялектнай. Менавіта дзякуючы мове гаворак беларускага насельніцтва пачалося станаўленне сучаснай беларускай мовы, мовы нашых класікаў Коласа і Купалы. Забываючы пра свае карані, мы губляем нашу спадчыну, страчваем нешта важнае ў сабе. 

Цікавым быў аповед Таццяны Васільеўны і пра жыхарку вёскі Лобча Анастасію Якавец, якая на сваёй роднай “лабэцкай” мове стварае сапраўдныя літаратурныя шэдэўры. Гэты прыклад яскрава адлюстроўвае сцверджанне: не трэба цурацца свайго, роднага, яно дае нам сілы рухацца наперад, развівацца і ствараць тое, што ўражвае іншых.

З павагай да роднага слова: ў Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага з Таццянай Канапацкай

Таццяна Васільеўна вельмі цікава прэзентавала кнігу «Лунінецкая Памяць. Дадатак 6: Мелясніца: погляд з Грані…», рэдактарам-складальнікам якой яна з’яўляецца. Кніга выйшла ў 2017 годзе і складаецца з дзённікавых запісаў Васілія Васільевіча Негаціна, жыхара Лунінца пачатку 20 стагоддзя. Напрыканцы сустрэчы Таццяна Васільеўна падарыла экзэмпляры сваёй кнігі вучням і пажадала вывучаць спадчыну сваіх продкаў, захоўваць тыя скарбы, што пакінулі нам продкі.

Аўтар – Вольга Аляксандраўна ВОЙТКУС, настаўніца беларускай
мовы і літаратуры ДУА “Мікашэвіцкая гімназія імя У.І. Нядзведскага”.