Першы беларускі зомбі-хорар “1813” прэзентуюць у Брэсце

6  Мая 2017 г.  в 15:33 : Разное: обо всём понемногу

13 красавіка Брэст наведаюць пісьменнік Уладзімір Садоўскі і перакладчыца Сюзанна Паўкштэла. Яны прадставяць свае кнігі. Сустрэча пройдзе ў межах прэзентацыі літаратурнай прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.

Першы беларускі зомбі-хорар “1813” прэзентуюць у Брэсце

У. Садоўскі – інжынер, які піша прозу, С. Паўкштэла – перакладчыца з літоўская мовы. Абое аўтары сёлета сталі фіналістамі прэміі “Дэбют” і атрымалі заахвочвальныя прызы.

Першы беларускі зомбі-хорар “1813” прэзентуюць у Брэсце

Садоўскага адзначылі за кнігу “1813”. Гэтая навела – першы беларускі зомбі-хорар. Жанр, які даўно распаўсюджаны за мяжой, па-беларуску не распрацаваны. Садоўскі ўзяў рэальную гістарычную асобу – Міхала Клеафаса Агінскага, якую прымусіў змагацца не з царскімі салдатамі, а напалеонаўскімі жаўнерамі-зомбі. Аўтарская фатназія. 1813 – гэта год, у якім адбываюцца падзеі кнігі.

Навэла Садоўскага спачатку з’явілася ў электронным выглядзе. І ўжо паўгода застаецца ў лідарах па продажах на сайце kniharnia.by. Пасля такога поспеху кніга выйшла і ў папяровым варыянце.

Сюзанну Паўкштэла адзначылі за пераклад з літоўскай мовы кнігі “Бог дажджу” Альвідаса Шляпікаса. Літоўская мова на сёння – адна з тых рэдкіх моў, з якой амаль няма перакладчыкаў на беларускую.

“Бог дажджу” – гэта кніга пра літоўскую правінцыю канца 1990-х. Многія бываюць у Вільні, але адзінкі сутыкаюцца з літоўскімі вёскамі і мястэчкамі. Знайсці адрозненні і падабенствы паміж беларускімі і літоўскімі светамі і дапаможа кніга Шляпікаса.

Альвідас Шляпікас – літоўскі паэт, пісьменнік, акцёр, рэжысёр і сцэнарыст. Яго кнігі перакладзены на польскую, украінскую, рускую мовы.

Сустрэча з У. Садоўскім і С. Паўкштэла пройдзе ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі (вул. К.Маркса, 60). Пачатак а 15.00. Уваход вольны. Кожнага прысутнага чакае падарунак – беларуская кніга.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – літаратурная прэмія, заснаваная ў снежні 2010 года Саюзам беларускім пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і мецэнатам Паўлам Падкарытавым (Бераговічам). Першае ўручэнне прэміі адбылося на наступны год. З 2014 года да арганізатараў “Дэбюту” далучыўся дабрачынны фонд “Вяртанне”. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях, у якіх працаваў Максім Багдановіч, – “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”. Лаўрэатамі станавіліся Андрусь Горват, Анатоль Івашчанка, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай, Віктар Марціновіч, Віталь Рыжкоў, Наталля Харытанюк і іншыя.

Дабрачынны фонд “Вяртанне” быў створаны ў студзені 2013 года ў Мінску. Займаецца культурніцкімі праектамі. Фонд з’яўляецца адным з заснавальнікаў шэрагу штогадовых літаратурных прэмій: “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – за найлепшую дэбютную кнігу прозы, паэзіі і мастацкага перакладу; Прэмія Цёткі – за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў і найлепшыя ілюстрацыі да такіх кніг; Прэмія імя Карласа Шэрмана – за найлепшую кнігу мастацкіх перакладаў на беларускую мову. Фонд “Вяртанне” з’яўляецца таксама ўдзельнікам шэрагу выдавецкіх праектаў. Напрыклад, кніжнай серыі Noblesse Oblige – перакладаў на беларускую мову твораў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры.