Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

У шматпавярхоўцы ў Пружанах пасля рамонту даха "пацяклі" кватэры

2  Февраля 2015 г.  в 12:30 : Брестская область

Шматпавярхоўцы № 54 па вуліцы Кастрычніцкай у Пружанах больш сарака гадоў. Зразумела, з цягам часу будынак стаў патрабаваць рамонту. І не было межаў радасці жыхароў, калі ў маі мінулага года нарэшце разгарнуліся будаўнічыя работы: пачалі ўцяпляць фасад дома, рамантаваць дах, мяняць вокны ў пад'ездах… Але што з гэтага атрымалася?

Фота: Раённыя Будні

- Лепш бы яго і не пачыналі, -
гаворыць гаспадыня кватэры № 45, - бо зрабілі яшчэ горш, чым было.

У прынцыпе, гэта бачна і простым вокам: падымаючыся па лесвіцы трэцяга пад'езда злашчаснага дома, з кожным паверхам усё больш яскравей мы бачым карціну, якую па тэлефоне апісвала жанчына. На стан апошняга паверха, як гаворыцца, без слёз не глянеш: падцёкі на сценах і ўваходных дзвярах у кватэры, лужыны вады каля стаяка… Гэты "капёж" трапляе і на лесвічнае электраабсталяванне.

У кватэры № 44 восенню рабілі касметычны рамонт - дачку аддавалі замуж, дык хацелася крыху ўпрыгожыць жыллё.

"Скажыце, хіба бачна, што пару месяцаў таму мы штосьці клеілі, фарбавалі?" - паказвае гаспадыня на адвісаючыя з-за сырасці шпалеры і столевую плітку. У тых месцах, адкуль цячэ найбольш, пакладзены анучы.

"Рэгулярна іх выціскаю, іншы раз па два-тры разы за ноч устаю", - тлумачыць жанчына.

Фота: Раённыя Будні

Ганна Рыгораўна
расказвае пра свой патоп:

"Цяпер у туалеце сцяна пастаянна мокрая. А ў ваннай столь, пафарбаваная эмаллю, у адным месцы набракла. Вырашыла той пузыр прабіць, дык адтуль вада плюхнула… Іншы раз проста хочацца плакаць з-за гэтага бязладдзя".

З жахам жыхары апошняга паверха думаюць пра магчымае дажджлівае надвор'е летам-восенню, плюсавую тэмпературу зімой ды вясеннюю адлігу: у такія дні ў кватэрах пачынае "плакаць" столь.

Сцвярджаць, што камунальная служба, вінаватая ва ўсіх гэтых непрыемнасцях, нічога не робіць, жанчыны не бяруцца: работнікі КУВП "Камунальнік" прыходзяць сюды штодзень, але чым займаюцца на даху, ніхто не ведае. Чым дакладна і калі гэтая гісторыя закончыцца, ніхто зразумелага адказу так і не дае. Работнікі тлумачылі: непрыемнасць здарылася з-за таго, што дах рамантавалі, выкарыстоўваючы новую тэхналогію, якой спецыялістаў не абучылі. Спрабавалі пенсіянеркі высветліць сітуацыю ў кіраўніцтва прадпрыемства, адправіўшы афіцыйны ліст са скаргай, ды ў канцы лістапада атрымалі нешматслоўны адказ: "На калектыўны адказ жыхароў "Камунальнік" паведамляе, што рамонт даха зроблены". Праўда, дырэктар прадпрыемства А. Ф. Шопік, за чыім подпісам прыйшла папера, падчас асабістага прыёму запэўніў, што не ведаў пра гэты адказ і абяцаў разабрацца.

Фота: Раённыя Будні

Жыхарка 44-й кватэры прызнаецца, што працуе ў камунальнай галіне і ў прыватнай гутарцы звярталася да галоўнага інжынера, які параіў чакаць у лепшым выпадку мая: магчыма, летам што-небудзь і прыдумаюць.

Справядлівасці дзеля варта сказаць, што з такой праблемай сутыкнуліся жыхары не ўсіх пад'ездаў. Тым не менш гэта не дазваляе адказным службовым асобам махнуць рукой на праблемы меншасці.

Источник: Раённыя будні
Автор: Марына Вакульская
фота: Сяргей Талашкевіч