Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Яўген Шатохін: мастак-містык з берасцейшчыны

28  Октября 2009 г.  в 18:35, показов: 3906

Яўген Шатохін: мастак-містык з берасцейшчыныАўтар: Зміцер Кісель.

Адкрыццё выставы ў Мінску прысвечанай 1000-годдзю Літвы, вяртанне з творчай вандроўкі па Палессю, Польшчы і ЗША, падрыхтоўка серыі твораў да 600 - годдзя перамогі войскаў ВкЛ пад Грунвальдам ды і нават тое, што не бачыў Яўгена Сяргеевіча больш года проста маральна не давала мне права не завітаць у госці да яго, каб распытаць аб усім вышэй пералічаным. Ведаючы плотны графік мастака, як толькі дазнаўся аб магчымасці сустрэчы адразу ж накіраваўся ў Пінск. Чакаць розных сюрпрызаў было магчымым, але тое, што ў прамым сэнсе я стану начным госцем я аніяк не чакаў (гадзіннік паказваў пачатак першай ночы). У прынцыпе ў гэтым няма нічога дзіўнага для таго, хто ведае Яўгена Шатохіна.

Як і чакалася мастак працаваў, але вось тое над чым і стане пачаткам нашай гутаркі-разважання, калі гэта можна так назваць. Дзяды ўжо зусім хутка і Яўген Сяргеевіч, які цягам усіх святаў, акцыяў звыкся адзначаць іх у Пінску ці Пінскім раёне на сваім ноўтбуку рабіў апошнія папраўкі на шыльдзе. Мне адразу стала зразумелым, што шыльда гэтая для магілы, а вось як кажуць “што? дзе? і як?” прыйшлося ўжо звярнуцца да Яўгена Сяргеевіча:

- Хутка Дзяды, вялікае свята для беларусаў. Вось мы з сябрамі ў гэтым годзе адшукалі магілу удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага ў адной з вёсак Пінскага р-н. Яна, канешне, у вельмі кепскім выглядзе, забытая - сіротка. Дык задумалі на Дзяды-2009 ушанаваць памяць гэтага каліноўца, які ў свой час жыццё не шкадаваў для Беларусі. Паедзем 1 лістапада, ушануем…

Заўважыўшы, што на шыльдзе ёсць выява сімвала грамадзянскай кампаніі “Будзьма Беларусамі” і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, як я назваў у той момант “васілёчак” я не мог прапусціць гэты момант, бо не разумеў і узніклі пытанні ” А чаму не Пагоня, не бел-чырвона-белы сцяг?”. Здавалася мне, што я разважаю пра сябе, але аказалася - сказаў свае думкі ў слых і яно добра, бо Яўген Сяргеевіч здзівіў мяне нечым містычным:

- Мо яны і называюць яго “васільком”, але гэта старажытны ў нечым рэлігійны сімвал беларусаў і мусіць ён быць не жоўтым і не сінім, а чырвоным. Гэта як сімвал вечнасці, бо ён мае некалькі раздзелаў-вуглоў, якія абазначаюць пэўны час толькі для Беларусі!

Не вельмі арыентуючыся ў пытаннях астраноміі і заўважаючы, што Яўген Сяргеевіч паказвае ўжо кнігі, карты, энцыклапедыі я па-маленьку ды паціху перайшоў да пытання аб яхце “Сакавік”, якая належыць мастаку. Справа ў тым, што бел-чырвона-белы вымпел і яхта Яўгена Шатохіна, якая выклікала ў гэтым годзе перапалох міліцыі ў Петрыкаве скончыла навігацыю і рыхтуецца да наступнага сезону ў які выйдзе з новымі сюрпрызамі:

- Я здзіўлены, - кажа Я. Шатохін. - Такога шчэ не было, я толькі падышоў на сваім “Сакавіку” да берага і праз некалькі хвілін каля 10 - ці (!) міліцыянераў ужо несліся да мяне. Думалі мо што я тэрарыст-радыкал, ці што? Неспадабаўся ім мой бел-чырвона-белы вымпел і назва майго судна. Разабраўся я з імі даволі хутка, але уражанні засталіся і даволі пазітыўныя. Мо гэта ўлады Пінска прызвычаіліся? Так ці не, але вымпел я зраблю больш цяпер маштабны і лепш бачны. Мой “Сакавік” стаіць зараз ужо на рамонце, скажам так, рыхтуецца да наступнага сезону. Планую шмат творчых вандровак па вадзе.

Пасля гэтага Яўген Сяргеевіч паказваў мне здымкі і замалёўкі, што зрабіў са сваёй яхты знаходзячыся у цэнтры Прыпяці. Апісаць тую прыгажосць проста немагчыма, тое трэба бачыць… Размова паступова перайшла да твораў, выставаў. Апошняя выстава на якой быў мастак - “1000 годдзе Літвы”:

- Беларусь мусіла пачаць адзначаць міленіум Літвы на дзяржаўным узроўні, як тое робіцца цягам года ў суседняй балцкай краіне - відавочна, але нават той факт, што сціплыя, малафінансаваныя імпрэзы адбываюцца па намаганні інтэлігенцыі - гэта ўжо добра. Нажаль у нас у Беларусі гэта праходзіць вельмі сціпла, за вельмі сціплыя грошы арганізоўваецца. Адным з такіх мерапрыемстваў з’яўляецца гэтая выстава, якую ладзіць Беларускі саюз мастакоў. Асабіста я вельмі сур’ёзна паставіўся да гэтай выставы, падаў заяўкі на удзел у ёй. Для мяне адкрыццё любой выставы - гэта значная падзея. Жыць у Пінску і не прымаць удзел у мерапрыемствах сваёй роднай арганізацыі, значыць апынуцца недзе ў нізе.

Слухаўшы Яўгена Сяргеевіча па гэтай выставе, я пагаджаўся з кожным словам і канешне, заўважыў з вялікім хваляваннем на наступны год. Бо ў 2010 годзе 600- я гадавіна Грунвальда і калі ўлады нашыя так паставіліся да міленіума Літвы, то што нам чакаць датычна Грунвальда? Мастак з пазітывам і насмешкамі адзначыў, што галоўнае - гэта творцы літаратуры, журналістыкі і мастацтва, каб яны не забылі і рыхтаваліся, а асабіста пра сябе дадаў:

- Накірую свае сілы, каб адзначыць юбілей перамогі пад Грунвальдам у Пінску. Я вось упэўнены, хай гэта нават і мая тэорыя, скажам тэорыя творчай асобы, якая мяне натхняе. Вось чаму у Пінску герб далі - залаты лук на чорным шчыце? Упэўнены, што лучнікі з Пінску прынялі вельмі актыўны удзел і вельмі добра адзначыліся ды яшчэ так, што ў іх гонар і герб нам такі. У мяне не будзе твораў з выяваю крывавых сцэнаў, думаю гэта будуць асобы. Вось маю вопыт з серыі працаў на тэматыку Аршанскай бітвы я там адлюстраваў шмат чаго партрэтам Канстанціна Астрожскага. Думаю ў мяне хопіць сілаў паказаць і Вітаўта.

Няўжо нехта можа пераказаць усё з размовы ды калі яшчэ гутарка ідзе з цікавай, творчай асобаю? Думаю, не. Галоўнае, каб хоць асноўнае не забыць…здаецца мне не забыў.
Гутарку з Яўгенам Сяргеевічам скончылі глубокай ноччу і калі сыходзіў у галаве было адное пытанне “Калі ж наш мастак адпачывае?” Развітваючыся жадаў ужо не плёну ў працы, а сілы і здароўя.

Источник информации: http://budzma.org/art/yawhyen-shatokhin-mastak-mistyk.html




Система Orphus

Оставить свой комментарий можно после
регистрации на сайте или в чате Telegram