Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У Івацэвічах адбылася мастацкая выстава “На Радзіме Тадэвуша Касцюшкі”

3  Мая 2016 г.  в 11:45, показов: 2871 : Брестская область


Напрыканцы красавіка ў прадсвяточно-вялікодны дзень 29 красавіка 2016 года ў Івацэвіцкім раённым гісторыка-краязнаўчным музеі адбылася мастацкая выстава “На Радзіме Тадэвуша Касцюшкі”, прысвечаная 270-годдзю са дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША. Мастакі з Мінска, Узды і Слоніма адзначылі гэту памятную падзею сваімі новымі творчымі працамі.

Галоўны ініцыятарамі і арганізатарамі выставы стала дырэктар музея Раіса Горбач і мастак-педагог з Узды Андрэй Лычкоўскі, якія маглі захапіць ідэяй выставы і далучыць да яе шматлікіх удзельнікаў. У цэлым удалося вырашыць тэму выставы праз пейзажны, нацюрмортны, гістарычны і партрэтныя жанры ў розных відах і тэхніках выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 Андрэй Лычкоўскі прапанаваў нізку краявідаў з яскрава-экспрэсіўнай каларыстычнай гамай з тыповымі матывамі беларускай прыроды, блізкімі з дзяцінства. Фёдар Ладуцька (Мінск) засяродзіў увагу гледачоў на вобразнай аўры азёрнага наваколля, якое схіляе да задумы і самапаглыблення. Казімір Кулеш і Яўген Іваноў са Слоніма захапілі гледачоў цудоўнымі  краявідамі з матывамі некранутай часам прыродай, якая захоўвае шматлікія гістарычныя згадкі.

Васіль Грыневіч з надзвычайнай цеплынёй перадаў від слонімскіх вуліц, дзе жыве дух сучаснасці і былых часоў велічы, калі Слонім быў гняздоўем творчых музаў. А гэта, менавіта тыя часы, калы жылі, тварылі і змагаліся Тадэвуш Касцюшка і слонімскія мецэнаты і творцы князі Агінскія. Міхалу Казіміру і Міхалу Клеафасу Агінскім прысвяціў све скульптурныя творы слонімскі творца Леанід Богдан. Яму належыць таксама ўнікальная скульптурная кампазіцыя, прысвечаная Статуту ВКЛ 1588 года. Гэта той заканадаўчы твор канцлера Льва Сапегі, які быў асновай дзяржаўнага  развіцця беларускага грамадства доўгія стагоддзі і быў успрыняты як узор у Еўропе і нават ЗША.

Творчы слонімскі дуэт Тамары і Аляксандра Стацэнкі прадставілі текстыльныя і алейныя кампазіцыі з кветкамі і пейзажамі, у якіх увекапомнілі сваю любоў да роднага краю. Яўген Шунейка (Мінск) прапанаваў графічныя і жывапісныя творы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі падчас вучобы ў Парыжы і эміграцыі ў Швейцарыі. Выстава не можа не выклікаць жывы рэзананс у культурным жыцці берасцейскага рэгіёну, у якім шануецца родная гісторыя і падтрымліваецца ўсё новае і змястоўнае ў выяўленчай творчасці.

 Падчасе адкрыцця выставы супрацоўнікі музею распавялі пра жыццё Тадэвуша Касцюшкі, а мастакі зладзілі майстар-клас, у часе якога наведвальнікі маглі павучыцца творчым сакрэтам у жывапісе.

Вучні дзіцячай школы мастацтваў Жывецкая Анастасія, Казлоўская Надзея і Сіткевіч Дар’я вучыліся жывапісу ў мастакоў і самі малявалі карціны. Кіраўнік юных мастачак Людміла Крукоўская адзначыла, што для дзяцей – гэта вялікая падзея, якая назаўсёды застанецца ў іх памяці.

Ждите загрузки ссылки для показа изображений!

Удзельнікі выставы прадэманстравалі вялікія магчымасці звароту да рэгіянальнай тэматыкі, якой яшчэ вельмі не хапае ў сучасным беларускім мастацтве, нягледзячы на яе значнасць і запатрабаванасць.  Частку сваіх твораў мастакі пасля завяршэння экспазіцыі перададуць у зборы музея як падарунак Радзіме  Тадэвуша Касцюшкі,  каб замацаваць змястоўныя творчыя  здабыткі, праз некалькі тыдняў мастакі  зноў збяруцца на плэнэры, каб маляваць з натуры Марачоўшчыну, Косава, Целяханы і іншыя мясціны Івацэвіцкага краю.

Такім чынам,  развіваецца  сучаснае  беларускае мастацтва  ў  шчыльным і шчырым далучэнні да сапраўдных каштоўнасцей, якія на роднай зямлі – невычэрпныя.