Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

27  Апреля 2014 г.  в 21:16 : Музыка, кино, музеи, выставки

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»Адзін з найлепшых беларускіх рок-гуртаў Akute 26 красавіка завітаў у Брэст з сольным канцэртам-прэзентацыяй трэцяга студыйнага альбома «Reaĺnaść i sny», які выйшаў у сярэдзіне красавіка 2014-га.

Канцэрт адбыўся ў брэсцкім клубе «Сфера». Хочацца напісаць - пры вялікім аншлагу. Але на дзіва не: жадаючых паслухаць у жывым выкананні гурт, які выступаў на адной сцэне з сусветна вядомымі камандамі Placebo і Skunk Anansie, які браў гран-пры на замежных фестывалях і быў названы гуртом года ў Беларусі, аказалася не шмат.

Канцэрт пачаўся на паўгадзіны пазней, чым планавалася. Падалося, што арганізатары да апошняга чакалі, што публіка яшчэ падцягнецца. З улікам усіх спазніўшыхся, слухачоў на пляцоўцы можна было налічыць не больш за 100 чалавек ва ўзросце да 30 год. Журналісты, абмяркоўваючы між сабой гэты факт, сумна канстатавалі: «Здаецца, у гісторыі гурта гэты канцэрт пазначыцца як правальны».

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Сапраўды, чамусьці падавалася, што на сольны выступ Akute, а тым больш, прэзентацыю альбома, які выйшаў літаральна два тыдні таму, прыйдзе нашмат больш народу. Але атрымалася як атрымалася: і арганізатары, і журналісты пераацанілі захопленасць брэстаўчан актуальнай беларускай музыкай. Гэта нават складана патлумачыць. Моладзь у нашым горадзе не шануе беларускую мову, на якой спяваюць Akute? Ці аддае перавагу амаль што земляку хіп-хоперу Максу Каржу з Лунінца, а не хлопцам з Магілёва, якія лабаюць сапраўдны рок? Ці мо банальна пашкадавала 100 тысяч на ківток?

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Пасля кароткага разагрэву ад брэсцкана панк-гурта WeArtists, на сцэну без лішніх словаў падняліся вакаліст Стас Мытнік, гітарыст Рома Жыгараў і бубнач Павал Філатаў з Akute. Канцэрт пачалі без лішніх прамоваў з добра вядомай публіцы песні «Яны пад снегам». Пазнаўшы яе з першых акордаў, слухачы ўзнялі рукі ўверх, пачалі віскатаць, падпяваць і танчыць. Гэтак жа публіка вітала і песні з новага альбома. Было відаць, што на канцэрт слухачы прыйшлі добра падрыхтаванымі. Яны ведалі амаль што ўсе словы новых песень, якія, нагадаем, з'явіліся ў інтэрнэце толькі два тыдні таму. Музыкі на размовы не адцягваліся: толькі загадкава ўсміхаліся.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Пазітыўна настроеную публіку і самазабыўна граючых сваю музыку хлопцаў, падалося, абсалютна не бянтэжылі праблемы з гукам. Мікрафоны часам пасвіствалі, з калонак раз-пораз даносіўся трэск. Сітуацыя была не катастрафічнай, але ўсё роўна адказнага за апаратуру хацелася назваць кайфаломам і «жэстачайшэ» наказаць за тое, што на некаторых песнях заварожваючы голас Стаса хоць на імгненне, але перакрываў свіст мікрафона.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Канешне, канцэрт, гэта не студыйны запіс, дый варта зрабіць зніжку на пляцоўку, апаратуру... Але ў альбоме «Reaĺnaść i sny» Akute дасягнулі сур'ёзнага, якаснага гучання, якое, усё ж-такі, безумоўна хацелася пачуць і на жывым выступе.

«Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было», - зазначыў Рома са сцэны. Публіка расцаніла гэта як камплімент, журналісты напружыліся: улічваючы невялікую колькасць слухачоў і не страшныя, але - «касякі» з гукам.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Пасля выступу мы пацікавіліся ў Рамана Жыгарава, што ён меў на ўвазе, калі так сказаў.

- Гэта быў дужа цёплы выступ, мы такога не чакалі. Відавочна, што народу было не шмат, але бачна, што людзі спецыяльна прыйшлі. Менавіта тыя, каму гэта было трэба. Мы даўно такога не бачылі. Такі хатні, ведаеш, маленечкі, уютны хатні выступ.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

- Але вы не першы раз выступаеце ў Брэсце (апошні раз брэстаўчане маглі пачуць на Men's Fest), але публікі ўсё роўна ня шмат. Колькі людзей вы хацелі пабачыць?

- Не мае розніцы, колькі мы хацелі пабачыць людзей. Справа ў тым, як увогуле ты адчуваеш сябе. Калі людзям падабаецца, то не важна, колькі іх прыйшло на канцэрт, насамрэч. Нам вельмі спадабалася сёння ў Брэсце.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Праблем з гукам Рома таксама не заўважыў: «Нам было добра на сцэне». І сапраўды: музыкі падчас канцэрту знаходзіліся між рэальнасцю і сном, як самі пяюць. Яны атрымоўвалі асалоду ад сваёй музыкі, ад пазітыву тых, хто стаіць пад сцэнай і не звярталі ўвагі на дробязі, да якіх дакалупаліся журналісты.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Дарэчы, Рома распавёў пра тое, як гурту ўдалося дасягчы такога высокаякаснага гучання ў «Reaĺnaść i sny». Высветлілася, што песні з новага альбома Akute зводзіў той самы чалавек, з якім працуе «Океан Эльзи».

- Зміцер Іваней, кіеўскі гукарэжысёр, вельмі сур'ёзны дзядзька. Мы нават крыху хваляваліся, каб яму падыйшлі трэкі, каб ён адэкватна гэта ўсё ўспрыняў. Але насамрэч мы ніводнага трэку не правілі. Тобок, калі ён дасылаў, ён з першага разу трапляў менавіта куды трэба. І мы не бачылі сэнсу нешта там перарабіць, - распавёў Рома Жыгараў.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Пасля канцэрту музыкі выйшлі ў зал, каб сфатаграфавацца з усімі жадаючымі. Прыхільнікі рабілі «сэлфі», у той жа момант публікавалі іх у Інстаграм і з дзіцым захапленнем пазначалі Рому і Стаса на здымках; падпісвалі набытыя ў холе клуба дыскі, плакаты, размаўлялі з бубначом і абдымаліся з усімі музыкамі па чарзе.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Выступ Akute у Брэсце пакінуў вельмі пазітыўнае ўражанне. Ён атрымаўся сапраўды цёплым і ўтульным, як адзначыў Рома, але аніяк не правальным.

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Akute у Брэсце: «Такіх канцэртаў у нас яшчэ не было»

Аксана БРОВАЧ, фота Дзмітрыя БОСАКА http://mybrest.by