Музей хлеба ў кажушным краі Новая мотальская атракцыя

9  Февраля 2015 г.  в 20:35 : Брестская область

Маталяне, на ўсю Беларусь вядомыя сваёй прадпрымальнасцю, прапанавалі турыстам чарговую цікавостку. Гэтым разам прыцягнуць увагу падарожных людзей мусіць музей хлеба, пабудаваны на базе прыватнага прадпрыемства “Анікс Саніа”. Для нас гэта нагода наведаць Моталь па-за шумнымі “Мотальскімі прысмакамі”.

Музей хлеба ў кажушным краі Новая мотальская атракцыя

Доўгая дарога ў Моталь

Адкрыццё новага музея – а Моталь ужо славіцца сваім музеем народнай творчасці – адбываецца 5 лютага ў 11 гадзін раніцы. Мне ніяк не паспець, бо хоць ранішні цягнік і прыбывае ў Янаў-Палескі ў 9.40, з Іванава аўтобус на Моталь адыходзіць толькі ў 11.30. Хаця можна паспрабаваць дабрацца аўтаспынам: ад Іванава да Моталя не больш за 25 кіламетраў. Таму ў першага ж кіроўцы, які спыніў машыну непадалёк, я пытаю, на якую шашу мне трэба для гэтага выйсці. Кіроўца цікавіцца, навошта мне Моталь, і пачуўшы, што я журналіст, прапануе дапамогу. “Я чатыры гады працаваў у раёне ў аддзеле ідэалогіі з журналістамі”, - так ён тлумачыць сваю неабыякавасць да маёй сціплай персоны, ведучы ў арганізацыю, ля якой ён прыпаркаваўся.

Я не паспяваю парадавацца, як мне пашчасціла, калі выяўляецца, што ў Моталь мы можам паехаць не раней, чым праз гадзіну, – а гэта амаль той самы час, калі адпраўляецца аўтобус. Я парываюся ўсё ж пайсці на трасу, але гасцінны былы ідэолаг запэўнівае, што хутчэй не будзе. Таму я разнявольваюся, аддаю сябе ў распараджэнне лёсу і займаюся за сталом адсутнага работніка сваімі справамі, час ад часу нешта абмярковаючы з прарабам арганізацыі.

Не варта і казаць, што праз гадзіну мы нікуды не едзем, як і праз паўтары гадзіны. З думкай ніколі больш не згаджацца на прапановы дабрадзеяў я рашуча бяру заплечнік і пытаю ў прараба Рыгора, з якім мы паспелі пасябраваць, як мне выйсці на патрэбную трасу, бо аўтобус я ўжо прапусціла. Рыгор, згадваючы сваіх дзяцей, якія жывуць у Менску і якім таксама, можа, некалі хто дапаможа, саджае мяне ў сваю машыну і імчыць наўздагон аўтобусу. Я шчыра і горача яму дзякую, хоць і адчуваю некаторую віну, што нявольна звалілася яму на галаву. Гэты выпадак яшчэ раз прадэманстраваў, як нямоцна трымаюцца за свае словы начальнікі рознага маштабу і што ўсе рэальныя справы выконваюцца самымі звычайнымі людзьмі без паўнамоцтваў.

Музей хлеба ў кажушным краі Новая мотальская атракцыя

Музей як бізнэс-ідэя

У Моталь прыязджаю па 12-й гадзіне. Ясна, што пераразанне стужкі і ўсе афіцыйныя працэдуры скончыліся, але спяшаюся, каб хоць зірнуць на сам музей. Калі я заходжу ў новенькі будынак, які архітэктурай трохі нагадвае паравы млын, там яшчэ тусуецца пару чалавек. Спадзяюся падслухаць экскурсію, але мне раяць хуценька бегчы ў “Мотальскую Венецыю”, дзе ў гэты момант пякуць хлеб. Не маючы ўяўлення, што такое “Мотальская Венецыя”, з усіх ног бягу па паказаным маршруце (як аказалася пазней, самым доўгім з магчымых). У трэцяга чалавека, якога спыняю дзеля карэкціроўкі курса, усё ж высвятляю, што гэта тутэйшая аграсядзіба, якая належыць той жа сям’і, што і кандытарская фабрыка “Анікс Саніа”, і музей хлеба.

Майму расчараванню няма межаў, калі знайшоўшы “Мотальскую Венецыю”, я не бачу там ніякага хлеба. Гаспадар музея Мікалай Стасевіч, сустрэўшы мяне ў дзвярах, тлумачыць, што выпечка ўжо адбылася раней і цяпер толькі будзе святкаванне. Даводзіцца чакаць, пакуль вызваляцца людзі паказаць музей. Часу на гэта ідзе таксама не менш за гадзіну, затое за сталом можна пра што-нішто даведацца. Ну, напрыклад, пра тое, што на СПК “АграМоталь” нядаўна нарадзілася тройня цялят, прычым усе выжылі – толькі карова не надта добра сябе адчувае. А яшчэ, што ў Моталі, акрамя прыватнай пякарні Мікалая Стасевіча, ёсць яшчэ два цэхі па вытворчасці мучных вырабаў, так што музей хлеба на гэтай зямлі будзе выглядаць вельмі дарэчна. За сталом, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі раённай улады, мясцовага кіравання ды бізнэсу вельмі адчуваецца, як моцна ганарацца маталяне сваім паходжаннем. Можа, таму не раз’язджаюцца па гарадах, а развіваюць сваю справу на месцы, даючы тым самым магчымасць заробку камусьці з суседзяў.

Новы музей хлеба з’яўляецца бізнэс-ідэяй, фінансава падтрыманай праектам USAID/ПРААН “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які каардынуе Вадзім Пракапчук. “Ідэя даволі цікавая, - кажа Вадзім -- хоць не ўсё атрымалася, што было задумана. Мелася быць больш шырокая экспазіцыя, прысвечаная сельскагаспадарчым работам. Але ўсё роўна зроблена вялікая праца, уласнікі музея сабралі шмат старых рэцэптаў выпечкі хлеба, і ў перспектыве турыст зможа сам вырабляць тут хлеб па рэцэпце, які яго найбольш зацікавіць”.

Сам па сабе музей без паслугі вырабу хлеба наўрад ці можа быць цікавы. Тут няма нейкіх рэдкіх экспанатаў, якія нельга пабачыць у звычайным этнаграфічным музеі. Арыгінальнасць новага музея хлеба на тым і палягае, каб турыст не толькі пасіўна слухаў аповеды экскурсавода, але і сам прыняў удзел у чароўнай дзеі стварэння хлеба – намалоў мукі, прасеяў яе, замясіў цеста і назіраў за яго паводзінамі ў пячы. А пасля забраў з сабой як бохан хлеба, так і незабыўныя ўражанні.

Музей хлеба ў кажушным краі Новая мотальская атракцыя

Адхіленне ад курса

Вандруючы па Моталі і праходзячы міма адной сядзібы, я заўважаю бабульку, з якой захацелася пазнаёміцца. З хлебнымі мотальскімі традыцыямі ўсё больш-менш ясна, а яшчэ ж цікава пачуць ад аўтахтонаў пра выраб іх славутых кажухоў.

Сімпатычная бабуля Любоў Стасевіч (“у Моталі шмат Стасевічаў) аказваецца бадзёрай жанчынкай 1932 года нараджэння, уся радня якой шыла кажухі. Прычым сама Любоў Арсенцьеўна таксама не парушыла сямейную традыцыю. Яна выносіць мне два розныя экспанаты. Адзін фарбаваны ў чорны колер, парадны, з вышыўкай па краях і на кішэнях. Другі – старэйшы, належаў маме Любы і шыўся яшчэ тады, калі маталяне не ведалі купчай фарбы, а фарбавалі кажухі адварам з дубовай кары. “Паглядзіце, і моль яго не бярэ, - з задавальненнем хваліцца бабуля, разглядаючы перад акном мамін кажух. – Хацела ўжо выкінуць, але шкада, памяць жа”.

Да Другой сусветнай вайны ў Моталі, як мястэчку, жыло шмат габрэяў, многія з якіх таксама шылі кажухі. “Мусіць, і мы ад іх панавучваліся”, - мяркуе баба Люба. Маталяне вазілі свае вырабы паўсюль, прычым не толькі па Беларусі. Былі і перакупшчыкі, якія куплялі гатовы тавар і ехалі гандляваць ім на вялікія адлегласці. Тая ж Любоў Стасевіч сама кажухамі не гандлявала. У савецкія цьмяныя часы, калі ўлады давілі ўсякую прадпрымальнасць, тут, як і ў Гарадной, усяляк стараліся перашкодзіць людзям займацца рамяством. “Ой, то ж мы ў хлявах закрываліся, так не давалі нам шыць”, - успамінае Любоў Арсенцьеўна той час.

Музей хлеба ў кажушным краі Новая мотальская атракцыя

У хлявах – таму што работа па вырабе кажуха даволі брудная, і ў хату з ёй стараліся не ісці. Заключалася яна ў тым, што шкуры авечак на пэўны час замочвалі ў бочках з хлебнай закваскай, каб пасля лёгка было іх чысціць. Пасля церлі, каб надаць мяккасць (“цвёрдых кажухоў перакупшчыкі браць не хацелі”), затым фарбавалі і толькі пасля гэтага шылі.

“Паглядзіце, колькі ў мяне ходнікаў у хаце – то ж усё з адходаў ад кажухоў. Поўсць абразаеш, яна застаецца, а шкада выкідаць. То я пафарбую, папраду і ходнік сатку”, - прыгаворвае баба Люба, паказваючы сваю ўбраную, як лялька, хату. Тут шмат разнастайных этнаграфічных рарытэтаў, пачынаючы ад згаданых ходнікаў і заканчваючы саматканымі ручнікамі – дарэчы, яшчэ адной мотальскай славутасцю. У Любові Стасевіч таксама доўгі час не выносіўся ткацкі станок з хаты, але цяпер яна перадала яго сваячцы. Ды тканых вырабаў яна мае яшчэ шмат – абрусы, ручнікі, сурвэткі і нават хусткі, якія ткала на дзяржаўны перапродаж. Ткацтва гуманная савецкая ўлада тут не забараняла, відаць, не прымаючы за рамяство.

Вядома, што ў Моталі і дагэтуль працуюць ткачыхі, у якіх можна штосьці замовіць. Пагаворваюць, што засталіся і майстры, што шыюць кажухі ды возяць іх у Расію. “У нас зацёплыя зімы для кажухоў”, - тлумачыць адзін маталянін, таксама з кажушнікаў. Цёплыя зімы і дабілі старадаўняе рамяство, бо на лёгкі мароз неапраўдана апранаць грувасткую і цяжкую аўчыну.

Дык вось, пагаворваюць, што майстры-кажушнікі засталіся. Але мне з першага разу знайсці іх не ўдалося.

Значыць, прыдзецца вяртацца.

Источник: Брестский Курьер
Автор: Іна ХОМІЧ (фота аўтаркі)