Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

1 22  Июля 2016 г.  в 11:42, показов: 2005 : Брестская область

Праз 55 год з дня першага палёту чалавека ў космас жыхар Баранавіч Іван Федарцоў, які ў 1961 годзе два месяцы быў мадэллю, узгадвае, як ён стаў узорам для скульптуры касманаўта Юрыя Гагарына.

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

Івану Паўлавічу Федарцову цяпер 75. А тады яму было толькі дваццаць і ён вучыўся ў Смаленскім інстытуце фізкультуры. Паехаў туды з недалёкага ад Смаленшчыны Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці - там скончыў школу і папрацаваў ў ёй настаўнікам фізкультуры. 

Вялікая для ўсяго сусвету падзея – першы палёт чалавека ў космас, дакладней, першы паспяховы палёт, адбыўся 12 красавіка 1961 года. Гэта быў вельмі адметны час – першым касманаўтам стаў савецкі чалавек! Усе дзеці марылі тады стаць менавіта касманаўтамі ці хаця б лётчыкамі. Палёт Гагарына знаходзіў адлюстраванне ў той час нават на побытавым узроўні.У продажы з’явіліся этыкеткі на запалках з яго партрэтамі – і ў афіцэрскай фуражцы, і ў шлемафоне. І як нам, падлеткам, вельмі хацелася мець у калекцыі і адну, і другую ”марку” з Гагарыным, як мы называлі этыкеткі! Мы нават хадзілі ў недалёкі ад вёскі райцэнтр Івацэвічы, каб вымяняць жаданую этыкетку ў дальнабойшчыкаў, што спыняліся каля рэстарана і заправачнай станцыі.

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

 …Студэнта Івана Федарцова той вясной проста з лекцыі раптам паклікала да рэктара інстытута ў кабінет сакратарка. Першая думка была: “За што?” А ў кабінеце яго ўжо чакала прадстаўнічая камісія, супрацоўнікі з мастацкіх маскоўскіх майстэрняў, курыраваў работу якіх Леў Кербель, пазней – народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, які за свой творчы шлях стварыў больш за 70 помнікаў і мемарыялаў.

Там, у кабінеце, і адбылася размова, у ходзе якой Іван атрымаў прапанову пазіраваць мастакам для выканання скульптуры Юрыя Гагарына, якую планавалася ўсталяваць у Маскве. Трэба сказаць, мастакі мелі рацыю, каб запрасіць менавіта Івана Федарцова ў якасці мадэлі. І не толькі па прычыне некаторага знешняга падабенства з касманаўтам, які нарадзіўся якраз у Смаленскай вобласці, у вёсцы Клушына.

Справа ў тым, што Іван у той час сур’ёзна захапіўся спортам і не толькі “цягаў штангу”, а і займаўся модным у той час на Захадзе культурызмам. У выніку сур’ёзных заняткаў з цягам часу ён стаў майстрам спорту СССР па акрабатыцы, лёгкай атлетыцы (кіданне молата), скачках з месца ў даўжыню, штанзе. Яшчэ ён быў чэмпіёнам Расіі па штурханню ядра, чэмпіёнам УЦСПС у камандным першынстве па штанзе.

- Танцаваў пасля школы ў ансамблі, - расказвае Іван Паўлавіч, - там выпрацаваў такую прыгучасць, што з месца лёгка браў тры метры сорак сантыметраў.

Сярод шматлікіх тытулаў нашага героя і званне суддзі ўсесаюзнай катэгорыі па штанзе.

Усе гэтыя дасягненні прыйшлі не адразу, яны даваліся цяжкай працай. Што тычыцца культурызму, то на той час, у 1961-м, нават паказальныя выступленні спартсменаў насілі неафіцыйны характар. Праводзіліся яны ў Рызе, Ленінградзе, іншых вялікіх гарадах. Быў Іван са сваім атлетычным складам фігуры і прызёрам такіх чэмпіянатаў. 

І калі яму прапанавалі папазіраваць мастакам, ён адразу пагадзіўся. Было гэта вясной 1961 года, адразу пасля палёта Гагарына ў космас, і доўжыўся працэс амаль два месяцы. Прыемным у гэтай прапанове было і тое, што Іван Федарцоў некалькі разоў бачыў Гагарына, які прыязджаў на сваю малую радзіму, у Смаленск.

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

- У адной з двух вызначаных мастакамі поз даводзілася стаяць у плаўках па паўтары-дзве гадзіны, - расказвае Іван Паўлавіч. - А позы былі такія: адна з паднятаю ўгору рукой, скіраваная ў вышыню, да зорак, а другая – нібы ў палёце, рукі, апушчаныя ўніз.

Вядома ж, ніякіх грошай Іван, як мадэль, не атрымліваў, ды і ад заняткаў яго ніхто не вызваляў. Але мастакі зрабілі некалькі скульптурных копій і адну з іх, выкананую з гліны, вышынёй сантыметраў 75, пакінулі ў падарунак Івану.

Дарэчы, і твар у скульптуры быў не гагарынскі, а нашага героя. Ён паставіў яе на падаконне ў інтэрнаце, дзе жыў. Вядома ж, студэнцкае жыццё вірлівае, неспакойнае – заняткі, сесіі, спазненні ў інтэрнат…Нехта з хлопцаў аднойчы прабіраўся ў “абшчагу” праз яго акно, зачапіў скульптуру, яна ўпала на падлогу і пабілася.

- Спачатку хацеў склеіць, - расказвае Іван Паўлавіч. - Але то часу не было, то жадання, то на спаборніцтвы ездзіў. Зрэшты рэшт махнуў на задумку рукой і выкінуў рэшткі.

У інстытуце Івана Федарцова як спартсмена ведалі многія. А пасля таго, як ён папазіраваў мастакам, увогуле адбою ад дзяўчат не было! Вахцёрка ў інтэрнаце скардзілася: табе столькі аднаму лістоў ідзе, што ўвесь астатні інтэрнат не атрымлівае!

Пасля сканчэння ВНУ Іван Федарцоў працаваў у Смаленску трэнерам, дырэктарам ДЮСШ.. Быў старшым трэнерам вобласці па штанзе. Давялося папрацаваць і ў спартыўнай роце ва Уруччы. Сярод яго выхаванцаў чэмпіёны і рэкардсмены свету, такія, як Вячаслаў Камісараў, браты Рыбаконі. У камандзе былі заслужаны майстар спорту, чэмпіён свету Мікалай Костылеў, майстар спорту Аляксандр Карніенка.

З 1970 года Іван Паўлавіч Федарцоў жыве ў Баранавічах. І тут падрыхтаваў дзясятка паўтара чэмпіёнаў і прызёраў рэспублікі па штанзе, двух майстроў спорту міжнароднага класа, чэмпіёнаў Паветраных Сіл. Працаваў трэнерам, старшынёй спартыўнага таварыства “Спартак”, кіраваў фізічным выхаваннем у тэхналагічным тэхнікуме.

Што тычыцца помнікаў Гагарыну, то як ні імкнуліся скульптары пры жыцці Юрыя Аляксеевіча адлюстраваць яго ў бронзе ці хаця б у бетоне (Юрый Гагарын трагічна загінуў 27 сакавіка 1968 года), атрымалася гэта значна пазней.

Так, да 10-годдзя палёту чалавека ў космас помнік Гагарыну было вырашана паставіць у горадзе Энгельсе Саратаўскай вобласці, недалёка ад месца прызямлення касманаўта. Там пазіраваў скульптарам спартсмен, трэнер энгельскіх гімнастаў Шыршоў.

У тым жа 1971 годзе скульптуру ўсталявалі ў Доме піянераў, а праз 10 год перанеслі да Дома афіцэраў. У 1981 годзе яшчэ адзін Гагарын з’явіўся непасрэдна на месцы прызямлення. Ёсць фігура касманаўта і на пастаменце на Ленінскім праспекце ў Маскве, усталяваная напярэдадні Алімпіяды ў 1980 годзе. Фігура атлетычная, нібы ў палёце, з напружанымі, апушчанымі ўніз рукамі. Па словах Івана Паўлавіча Федарцова, вельмі падобная на тую, якую ляпілі з яго маскоўскія скульптары...

Не толькі ў былой сталіцы СССР стаяць помнікі першаму касманаўту. Ёсць яны ў Калузе, Смаленску, Клушына, Люберцах, Таганрозе, Бранску, у шмат якіх іншых краінах, у тым ліку ў Чэхіі, Амерыцы, Індыі, Англіі, Узбекістане...

А Іван Паўлавіч цяпер на пенсіі. І ўзгадвае ён часам не толькі пра тое, як дабіваўся поспехаў у вялікім спорце, а і ваеннае дзяцінства. 

- Мама расказвала, як мяне немец на руках насіў, калі яе і бабулю забралі ў працоўны лагер, - успамінае ён. - Вязні тады вымушаныя былі працаваць на лесапавале, сельскагаспадарчых работах. Мог бы і я паперы выправіць, што быў непаўналетнім вязнем, і грошы нейкія немцы такім плацілі. Але рабіць гэтага не стаў.

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

Не толькі ўспамінамі жыве цяпер Іван Федарцоў. Ён ізноў пры справах. Кладзе людзям печкі, каміны, барбекюшніцы. Клаў нават печ у лазні аднаму з расійскіх міністраў на Рублёўцы.

А яшчэ (і гэтым Іван Паўлавіч займаецца найбольш) ён прапагандуе сістэму аздараўлення.

- Мой дзед пражыў 107 год, быў знахарам, - гаворыць Іван Паўлавіч. - Лячыў людзей, жывёлу, меў вялікую энергетыку.  

Бабуля Федарцова была траўніцай. Перажыўшы рэвалюцыі і войны, прайшоўшы праз нямецкі лагер, яна пражыла 96 год. Жанчына часта брала ўнука ў лес. А цяпер зёлкі збірае ён сам. Чай п’е толькі з траў – бяссмертніку, зверабою, багульніку. Але аздараўленне – гэта не толькі травы. У яго выпрацаваныя свае сістэмы харчавання, дыхання і фізічных практыкаванняў. 

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

Можа, таму ў свае 75 год ён ні разу не звяртаўся за дапамогай да дактароў, не выпіў ні адной пілюлі, не рабіў ніводнай прышчэпкі і ніколі не хварэў! І гэта пры тым, што заўсёды сярод людзей і ад інфекцый не застрахаваны. Федарцоў водзіць аўтамабіль. І калі ў 73 гады прыйшоў у паліклініку, каб прайсці медыцынскую камісію, там вельмі здзівіліся, што ў яго няма аніякай медыцынскай карткі. А яго сённяшняя мара - арганізаваць у горадзе спаборніцтвы па культурызме і прыняць у іх удзел. 

- Хутка праходзіць маладосць, хутка пройдзе жыццё. Спыніць гэты працэс немагчыма, але замарудзіць - ў нашых сілах, – лічыць Іван  

Источник: Газета Заря
Автор: Алесь БЕЛЫ



Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram


ELC_AMX 2016-07-22 16:25
Так держать,Иван Павлович!  :)

↑ +8 ↓


Страницы: [1]