Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Автобусные перевозки в вопросах и ответах... прямая линия

25  Июля 2016 г.  в 11:43 : Автомобили, транспорт, ГАИ, ДТП

У рэдакцыі газеты прайшла тэлефонная “прамая лінія”, падчас якой на пытанні чытачоў “НТ” адказвалі: дырэктар ААТ "Брэсцкі аўтобусны парк" Павел ЗАБАЎСКІ, намеснік дырэктара па перавозках Марыя МАРКАВА, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадрава-прававой рабоце Ігар ПАРФЯНЮК, начальнік аддзела перавозак Іван НЕСЦЯРУК і намеснік начальніка аддзела перавозак Артур СОБІН.

Автобусные перевозки в вопросах и ответах... прямая линия

Тыя, хто дазваніўся, пыталіся пра розныя аспекты работы прадпрыемства, якія хвалююць не толькі іх, але і многіх жыхароў Брэста і наваколля: маршруты аўтобусаў, расклад, тэхнічнае абсталяванне транспарту, кошт праезду і іншыя.

Марыя ЦЯШУК,  г. Брэст:

– Ці можна выкарыстоўваць на маршруце № 23А "Газаапарат – Бярозавы гай" аўтобусы большай умяшчальнасці, бо ў гэтым накірунку ездзіць шмат пенсіянераў і людзей сталага веку?

 – На жаль, сёння гэта немагчыма, бо маршрут 23А праходзіць па вузкіх вуліцах Ясеневая і Кар'ерная, шырыня якіх не дазваляе арганізаваць рух больш умяшчальных аўтобусаў – таму па іх курсіруе "Радзіміч".

Юлія ЗНАРКО, Брэсцкі раён: 

– Ці ёсць магчымасць пусціць яшчэ адзін аўтобус з вёскі Чэрні ў Брэст раніцай? Бо той, які ездзіць у 7 гадзін, занадта рана прыязджае ў горад, а маршрутныя таксі ў гэты час усе перапоўненыя...

– Сапраўды, прыгарадны маршрут "Брэст – Івахнавічы" праходзіць праз Чэрні – з прыпынку "Крама Чэрні” ён адпраўляецца ў 07.01 і прыбывае ў горад у 07.34. Пры гэтым маршрут нерэнтабельны: за 5 месяцаў 2016 года ён прынёс прадпрыемству 88 мільёнаў рублёў (недэнамінаваных) страт. Таму дадатковы рэйс у Чэрні толькі павялічыць гэтую суму, чаго аўтапарк не можа сабе дазволіць на дадзеным этапе.

Вольга УЛАДЗІМІРАЎНА, г. Брэст:

– Якія змены адбыліся на прыгарадных маршрутах у напрамках вёсак Шчэбрын і Булькова?

– За 5 месяцаў сёлета маршрут "Брэст – Шчэбрын" прынёс 149,5 мільёна рублёў (недэнамінаваных) страт, таму па ўзгадненні з Брэсцкім райвыканкамам з 16 мая на гэтым напрамку пакінулі тры рэйсы замест пяці. А вось на маршруце "Брэст – Булькова", наадварот, у пятніцу дадалі два рэйсы – раніцай і ўвечары. Дарэчы, новы расклад аўтобусаў можна знайсці на сайце аўтапарка (ap1.brest.by).

– Ці ёсць выпадкі, калі ў аўтапарк звяртаюцца пасажыры са скаргамі на неправамернае прыцягненне іх да адказнасці кантралёрамі пры праверцы білетаў за праезд?

– Справа ў тым, што задача аўтапарка – бяспечная, своечасовая і якасная перавозка пасажыраў. А вось функцыі кантролю аплаты праезду і правозу багажу ляжаць на аператары пасажырскіх перавозак КГУП "Брэстгартранс", у склад якога ўваходзіць кантрольна-рэвізійная служба. Таму пытанні, звязаныя з праверкамі наяўнасці праязных квіткоў, адносяцца да кампетэнцыі гэтага прадпрыемства.

– Яшчэ хацелася б спытаць, ці не плануецца абсталяваць аўтобусы прадпрыемства сістэмамі відэаназірання?

– Сапраўды, у перспектыўных планах мадэрнізацыі – абсталяваць наш транспарт такімі сістэмамі. У першую чаргу гэта дасць магчымасць значна палепшыць вывучэнне патоку пасажыраў па гадзінах, днях тыдня, перыядах года, што дазволіць больш аптымальна спланаваць рух аўтобусаў. Акрамя таго, дзякуючы відэаназіранню, прасцей кантраляваць выкананне Правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў як вадзіцелем, так і пасажырамі. Аднак цяпер ва ўмовах складанага фінансава-эканамічнага стану аўтапарка неабходныя сродкі для рэалізацыі праекта адсутнічаюць, так што пакуль гэта планы на перспек-тыву.

Вячаслаў ВІКТАРОВІЧ,  г. Брэст: 

– У ноч на 22 чэрвеня ехаў у Брэсцкую крэпасць на мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і 75-годдзю гераічнай абароны крэпасці, на аўтобусе па маршруце № 1, які быў перапоўнены, што стварыла пэўныя нязручнасці. Ці магчыма ў далейшым улічыць гэты факт пры арганізацыі перавозак на падобныя мерапрыемствы?

– 22 чэрвеня перад аўтапаркам стаяла складаная задача – забяспечыць дадатковы падвоз людзей у Брэсцкую крэпасць ноччу і перавозку пасажыраў з раніцы ў поўным аб'ёме, бо трэба было ўлічыць патрабаванні рэжыму працы і адпачынку вадзіцеляў. Ноччу аўтапарк выдзяліў максімальную колькасць аўтобусаў, якія размеркавалі па розных раёнах горада. Але прадугледзець колькасць пасажыраў па кожным напрамку цяжка, таму на некаторых маршрутах аўтобусы былі перапоўненыя. Мы абавязкова ўлічым гэтыя моманты пры арганізацыі перавозкі пасажыраў на падобныя мерапрыемствы ў будучым.

Мікалай ПЯТРОЎ, г. Брэст:

– Колькі павінен каштаваць разавы квіток на праезд у гарадскім транспарце, каб аўтапарк не звяртаўся да бю-джэтных субсідый?

– Сёння адзін талон на праезд у аўтобусе ў Брэсце каштуе 40 капеек (4000 рублёў недэнамінаваных), а калі купляць у вадзіцеля – 45 капеек (4500 рублёў недэнамінаваных). Па нашых разліках, каб забяспечыць хоць бы нулявую рэнтабельнасць аўтамабільных перавозак пасажыраў у гарадскім рэгулярным транспарце, разавы білет павінен каштаваць мінімум 60 капеек (6000 рублёў недэнамінаваных).

– Ці ёсць мэтазгоднасць увядзення кандуктараў на ўсіх гарадскіх маршрутах, а не толькі на № 45?

– На сёння ў аўтапарку працуюць 14 кандуктараў. Яны прадаюць білеты на рэнтабельных маршрутах – гэта значыць, такіх, дзе вялікі паток пасажыраў, а вадзіцель не паспявае даць білеты ўсім пасажырам без парушэння раскладу руху. Да такіх, напрыклад, адносяцца некаторыя прыгарадныя маршруты і гарадскі № 45 “Вясёлка”. Разам з тым спецыялісты аўтапарка прапрацоўваюць магчымасць задзейнічання кандуктараў і на іншых гарадскіх маршрутах.

Тамара МІХАЙЛЕНКА, г. Брэст:

– Ці не плануецца пусціць дадатковы аўтобус па маршруце № 50, каб было прасцей напрамую дабрацца з мікрараёна Кавалёва ў мікрараён Рэчыца, тым больш што 50-ы ходзіць даволі рэдка?

– Гарадскі маршрут № 50 абслугоўвае прыватны аўтамабільны перавозчык, а не аўтапарк. Таму змена раскладу руху на гэтым маршруце не адносіцца да кампетэнцыі нашага прадпрыемства. Іншая справа, што некаторыя жыхары горада просяць звязаць Кавалёва і Рэчыцу прамым рэйсам аўтапарка. Але, на жаль, для гэтага пакуль няма магчымасці, як, зрэшты, і задаволіць просьбы берасцейцаў злучыць прамымі маршрутамі некаторыя іншыя раёны Брэста.

Аляксандр СКАРАХОДЗЬКА, г. Жабінка:

– У салонах аўтобусаў занадта гучна і часта гучаць рэкламныя аб'явы – гэта рэжа слых, не дае магчымасці размаўляць і нервуе. Ці можна паменшыць гучнасць рэкламы?

– Адзначым, што моц гуку дынамікаў у салонах пасажырскага транспарту пакуль ніяк не рэгулюецца нарматыўнымі дакументамі. А рэкламадаўцы імкнуцца даць нам ролік, які б гучаў як мага мацней. Ды, улічваючы скаргі пасажыраў, аўтапарк працуе над тым, каб абмежаваць гучнасць рэкламных аб'яў у аўтобусах пэўнымі рамкамі.

Ганна АЛЯКСЕЕВА, г. Брэст: 

– Мне часам трэба вазіць дзіця ў паліклініку або ездзіць па справах у іншы раён горада. Чаму так складана трапіць у аўтобус з дзіцячай каляскай, а ў гадзіну пік практычна немагчыма?

– Сапраўды, пасажыры з дзіцячымі каляскамі – гэта праблема. Бяда ў тым, што нашы аўтобусы наогул не прызначаны для такіх перавозак. Па гэтай прычыне "дзіцячы транспарт", які ўсё ж заязджае ў аўтобусны салон, стварае пэўныя нязручнасці пры пасадцы і высадцы пасажыраў і займае шмат месца. Дарэчы, за правоз дзіцячай каляскі трэба дадаткова плаціць – як і за правоз багажу.

Вольга БЕРАЖКОВА,  г. Брэст:

– Раней на кожным прыпынку мелася табло, дзе паказвалі час адпраўлення аўтобуса – зручна і сучасна! Але такія табло зніклі. Ці можна спадзявацца, што яны з’явяцца зноў?

– З развіццём новых інфармацыйных тэхналогій сэрвіс па інфармаванні пасажыраў аб раскладзе аўтобусаў стаў больш якасным. Пакуль табло з раскладам на прыпынках няма, хоць у перспектыве яны з’явяцца, затое кожны ўладальнік смартфона можа спампаваць сабе на апарат мабільны дадатак “Яндэкс-Транспарт”, падключыць інтэрнэт, выбраць патрэбны прыпынак і атрымаць расклад аўтобусаў, тралейбусаў і “маршрутак” у рэжыме рэальнага часу. Іншымі словамі, насупраць кожнага нумара маршруту будзе пазначаны час, праз які прыйдзе той ці іншы транспарт.

Больш за тое, на карце горада відаць, дзе аўтобус, тралейбус ці маршрутнае таксі знаходзіцца ў дадзены момант. Такая ж тэхналогія вырашае пытанне запампоўкі інфармацыі на табло на прыпынках, праблема толькі ў выдзяленні сродкаў на ўстаноўку адпаведных тэрміналаў на прыпыначных пунктах. Таксама варта адзначыць, што дадатак “Яндэкс-Транспарт” для “Брэсцкага аўтапарка” дзейнічае ў тэставым рэжыме, таму для яго паўнавартаснай працы патрабуецца пэўны час. 

У перспектыве такія інфармацыйныя тэхналогіі дазволяць кантраляваць як паток пасажыраў, так і аплату праезду ў залежнасці ад адлегласці, якую праехаў пасажыр. Вядома, пры гэтым безліміт на месячных праязных захаваецца. Адзначым, што прымяненне новых тэхналогій пры аплаце праезду, натуральна, патрабуе змен на заканадаўчым узроўні. Але, рана ці позна, новыя распрацоўкі возьмуць сваё.

Васіль ПЯТРОЎСКІ, г. Брэст:

– Дзякуй адміністрацыі і работнікам аўтапарка за тое, што, па маіх назіраннях, у апошні час гарадскія аўтобусы сталі хадзіць значна лепш – амаль без спазненняў і "правалаў" у раскладзе. Цяпер не трэба чакаць на прыпынку транспарт і нервавацца, што спознішся па важнай справе. Ды і сетка маршрутаў стала больш зручнай. За кошт чаго ўдалося адладзіць работу аўтапарка, каб пасажыры камфортна маглі дабрацца ў патрэбную кропку горада?

– Дзякуй за добрую ацэнку нашай працы. Сапраўды, за апошнія тры гады ўдалося на парадак павысіць каэфіцыент тэхнічнай гатоўнасці транспарту і яго выхаду на лініі. Іншымі словамі, калі раней нярэдка пры паломцы аўтобуса яго проста не было чым замяніць, то сёння гэта адзінкавыя з'явы ў выпадку форс-мажора. 

Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што гарадскія ўлады выдзелілі сродкі на абнаўленне рухомага саставу. Таксама прадпрыемства мадэрнізавала сістэму рамонту аўтобусаў, а тэхніку замацавалі за вадзіцелямі. Да таго ж, была вырашана кадравая праблема: калі раней вадзіцеляў не хапала, дык зараз існуе конкурс на вакантнае месца. Адпаведна, узровень падрыхтоўкі вадзіцеляў вырас, акрамя таго, яны шануюць сваё месца і ставяцца да працы больш адказна. А яшчэ аўтапарк аптымізуе маршруты: скарачае або закрывае незапатрабаваныя – за кошт іх скарачае інтэрвал руху на тых, дзе больш пасажыраў, і адкрывае новыя перспектыўныя маршруты. Да прыкладу, у 2009 годзе ў горадзе было 320 аўтобусных прыпынкаў, зараз жа іх – аж 540.