“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Берасце

16  Апреля 2014 г.  в 14:50 : История города Бреста

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: БерасцеБерасце — Беларускі Ерусалім, страчаны горад. Колішні горад на выспах, сярод павольных рэкаў, маўклівых старыцаў і трысняговых абшараў. Там, дзе Мухавец, шукаючы дарогу да Буга і ўжо, здаецца, знайшоўшы яе, распадаецца на рукавы; там, дзе б’юць крыніцы, нараджаючы ручаіны, дзе вада з усіх бакоў плыве, бруіцца, закручваецца вірамі, альбо стаіць амаль нерухома ў цёмных затоках. Вотчына рыбаў і птаства. Цяпер тут ціша, такая, што можна слухаць, як спяваюць птушкі і цячэ вада.

Некалі на яе паверхні адбіваліся земляныя валы старога замка і яго каменная вежа-данжон, масты і кладзі, дамы месцічаў і званіцы шматлікіх храмаў. Званы гэтых званіцаў славілі Божы свет на ўсё наваколле і яшчэ далей, туды, куды чалавечы зрок ужо не сягае. Гэта магло адбывацца а шарай гадзіне, увосень, калі туман і пахне салодкім смуткам, альбо доўгім летнім вечарам, калі цені таксама доўгія, а сонечныя промні свецяць амаль раўналегла сценам будынкаў, «па датычнай», ледзь кранаючы іх вечаровай пазалотай.

“Простыя рэчы” Міхала Анемпадыстава: Берасце

Пры такім асвятленні любая архітэктура выглядае эфектна — і барока шматлікіх кляштараў і храмаў, і ўзнёслая готыка касцёла Святога Крыжа і Успення Марыі Панны, і візантыйская стрыманая веліч царквы Святога Мікалая, і рэнесансная чысціня Харальнай сінагогі. Берасце было горадам розных стыляў, манаскіх законаў, рэлігій. На ягоных вуліцах і пляцах гучалі розныя мовы, на якіх палемізавалі, проста спрачаліся, гандлявалі, вялі судовыя цяжбы і прызнаваліся ў каханні.

Атрымаўшы ў 1390 годзе магдэбургскае права, Берасце стала першым на Беларусі «вольным горадам». Нашыя продкі вольнасці не баяліся, яны ёй жылі і дыхалі яе паветрам, замешаным з паасобных пахаў, гукаў, словаў, ідэяў. Гэтым паветрам лёгка дыхаецца, яно чыстае і спажыўнае, яго хапае на ўсіх, на тое яно і вольнае. Пакаштаваўшы такога паветра, цяжка, амаль немагчыма дыхаць іншым. Ніхто не аддае сваю волю проста так, добраахвотна. За волю змагаюцца. Волі пазбаўляюць.

Наўрад ці знойдзецца горад, які ніводнага разу не быў захоплены, падпалены, разрабаваны. Берасце не выключэнне: неаднойчы яго бралі ў аблогу, прычым збольшага гэта рабілі «свае», ці то не здолеўшы дамовіцца, ці то з уласных амбіцый напляваўшы на тагачаснае маёмаснае права. Са сваімі складана. З прышлым ворагам прасцей, ён вораг па вызначэнні, ці, як бы сказалі сёння, акупант. Рана ці позна такіх выганяюць, калі толькі яны не паспелі перапісаць гісторыю акупаваных, пакінуўшы ў ёй для сябе ролю «вызваліцеляў».

Войны мінулага не былі настолькі спусташальнымі ў дачыненні да мураванай забудовы, як у ХХ стагоддзі. Старадаўняе Берасце знішчылі не ваенныя дзеянні, а палітычнае рашэнне расійскіх уладаў. Крэпасць пачала будавацца ў час, калі заходняя мяжа імперыі пралягала ажно за Варшавай і яшчэ далей, на адлегласці больш чым 400 кіламетраў ад Берасця. Ніякай дзяржаўнай мяжы побач з Берасцем не было. Як і іншыя расійскія крэпасці на нашых землях, Брэсцкая цвердзь у першую чаргу будавалася як апорны пункт супраць літвінаў, то бок супраць нас саміх.

Дзеля яе будаўніцтва быў знішчаны адзін з найвялікшых гарадоў Княства, старажытны і маляўнічы, а ягоныя жыхары прымусова пераселеныя. Пры гэтым руйнаваліся не толькі свецкія пабудовы, але і святыні, у тым ліку хрысціянскія. Цяжка паверыць, што гэта рабілі таксама хрысціяне. Немажліва гэта чымсьці апраўдаць. Не будзем жа мы апраўдваць гэта тым, што Брэсцкая крэпасць, як і Бабруйская, Дзвінская, Варшаўская, сваю задачу выканала і аказалася сапраўды эфектыўным інструментам здушэння нашых жа нацыянальна-вызваленчых паўстанняў?

А вось яе ваенная абарончая місія аказалася правальнай. У Першую сусветную вайну, цягам якой пазіцыйныя баі доўжыліся гадамі, крэпасць была здадзеная немцам амаль без супраціву. У Другую сусветную яна ўжо не адыгрывала значнай стратэгічнай ролі. Ні для палякаў у 1939-м, ні для савецкіх войск у 1941-м. Немцам не была патрэбная крэпасць, іхнай галоўнай мэтай была інфраструктура для кідка на ўсход — масты, дарогі, чыгунка. Лёс замкнутых ў крэпасці абаронцаў — гэта ў першую чаргу чалавечая трагедыя, якая губляецца на фоне цыклапічных скульптур-мемарыялаў.

Я звычайны салдат, шараговы ў запасе. Я ведаю, што ў выпадку вайны, мне б давялося выконваць загады камандзіра, нават калі яны памылковыя: трымаць абарону, ісці ў атаку, рызыкаваць жыццём і, калі не пашанцуе, памерці. На маю думку, думку шарагоўца, найвышэйшай пашанай для салдата ёсць людская памяць і праўда без прыхарошванняў. Ідэалагізацыя гісторыі вайны нівелюе гераізм яе шараговых удзельнікаў. Праўда, нават самая непрыемная не прыніжае вартасці салдацкага подзвігу, а наадварот, паказвае ягоную веліч у поўным аб’ёме, шматвымерна, пераканаўча.

Праўда прымушае нас думаць, рабіць правільныя, а не памылковыя высновы, і рухацца наперад. Праўда адна, калі кажа, што іх шмат, то гэта няпраўда. Для праўды няма розніцы, у якім войску служыў салдат, калі ён служыў сумленна і бараніў сваю Радзіму, а не ваяваў чужую. Абсалютна недарэчным выглядае падзел на афіцыйна ўганараваных савецкіх воінаў і амаль забытых польскіх у мемарыяле Брэсцкай крэпасці, бо менавіта ў Войску Польскім служылі берасцейцы. Так склалася. Яны выканалі свой вайсковы доўг таксама. Памятаючы пра іншых, мы не маем права забыцца пра сваіх.

Неўзабаве Брэст будзе адзначаць сваё тысячагоддзе. Сёння гэта горад з новымі раёнамі, утульным гістарычным цэнтрам і ўсё яшчэ прысутным еўрапейскім шармам. Я пражыў на ягонай ускраіне, у казарме вайсковай часткі №01961, два гады. Я люблю Брэст, не зважаючы на ягонае чужое імя, якое цяжка вымавіць па-беларуску. Пабудаваны на новым месцы, ён сам стаў гісторыяй, якую трэба берагчы і захоўваць. Крэпасць, якая паўстала на месцы колішняга Берасця, таксама стала гісторыяй і помнікам фартыфікацыйнай думкі. Яе таксама трэба берагчы, нават ратаваць, бо значная яе частка патрабуе тэрміновай кансервацыі.

Мы ніколі не адбудуем старадаўняе Берасце такім, якім яно было. Максімум з мажлівага – гэта паасобныя фрагменты пры ўмове, што яны не будуць спрачацца з архітэктурна-планіровачнай логікай цытадэлі. Але помніць пра наш страчаны горад, наш беларускі Ерусалім мы павінны. Каб цені чужое крэпасці і манументальнае прапаганды не накрылі ягоны светлы вобраз цалкам. Каб свяціў ён нам праз стагоддзі.

Источник информации: http://budzma.by/