Сустрэча з пісьменніцай Надзеяй Парчук “З любоўю да роднага слова”

3  Июня 2017 г.  в 00:35 : Разное: обо всём понемногу

Якраз напрыканцы навучальнага года ў СШ № 12 г. Брэста адбылася творчая сустрэча паэта і публіцыста Надзеі Парчук з вучнямі 5-7 класаў.

Сустрэча з пісьменніцай Надзеяй Парчук  “З любоўю да роднага слова”

Сустрэча была арганізавана настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры – Аленай Барысаўнай Піскун і Наталляй Мікалаеўнай Антановіч. Гэтыя старанныя рупліўцы на ніве адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення штогод стараюцца ладзіць сваім вучням творчыя сустрэчы з берасцейскімі пісьменнікамі і паэтамі, бо ўпэўнены, што такія знаёмствы застаюцца ў памяці на ўсё жыццё.

Гэтым разам нястомным сейбітам беларускасці пашчасціла як ніколі: вучаніца 5 “Б” класа Аляксандра Лебядзькова аднойчы прынесла на ўрок беларускай літаратуры зборнік вершаў, вершаваных казак, загадак, лічылачак Надзеі Парчук “Венерын чаравічак” і з гонарам прызналася, што аўтар кнігі – яе бабуля. Так праз сваю вучаніцу настаўнікі і выйшлі на сувязь з паэткай.

Сустрэча з пісьменніцай Надзеяй Парчук  “З любоўю да роднага слова”

Варта адразу падкрэсліць, што гадзіна, адведзеная на творчую сустрэчу, праляцела незаўважна для ўсіх удзельнікаў літаратурнага мерапрыемства – як для вучняў, так і для настаўнікаў. Па прапанове паэткі дзеці прыдумвалі назву літаратурнай сустрэчы і запісвалі яе на дошцы, адказвалі на пастаўленыя пытанні і, канешне, пыталіся пра тое, што цікавіла іх.

Адчувалася, што не толькі дарослыя, але і школьнікі загадзя рыхтаваліся да незвычайнага жыццёвага ўрока. Напрыклад, сямікласнік Мікіта Карпаў вывучыў біяграфію Надзеі Парчук і пазнаёміў з ёю усіх прысутных, Вікторыя Яровіч, Кацярына Ферафонтава, Ганна Рабава, а таксама ўнучка паэткі чыталі на памяць яе вершы.

Дасканальна прадумала сваё выступленне і сама Надзея Мікалаеўна. Як творца яна старалася зацікавіць і паяднаць усіх вучняў адной ідэяй: любоўю да роднага слова; імкнулася акунуць іх у святло і хараство роднай мовы, насаладзіць іх душы яе звонкасцю і мілагучнасцю. Паэтцы ўдалося наладзіць кантакт са сваімі цікаўнымі слухачамі так, быццам гэта была не першая сустрэча з імі, а шчырая размова з даўно знаёмымі сябрамі – аматарамі беларускай паэзіі. Адным словам, сустрэча вялася нязмушана, а выступленне паэткі было перасыпана кранальнымі патрыятычнымі ды лірычнымі вершамі.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Напрыканцы мерапрыемства Надзея Мікалаеўна атрымала ад удзячных арганізатараў сустрэчы кветкі, падарыла школе цэлую бібліятэчку ўласных кніг, Алене Барысаўне асобна ўручыла новы зборнік духоўнай паэзіі “Святло няскоранай душы”, а жадаючым вучня падпісала па зборніку “Ладараж”.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога
аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі