Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Схаваная праўда муроў Берасцейскай крэпасці (відэа)

16  Января 2010 г.  в 01:19, показов: 3577 : Брестская крепость

5 снежня на тэлеканале “Белсат” адбудзецца прэм’ера фільму “Берасцейская крэпасць. Дзве абароны”. Што ўтойваецца за манументальным фасадам аднаго з сімвалаў Беларусі? Чаму беларусы не ведаюць пра яшчэ адну абарону крэпасці? Пра гэта распавядаюць рэжысёрка стужкі Галіна Самойлава і аўтар сцэнара Уладзімір Самойлаў.

Дакументальны фільм “Берасцейская крэпасць. Дзве абароны” створаны ў межах цыклу “Невядомая Беларусь”. Нельга сказаць, што Берасцейская крэпасць не згадваецца ў Беларусі. Але як? Калі ў краіне адбываецца чарговы юбілей, калі замежным афіцыйным гасцям трэба паказаць нешта манументальна-гістарычнае, калі школьнікам на экскурсіі трэба ідэалагічна правільна паказаць беларускую гісторыю. Але што было перад і пасля абароны крэпасці падчас нямецкага нападу на СССР, сучасная беларуская ідэалогія згадваць не зацікаўленая. Больш за тое, інфармацыя пра іншую важную абарону цытадэлі проста хаваецца ад беларусаў.

– Перад здымкамі гэтага фільму ў нас было некалькі дакументальных стужак, у працы над якімі я ўвесь час сутыкалася з розным прачытаннем і адлюстраваннем праз гады адных і тых жа падзеяў. І мне стала зразумела, што ёсць інструментам ідэалагічнага ўздзеяння на народ. Вось і цяпер мы бачым гэтыя гульні з народам, – распавяла ў інтэрв’ю “МЫ” рэжысёрка фільму Галіна Самойлава. – Механізм ідэалагічнага ўздзеяння як стварылі ў 30–40-я гады мінулага стагоддзя, гэткім ён і застаецца дасюль. Бачым усё тыя ж прыёмы – дастаткова ўзгадаць “Лінію Сталіна”. Толькі калі раней гэта ўсё рабілася на вельмі сур’ёзным узроўні, вельмі вытрыманым ідэалагічна, то сёння дадалася такая вось пошлая тэатральшчына, забаўляльныя моманты. Але калі ў падмурку ляжыць вялікая няпраўда, то механізм ужо не спрацоўвае. Вось вам элементарны прыклад гэтага ў Берасці: на адным маленькім пляцы ўрачыста маршыруе ганаровая варта, тут жа гуляюць вяселле, тут жа дзеці лазяць па манументу.

У здымках дапамагло тое, што раней закрытыя, так бы мовіць, “непарадныя” месцы крэпасці, сталі ўмоўна дасяжнымі.

– Мы здымалі ў тых месцах, якія раней былі ўвогуле закрытыя для доступу. Толькі гады два таму нарэшце знялі агароджу ля казематаў крэпасці, дзе ў 1939 годзе ішлі баі польскіх жаўнераў з нямецкімі войскамі. Былі, вядома, цяжкасці і гэтым разам, але трапіць туды ўдалося. Мы хацелі гэта паказаць – і мы гэта паказалі.

Нехта можа папікнуць стваральнікаў фільму ў залішняй акадэмічнасці, але гэта тлумачыцца аб’ектыўнымі прычынамі, кажа Галіна Самойлава.

– Уся стужка грунтуецца на дакументах. Вялікую дапамогу нам аказаў Анатоль Вап, польскі гісторык. Ён даў нам унікальныя фатаграфіі, якія дагэтуль, можна сказаць, нідзе не выкарыстоўваліся. Фільм атрымаўся даволі акадэмічным. Але, заўважу, мы ішлі на гэта свядома, бо Берасцейская крэпасць – адзін з неафіцыйных сімвалаў і святыняў беларускай зямлі. Таму мы выдатна разумелі, што да стужкі могуць быць вялікія прэтэнзіі з боку гісторыкаў. Таму ў ёй усё трымаецца гістарычнай праўды.

Але вось шукаць гістарычную праўду ў адкрытых крыніцах з беларускага боку даволі цяжка.

– Мы вывучылі ўвесь матэрыял, які ёсць у афіцыйным ужытку ў Беларусі. Але, падкрэслю, гэта ўсё засталося ў старым савецкім афіцыйным рэчышчы. Сапраўднага там, шчыра кажучы, вельмі мала.

Аўтар сцэнара Уладзімір Самойлаў кажа, што хацеў паказаць рознае ўспрыняцце абароны яе героямі.

– Калісьці я працаваў на студыі “Беларусьфільм”, і мне давялося паўдзельнічаць гадоў 25 таму ў стварэнні фільму “Усходні форт змагаецца”. Там ні слова не было пра тое, што ветэраны абароны сядзелі апасля вайны ў лагерах. Была толькі героіка. Але насамрэч для байцоў Берасцейскай крэпасці лёс падрыхтаваў некалькі выпрабаванняў. Сам жудасны бой, калі людзі, знянацку разбуджаныя бомбамі ды кулямі, не змаглі выйсці з крэпасці, былі вымушаныя змагацца за жыццё. Потым – для тых, хто выжыў, – нямецкі палон. А тых, хто выжыў ужо пасля нямецкай няволі чакалі савецкія канцлагеры. І нават у 1980-я гады гэтыя ветэраны былі страшэнна запалоханыя пасля ўсіх выпрабаванняў! Яны баяліся праз 40 гадоў лішняе слова сказаць! Што тады казаць пра 1939 год і абарону крэпасці зноў жа ад немцаў, але палякамі? Пра гэта ўвогуле нічога і нідзе ў СССР не вялося. Сёння, праўда, у мясцовым музеі ёсць некалькі фота, у тым ліку і капітана Вацлава Радзішэўскага, які са сваёй ротаю адзіны працягваў бараніць крэпасць.

З 14 па 16 верасня 1939 года палякі адбілі сем нямецкіх атак. Капітан Радзішэўскі кіраваў абаронаю форту Сікорскага. Калі камандаванне загадала адступіць, Радзішэўскі са сваёй ротаю застаўся яшчэ на тыдзень трымаць абарону. І праз некалькі дзён жаўнеры пачалі адбіваць ужо атакі савецкіх войскаў.

– Радзішэўскі са сваімі салдатамі змог выйсці з крэпасці, але ў Кобрыні яго выдалі НКУС. Як і шмат якія польскія афіцэры, ён скончыў жыццё ад савецкай кулі ў Катыні. Але, заўважу, што ў Польшчы абаронцы крэпасці 1939 года засталіся героямі, незалежна ад таго, трапілі яны ў нямецкі альбо савецкі палон. А ў нас – пасля вымушанай абароны 1941 года (бо сама крэпасць не мела стратэгічнага значэння) – салдаты сталі ворагамі народу і здраднікамі. Вось у гэтым і розніца. І там, і там – героі, але героі 1941 года сталі імі не адразу, а пасля катаванняў, судоў, знявагі, смерці.

Уладзімір Самойлаў упэўнены, што абаронцы 1941 года не ваявалі за нейкую адцягненую высакародную камуністычную ідэю.

– Я вывучаў дакументы. Што можна казаць пра баявы дух савецкай арміі, калі ёсць дакументальныя сведчанні, як салдата забіваюць за тое (у мірны час!), што ён не змог ісці стокіламетровага маршу? Забіваюць на вачох у роты са ста чалавек. Які можа быць баявы дух у тых, хто глядзеў на гэта? Ці вось, напрыклад, такі факт. У Берасці служыла шмат мясцовых хлопцаў, так званых “заходнікаў”, то бок людзей з далучаных да СССР тэрыторыяў. Ці можна ўявіць сабе нейкую іх палымяную веру ў камунізм, калі іхных сваякоў пасля 17 верасня 1939 года адразу пачалі судзіць, вывозіць у Сібір?

Аўтар сцэнара прысвяціў тэме Берасцейскай крэпасці нямала часу. Але дасюль адкрываюцца невядомыя яму факты.

– Напрыклад, турма “Брыгітка” для палітзняволеных, што знаходзілася ў самой крэпасці. Там жа месціўся і батальён НКУС. Вось што мяне ўразіла: 22 чэрвеня, калі ўжо падалі нямецкія бомбы, там расстрэльвалі “зэкаў”.

Нечалавечая практыка камуністаў забіваць зняволеных людзей у гарадах, якія апынуліся на шляху немцаў, была распаўсюджаная ва ўсёй Заходняй Беларусі.

Галіна Самойлава заўважае, што чалавечая трагедыя ў крэпасці ў 1939 і 1941 годзе адбывалася зусім па-рознаму.

– Калі ў першых абаронцаў была нейкая надзея на выйсце (яны ведалі, што суайчыннікі не будуць цкаваць іх нібыта за здраду), то ў савецкіх салдатаў выйсця ўвогуле не было. Калі пачынаеш адчуваць гэты боль, пачынаеш ставіць сябе на іхнае месца, застаецца адзінае пачуццё – безвыходнасці. І што мяне ўразіла: адчуць гэта, проста наведаўшы мемарыял, не атрымаецца. Няма гэтага. Там няма стану чалавека, ягонага болю. Вельмі парадна, прыгожа, фанфарна, але няма аўтэнтыкі. Таму моладзь не можа адчуць гэтага подзвігу. Ім гэта падаецца ў такой форме, якая не можа прымусіць іхнія душы неяк адгукнуцца.

Рэжысёр фільму зазначае, што працу над стужкамі пра беларускую гісторыю ХХ стагоддзя не назавеш нейкімі шараговымі даследаваннямі.

– Фільмы пра Курапаты, НКУС, пра Берасцейскую крэпасць – гэта пякельная праца, яна выпальвае. Аднавіцца пасля яе вельмі цяжка. Яна забірае частку асобы аўтара, бо ты суперажываеш сваім героям, пражываеш разам з імі іхны лёс. А гэткага лёсу, які выпаў ім, не пажадаеш нікому.

Пётр КУХТА 

Источник информации: http://belmy.info




Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram