Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Баранавіцкі паэт атрымаў Мядовую прэмію

24  Января 2010 г.  в 12:15 : Брестская область

Віктар СЫРЫЦА,
Мядовую прэмію (пуд мёду і дыплом) за 2009 год атрымаў баранавіцкі паэт Алесь Корнеў за зборнік вершаў "Неўтаймоўны сексафон".

Уручэнне штогадовай берасцейскай мядовай літаратурнай прэміі, якую заснаваў у 2001 годзе пружанскі прадпрымальнік Мікалай Папека, адбылося ў Пружанах ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык".

Алесь Корнеў – адзін з самых вядомых паэтаў Берасцейскай вобласці. Ён – аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў вершаў. У такіх зборніках, як "Услед за ластаўкай", "Грае раніца зару", Алесь Корнеў апявае прыгажосць роднай зямлі і яе людзей. А ў зборніку вершаў "Крыжы зямелькі нашае" аўтар у вершаванай форме паказвае трагічна-гераічную гісторыю нашай зямлі. Але найбольш паэт Корнеў (па прафесіі доктар-дэрматолаг) праславіўся любоўнай лірыкай, раскрыццём інтымных адносін паміж мужчынам і жанчынай.

На ўрачыстай імпрэзе ўручэння Мядовай прэміі выступілі таксама баранавіцкія і берасцейскія паэты і навукоўцы Алесь Каско, Міхась Маліноўскі, Лявон Баласюк, Уладзімір Барысюк, Яўген Баласін, Іван Лагвіновіч. А барды Таццяна Рэпічава і Алесь Паплаўскі праспявалі свае цудоўныя песні.

Сябры і прыхільнікі роднага слова шчыра віншуюць спадара Алеся Корнева з прыгожай і заслужанай узнагародай.