Культура дайшла да Пушчы. Імгненні “Прызба-фэсту”

14  Августа 2014 г.  в 00:18 : Музыка, кино, музеи, выставки

Пра важнасць і патрэбнасць фестывалю альтэрнатыўнай культуры “Прызба-фэст” можна меркаваць хаця б па колькасці творчых людзей, што не паленаваліся ехаць у пушчанскую частку Пружанскага раёна. Тут тусаваліся музыкі, мастакі, эколагі, перакладчыкі, керамісты і проста шмат цікавых і пазітыўных людзей, адчаго часам стваралася ўражанне, быццам прысутнічаеш на хіпі-вечарыне. Канешне, калі бываюць хіпі-вечарыны без вялікай колькасці алкаголю і травы

Культура дайшла да Пушчы. Імгненні “Прызба-фэсту”

Побыт

Афіцыйна фэст пачынаўся яшчэ ў пятніцу, але асноўная маса гасцей даязджала ці ў канцы гэтага дня, ці ўжо ў суботу раніцай – хто як змог вызваліцца з працы. Але ў выніку людзей набралася сапраўды шмат, і гэта пры тым, што дабірацца ў Залессе – 120 кіламетраў ад Берасця – мягка кажучы не надта зручна. Праўда, арганізатары стараліся гэтую нязручнасць па меры сіл згладзіць. Мы, напрыклад, сваім ходам дабраліся адно да Аранчыц, а там селі ў наняты аўтобус.

Што да жытла, то на аграсядзібе “Залессе”, на базе якой адбываўся фэст, усяго два невялікія дамкі, куды пасялілі самых ганаровых гасцей. Большасць наведвальнікаў фэсту з энтузіязмам размясцілася ў сваіх намётах, і радасць ад начлегу на свежым паветры азмрочылася толькі ў другую ноч, якая чамусьці аказалася проста непараўнальна халаднейшай за першую.

Харчаванне на аграсядзібе таксама было арганізаваным. Вегетарыянцаў, пра якіх рэдка думаюць на масавых мерапрыемствах, тут чакаў рай: усе дні ежа была выключна без мяса. Акрамя таго, на палявой кухні ў любы час можна было здабыць ці кампот, ці зёлкавую гарбату, а ў шапіку выязнога гандлю прыкупіць да іх булку. Так што галодным, нягледзячы на вялікую колькасць наведвальнікаў, не застаўся ніхто.

 

Выстава дз¦цячых малюнкав чарнобыль

Выстава дз¦цячых малюнкав чарнобыль

Праграма

Зразумела, творчыя людзі ехалі ў Пружанскі раён не толькі для таго, каб падыхаць свежым паветрам, пажыць у намёце ды паесці грэчкі з вогнішча. Найбольш вабіла прыемная кампанія і тыя імпрэзы, якімі арганізатары матывавалі да зрушвання з утульнай гарадской кватэры. Імі былі лекцыі і дыскусіі, у якіх выявілася скразная тэма фэсту – сацыяльнае мастацтва; паказы нямога кіно з жывым музычным акампанементам; канцэрты, прэзентацыі і спектаклі; майстар-класы па разнастайным рэчам ад напісання твітаў да пляцення інтэр’ерных вянкоў.

З майстар-класаў найбольш папулярным аказаўся майстар-клас па шоўкаграфіі, іншымі словамі – па друку на тканіне. Ля стала Святланы Гусаковай пастаянна таўклося шмат цікаўных.

– Гэта вельмі цікава для дзяцей, і шмат хто з дарослых, як выявілася, даўно хацеў паглядзець, што такое сетка, што такое ракель, што такое правесці ракелем па сетцы і зрабіць сабе малюнак. Гэта чароўны працэс, усе вельмі здзіўляюцца. А мне падабаецца людзей здзіўляць нейкімі новымі, яшчэ не такімі папулярнымі рэчамі.

Спектакляў таксама было некалькі. Дзіцячы спектакль “Аповеды з Вялікага Сяла” і “Зямля Б” польска-нямецкага тэатра “Венгайты” адбыліся ў Вялікім Сяле, куды ў нядзелю перанесліся ўсе падзеі “Прызба-фэста”. А ў Залессі прайшла беларуская прэм’ера апошняга праекта тэатра “Крылы халопа” пад назвай “Чарнобыль”.

Святлана Гусакова майстар шовкаграфіі

Святлана Гусакова майстар шовкаграфіі

“Чарнобыль”

Арыгінальная рэч, якую цяжка назваць проста спектаклем. Задзейнічаны не толькі акторы, а процьма людзей, ад якіх сабрана і выкарыстана фактычная інфармацыя, а таксама гледачы.

“Чарнобыль” пачынаецца з відэа, запісанага тэатрам падчас двух экспедыцый у зону адсялення і яе ваколіцы. Толькі пасля таго, як глядач як след уваходзіць у тэму, на сцэне з’яўляецца першая акторка. Але і яна вядзе не надуманыя маналогі – у вобразе адной з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, яна распавядае гісторыю словамі і мовай першакрыніцы.

Калі з’яўляецца другі персанаж – ліквідатар наступстваў аварыі – першая гераіня хаваецца ў глыбіню сцэны, але працягвае дзейнічаць. З дапамогай вэб-камеры, карцінка ад якой праектуецца на экран, мы бачым, як яна шукае ў чамадане старыя фота і дакументы. Калі выходзіць трэцяя апавядальніца – жыхарка зоны адсялення, на экране ўжо можна разгледзець змесціва чамадана Ліквідатара. Можа падацца, што такая шматпланавасць адводзіць гледача ад асноўнага аповеду, але ж планы добра дапаўняюць адзін аднаго і не даюць публіцы стаміцца ад маналогаў.

Затым дарослыя героі мяняюцца на дзяцей, што пацярпелі ад аварыі. Зноў жа – гучаць цалкам рэальныя гісторыі з дзіцячых сачыненняў. Але праўдзівасць так зыграна, што перастае быць толькі голым фактам, становіцца мастацкім здабыткам. Акторам “Крылаў халопа” ўдаецца давесці, што нягледзячы на цяжкія хваробы і перажытыя жыхі, дзеці “Чарнобыля” не адрозніваюцца ад звычайных – ім гэтак жа хочацца гуляць ды сваволіць.Сяргей Гайко падчас спектакля  Чарнобыль

 Наступная частка спектакля – пераломная для ходу яе падзей. Тут акторы выходзяць са сваіх роляў і расказваюць, што памятаюць пра красавік 1986 года. Калі выказваюцца ўсе трое, наступае чарга гледачоў, і адбываецца гэта настолькі натуральна, што ахвотных падзяліцца набіраецца больш за дзясятак. Няхітры прыём – а задумваешся, што для цябе асабіста значыць чарнобыльская трагедыя, і разумееш, што яна дагэтуль тычыцца кожнага без выключэння.

З гэтым разуменнем глядач ідзе ў наступную частку спектакля – асэнсаванне будаўніцтва беларускай атамнай станцыі, якое вядзецца ў нашыя дні. І тут тэатр не адыходзіць ад жанру doc, прытрымліваецца толькі рэальных выказванняў. Сабраны яны з разнастайных форумаў (на экране нават можна пабачыць, пад якім нікнэймам і калі іх пакінулі) і структураваны ў палілогі. Важна, што меркаванні прысутнічаюць самыя розныя, яны адлюстроўваюць сапраўдную палярнасць меркаванняў і імітуюць грамадскую дыскусію адносна будаўніцтва, якая ў сапраўднасці за межы інтэрнэту так і не выйшла.

Увогуле спектакль “Чарнобыль” з’яўляецца прыкладам таго самага сацыяльнага мастацтва, якое абмяркоўвалася на лекцыях фэста і якое прыцягвае ўвагу да найбольш балючых пытанняў рэчаіснасці.

Тэатразнавца Таццяна Артымовіч распавядае пра беларускую новую драму

Тэатразнаўца Таццяна Артымовіч распавядае пра беларускую новую драму

Яшчэ колькі слоў

Арганізатарамі “Прызба-фэсту” з’яўляюцца ўласнік аграсядзібы “Залессе” Сяргей Сідарук і тэатр “Крылы халопа”. Сяргея ведаюць па залесім “Савіным фэсце”, а тэатр вопытны ў арганізацыі невялікіх форумаў альтэрнатыўнай культуры ў Берасці. Так што творчыя намаганні абодвух бакоў удала ўзаемадапоўніліся і выдалі арыгінальны для нашых краёў прадукт. “Мы ад’ехалі ад Берасця на 120 кіламетраў, і было трохі страшна, што людзі не даедуць. Але людзей шмат, значыць яны гатовыя разам з намі выносіць культурную прастору за межы горада”, - гаворыць актор тэатра Сяргей Гайко.

Па ўсім відаць, што людзі і праўда гатовыя.

Источник информации: Автор: Іна ХОМІЧ, Брестский Курьер