У вёсцы Срэльнава Іванаўскага раёна працуе “Дом траўніка”, дзе захоўваюць усе старажытныя рэцэпты

17  Декабря 2017 г.  в 00:04 : Разное: обо всём понемногу

На працягу стагоддзяў беларусы перадавалі з пакалення ў пакаленне сакраментальныя веды: як вылечыць прастуду або радыкуліт, загоіць раны, спыніць галаўны боль. Ды проста набрацца сіл, каб весці хатнюю гаспадарку, гадаваць дзяцей. Лекаў амаль не было: ні танных, ні дарагіх. Абыходзіліся тым, што расло літаральна пад нагамі — у садзе ці агародзе, у лесе і балоце. Нягледзячы на дасягненні сучаснай медыцыны, традыцыйныя рэцэпты захоўваюць у «Доме траўніка», які знаходзіцца ў вёсцы Стрэльна недалёка ад Іванава.

У вёсцы Срэльнава Іванаўскага раёна працуе “Дом траўніка”, дзе захоўваюць усе старажытныя рэцэпты

Галіна ВАЙЦЯШЧУК са сваёй памочніцай Ганнай

На ўскрайку вёскі — прывабны драўляны дом з белымі калонамі і сінімі шалёўкамі. На ганку ў палескіх строях сустракаюць Галіна Вайцяшчук разам са сваёй памочніцай Ганнай. Запрашаюць у госці. «Дом траўніка» наведвальнікаў сустракае букетам водараў — мята, чабор, мацярдушка, вятроўнік. На першым паверсе — вялікая ўтульная зала з камінам, дзе можна выпіць травяной гарбаты. На гарышчы чакаюць свайго часу сабраныя ў акрузе травы. А яшчэ тут процьма інфармацыі, прысвечанай мясцовым зёлкам. Народныя рэцэпты і звесткі пра ўласцівасці кожнага лісточка, кораня ці сцяблінкі.

— У 1991 годзе ў будынку Дома культуры адкрылі музей народнай медыцыны «Бабуліны вышкі», які чатыры гады таму рэарганізавалі і назвалі «Дом траўніка». Чаму абралі менавіта такую тэматыку? Усё проста. У Стрэльне і навакольных вёсках жылi каля 30 бабулек, якія ведалі, як вылечыць тую ці іншую хваробу народнымі сродкамі. Вось мы і вырашылі захаваць тое, чым багаты наш куточак, і перадаць нашчадкам, — тлумачыць Галіна Вайцяшчук.

Што ж так вабіць турыстаў у гэты палескі куточак? Галіна Іванаўна, падліваючы гарбату, тлумачыць:

— Ведаеце, цікавасць да народнай медыцыны расце з кожным годам. Людзі пачынаюць разумець, што рэцэпты, якія на працягу стагоддзяў дапамагалі нашым продкам, не сталі менш эфектыўнымі. Яны па-ранейшаму працуюць. Я, напрыклад, часта бачу, што ў аптэках купляюць дарагія вітаміны і не вельмі разумею — навошта? Можна сабраць рабіну, шыпшыну, арэхі, яблыкі. На зіму можна высушыць фрукты, прыгатаваць сіроп з шыпшыны. А чарніцы? Гэтыя ягады — сапраўдная скарбонка карысных рэчываў. Нездарма ж іх купляюць замежнікі за вялікія грошы. Упэўнена, што прыродныя вітаміны куды больш эфектыўныя, чым самыя дарагія комплексы!

У вёсцы Срэльнава Іванаўскага раёна працуе “Дом траўніка”, дзе захоўваюць усе старажытныя рэцэпты

Так выглядае «Дом траўніка»

У шматлікіх папках захоўваюцца сотні рэцэптаў на ўсе выпадкі. Распісана, калі збіраць расліны, як сушыць і для чаго выкарыстоўваць. Дарэчы, пачынаць нарыхтоўку можна ўжо ў сакавіку. Маладыя бярозавыя лісты — вельмі карысная рэч. Нават сучасная медыцына рэкамендуе выкарыстоўваць «брунькі» для лячэння ангіны, парадантозу і іншых захворванняў горла і ротавай поласцi: 

— Старыя людзі раяць збіраць маладое бярозавае лісце на Тройцу. Яго можна заліць кукурузным алеем. Гэты настой дапаможа аблегчыць боль у суставах і спіне. Просты рэцэпт, але эфектыўны.

Вельмі важна не прапусціць найлепшы час для збору пэўнай расліны. У «сезон» траўнікі жывуць па распарадку: нарыхтоўку пачынаюць, калі з лісця сыдзе раса. Да таго ж зёлкі ніколі не збіраюць каля дарогі або паблізу палёў, каб не нашкодзіць здароўю. Як правіла, не збіраюць травы і пасля Купалля, а вось плады варта нарыхтоўваць менавіта ў ліпені і жніўні, а карэнне — восенню.

Але ж нарыхтоўка раслін без спецыяльных ведаў — справа малаэфектыўная і да таго ж небяспечная. У вялікай дозе некаторыя зёлкі могуць нашкодзiць. Яшчэ трэба ведаць, якія віды раслін можна камбінаваць. Нават правільна іх высушыць не так проста. Каб сушка была паспяховай, травы збіраюць у невялікія пучкі і падвешваюць на гарышчы. Важна, каб памяшканне было зацемненым і туды пастаянна паступала свежае паветра. Прамыя сонечныя прамяні і вільготнасць губяць матэрыял.

У Стрэльна запрашаюць тых, хто зусім не ўмее збіраць і сушыць травы, але хацеў бы гэтаму навучыцца. Тут ёсць уся інфармацыя, якая спатрэбіцца і пачаткоўцу, і дасведчанаму траўніку. 

— Мы ахвотна дзелімся ўсімі сакрэтамі, якія перадала прырода нашым продкам, — усміхаецца Галіна Вайцяшчук. — Усе хваробы вылечыць раслінамі немагчыма, але ж многія — можна. Зёлкі, якія растуць навокал, — невычэрпная крыніца сіл і здароўя. І нашы продкі гэта ведалі лепш за нас.