Выбары, якіх няма. Дзённік незалежнага назіральніка

26  Марта 2014 г.  в 23:13 : Выборы в Республике Беларусь

Цягам выбарчага тыдня я прысутнічала на ўчастку для галасавання №75, які месціўся ў брэсцкай гімназіі №2, і назірала за тэатрам, што называецца “Выбары”.

Выбары, якіх няма. Дзённік незалежнага назіральніка

17 сакавіка. Панядзелак

Каб быць назіральнікам, трэба, каб хтосьці дэлегаваў табе такія паўнамоцтвы. Ёсць розныя варыянты, але мне найпрасцей было дамовіцца з якой-небудзь палітычнай партыяй, тым больш што закон не абавязвае назіральніка да гэтай партыі належаць. З пратаколам пасяджэння Рады Партыі БНФ, у якім вырашана накіраваць мяне на ўчастак №75, я іду акрэдытоўвацца.

Маленечкі кабінет завуча па выхаваўчай працы ўжо гатовы да выбараў. Стаіць кабіна для галасавання, скрыня, стэнд з інфармацыяй пра кандыдатаў, стол для камісіі, сейф, шафа, а таксама адно крэсла ля самых дзвярэй. Гэта рабочае месца назіральніка. Першым маім знаёмцам аказваецца настаўнік у спартовым касцюме, фізрук, які працуе ў гімназіі і выконвае абавязкі намесніка старшыні выбарчай камісіі. Завуць ягоВалерый Петруковіч.

Першая мая місія як назіральніка -- падаць прапанову пра падлік галасоў. Яна патрэбная, каб дамовіцца з камісіяй аб правілах “гульні” ў момант падліку, бо падрабязна гэтая працэдура ў Выбарчым кодэксе не прапісаная. Назіральнік мае права падаваць такія прапановы, каб у яго не заставалася сумненняў у адкрытасці выбараў і іх вынікаў. Але намеснік прапанову маю не бярэ, бо не ўпэўнены, ці маю я на гэта права. А ў выпадку сумненняў, канешне, лепш адмовіць. І сказаць: “Вы самі ведаеце, што кодэкс такога не прадугледжвае”.

Пакуль вырашаю скарыцца і пачакаць да заўтра. Заўтра павінна з’явіцца старшыня.

18 сакавіка. Аўторак

Першы дзень датэрміновага назірання. У 9.45 збіраецца 10 чалавек з камісіі, каб апячатаць скрыню. Старшыні няма, але ёсць намеснік, якога я ўжо ведаю. Падчас апячатвання адбываецца нейкі разгул дэмакратыі, і мне нават даюць паглядзець, ці добра завязаны вузельчыкі шпагату. Гэта зусім лішняе, але правяраю. Пасля без праблем рэгіструюць маю прапанову, так што мне нават не прыходзіцца пускаць у ход артылерыю з пунктаў кодэкса.

На ўчастку з’яўляецца яшчэ двое назіральнікаў ад партыі “Справядлівы свет” і АГП. Першапачаткова мы не вельмі разумеемся на глебе мовы. “Почему вы говорите по-белорусски? Я прекрасно понимаю и по-русски”, -- гаворыць мне мая суседка. Тлумачыць, што па-беларуску я гавару сама па сабе, а не каб зрабіць на яе ўражанне, непрыемна, але неабходна. Пазнаю ў жанчыне асобу прынцыповую, якая наўрад ці з’яўляецца дэкаратыўным назіральнікам, а значыць, задача ў нас агульная.

 

Старшыня камісіі Аксана Івашова. Скрын з відэа

Старшыня камісіі Аксана Івашова. Скрын з відэа

Пад канец дня, у які прагаласавала ўсяго 11 чалавек, прыходзіць старшыняАксана Івашова, дырэктар пачатковай школы №34. Настроена дабрадушна, усміхаецца. Жартуе, што ў нас падлікі, як у аптэцы. І сапраўды: у выніковым пратаколе, які фатаграфую, колькасць выдадзеных бюлетэняў супадае з колькасцю падлічаных намі выбаршчыкаў.

Адзінае, старшыня чамусьці адмаўляецца апячатваць пакой, у якім знаходзіцца скрыня і бюлетэні. На гэта я павінна напісаць скаргу, але вырашаю пачакаць. Пакуль на ўчастку ўсё спакойна, і асаблівых падстаў непакоіцца няма.

19 сакавіка. Серада

Людзі пачынаюць ісці актыўней. Амаль усе выбаршчыкі -- пенсіянеры або людзі перадпенсійнага ўзросту. На ўчастку па-ранейшаму я і назіральнікі з іншых апазіцыйных партый. Мы пакрысе пераадолелі першапачатковую непрыязнасць і ператварыліся ў партнёраў.

З самай раніцы мне пазванілі з камісіі і запрасілі на разгляд маёй прапановы адносна падліку галасоў. Пасяджэнне адбудзецца ў кабінеце дырэктара 34-й школы ў 18 гадзін. На ўчастку застаецца адна з маіх калег, таму падлік людзей будзе весціся бесперапынна.

Кароткага дыялогу ў прыёмнай дастаткова, каб зразумець: учарашняя прыветная старшыня ператварылася ў фурыю. Мяне просяць пачакаць у калідоры і клічуць толькі тады, калі камісія займае свае месцы вакол дырэктарскага стала. Мне выдзелілі край канапы ля дзвярэй, агульная атмасфера вельмі няўтульная.

Чытаюць маю прапанову. У месцы, дзе гаворыцца пра сябраў камісіі, Івашова перапыняе і пытаецца, што я мела на ўвазе. “Мы не сябры, мы члены!” -- кажа яна, і я не пярэчу. У гэты момант у кабінеце адны суцэльныя члены.

Пасля прачытання старшыня-дырэктар нагадвае камісіі, што яны кіруюцца Выбарчым кодэксам, а назіральнік заклікае іх ад гэтага кодэкса адступіць. Ну і выносіцца адпаведнае пытанне на галасаванне: хто за кодэкс, а хто за назіральніка. Я спрабую ўзяць слова і патлумачыць, што мая прапанова інтэрпрэтуецца скажона, але слова мне не даюць. Са свайго дырэктарскага крэсла Івашова гаркае, што назіральнік можа толькі прысутнічаць. Нават калі разглядаюць яго прапанову.

Пасля гэтага наступае апошні акт п’есы. Кароткае абмеркаванне перад галасаваннем зводзіцца да пары фраз. Адна з настаўніц ціхенька кажа, што “мы за кодэкс”, другая дадае, што яго пісалі “больш разумныя людзі, чым некаторыя”. Усе галасуюць, а сакратар Юрый Алексяюк з БРСМ разам са мной выходзіць і аддае гатовы экзэмпляр адказу.

Але прыкрыя моманты на гэтым не заканчваюцца. Вяртаюся на ўчастак, дзе неўзабаве павінны апячатваць скрыню і вывешваць выніковы пратакол. І тут мне гавораць, што фатаграфаваць пратакол больш нельга. Намеснік старшыні паказвае на таблічку з забаронай аўдыё і відэа, якую сёння прынёс. Спрачаемся. Мой аргумент: пратакол -- публічная інфармацыя. Іх аргумент: нельга, таму што я -- назіральнік. Аргумент дзіўны, бо назіральнік якраз і мае першачарговае права на капіраванне пратакола, але казаць пра гэта людзям, якія калі і чыталі Выбарчы кодэкс, то не далей за вокладку, не мае сэнсу. Дастаю журналісцкае пасведчанне і кажу, што буду тады здымаць як журналіст.

Што на гэта адказаць, намеснік і сакратар не ведаюць. Занадта неардынарная для іх сітуацыя. Пачынаюцца доўгія перамовы па тэлефоне з начальствам. У выніку з’яўляецца элегантны адказ, што ў Выбарчым кодэксе напісана, быццам назіральнік не можа быць журналістам. А дакладны артыкул кодэкса мне ніхто называць не абавязаны.

Такім чынам, мой працоўны дзень сёння канчаецца толькі ў 12 ночы. Пішу скаргі на тое, па-першае, што прапанова не была разгледжана па сутнасці і што адзін з “членаў” дапусціў абразу назіральніка. Па-другое, што мне як назіральніку не далі магчымасці зрабіць копію пратакола. І па-трэцяе, што на ўчастку мяне адмовіліся зарэгістраваць як журналіста.

20 сакавіка. Чацвер

Прыходжу з самай раніцы на ўчастак. Сігнал з забаронай капіраваць пратакол гучыць насцярожвальна. Таму вырашаю сядзець на ўчастку цэлымі днямі, нягледзячы нават на наяўнасць другіх назіральнікаў, якім цалкам давяраю. Адзін назіральнік -- у полі не воін, лепш мець сведкаў.

Пераглядаючы ўчарашнія запісы, мы з калегай заўважаем памылку ў падліках сакратара адносна рэшты нескарыстаных бюлетэняў. Памылка чыста механічная, і мы, магчыма, не звярталі б на яе ўвагу, каб не той факт, што ў самім пратаколе яе ўжо няма. Абедзве памыліцца пры спісванні мы не маглі, значыць пратакол быў падменены ў час, калі на ўчастку ўвогуле ніхто не павінен быў знаходзіцца.

Распячатваць скрыню ў 14 гадзін прыходзіць сама старшыня, і я запытваю аб пратаколе. Івашова робіць выгляд, што не чуе майго пытання, таму я пачынаю фармуляваць яго пісьмова ў форме скаргі. Для гэтага прыходзіцца выйсці на калідор, бо на ўчастку не прадугледжаны стол для назіральнікаў.

У гэты момант на ўчастку пачынаецца нейкі лямант, які вельмі хутка пераносіцца ў калідор. Аказваецца, Івашова выганяе з участка другую назіральніцу, якая сведчыла пра падмену пратакола. Нагодай для выштурхоўвання стала тое, што ў яе партыйным накіраванні няма круглай пячаткі, якая і не патрабуецца. Хтосьці некалькі разоў тэлефануе на ўчастак і спрабуе размаўляць са старшынёй, але тая нічога слухаць не хоча і груба адказвае, што ёй перашкаджаюць працаваць. Працуе Івашова, відаць, сапраўды шмат, бо максімум, што яна праводзіць на ўчастку, гэта хвілін 5 кожны дзень.

Перад сыходам старшыня падвучвае камісію не толькі не пускаць назіральніцу на ўчастак, але і клікаць адразу міліцыю. Але калега неўзабаве вяртаецца -- пытанне неяк улагодзілі.

За хвілін 15 да закрыцця ўчастка прыходзяць калегі-журналісты. Ім адмовіць у рэгістрацыі няма падставы, таму яны здымаюць усё, што патрэбна ім і што патрэбна нам. Прыходзіць старшыня з сакратаром і загадвае, каб іх не здымалі, але калегі на гэта справядліва не звяртаюць увагі, паколькі ўсе сябры камісіі -- публічныя асобы на час выбараў.

Калі вывешваюць пратакол, заўважаем, што нашы падлікі з падлікамі камісіі пачынаюць расходзіцца. Пакуль нязначна -- у 9 чалавек.

21 сакавіка. Пятніца

Сёння добрае надвор’е, і людзі з раніцы ахвотна заходзяць. Гадаем, колькі прыпішуць. Пасля вывешвання пратакола бачым: 26 чалавек. Кажу пра заўважанае сакратару, але ніхто на гэта не рэагуе.

Цікава, ці разумеюць гэтыя людзі, што робяць нешта не толькі злачыннае з пункту погляду закона, але і амаральнае з гледзішча традыцыйных стасункаў між людзьмі? Можа, яны думаюць, што прыносяць карысць грамадству ды хваляцца сваімі ўчынкамі дома і ў кампаніі?

Пра іншых удзельнікаў фарса думаю таксама. Пра пенсіянераў, якія ідуць галасаваць проста па звычцы, і пра палітычныя партыі, якія прымаюць удзел у выбарах невядома з якой мэтай. Па-мойму, найбольш годна ім усім да адной самараспусціцца, каб не служыць дэкарацыяй для “дэмакратыі”. Гэта тое, што займае мае думкі падчас доўгага сядзення на ўчастку.

22 сакавіка. Субота

З раніцы рэгіструю наступную скаргу пра фальсіфікацыю вынікаў папярэдняга галасавання. Заадно пытаю, калі будуць адказы на мінулыя скаргі. Іх мне, аказваецца, выслалі поштай, бо “так вырашылі”.

Адказы нельга нават назваць стандартнымі адпіскамі, бо ў адпісках стараюцца хоць закон нейкі згадаць. Тут жа вада ні пра што. У якасці аргументаў максімум спасылкі на метадычку для членаў камісіі, хаця можна было б з дапамогай той жа метадычкі адшукаць і нейкі двухсэнсоўны артыкул закона. Найбольш насмяшыў адказ, чаму мне не дазволілі фатаграфаваць выніковы пратакол за сераду. Аказваецца, у аб’ектыў майго фатаапарата (які я нават не паспела дастаць з заплечніка, бо і пратакола яшчэ ніякага не было) трапляў сакратар камісіі, які не хацеў, каб яго фатаграфавалі. Так што з фантазіяй у “членаў” камісіі ўсё добра. Шкада, што з сумленнем не вельмі.

Але ўвогуле я стамілася і не магу больш моцна абурацца. Гэта вельмі знясільвае, калі вакол усё дагары нагамі: добрае становіцца дрэнным, справядлівае -- двурушным, злачынца -- добрым работнікам, а выканаўца закону -- сабатажнікам. Таму вечарам я моўчкі занатоўваю наступную прыпіску ў 202 галасы і маральна рыхтуюся да асноўнага дня галасавання. Скаргу пакідаю на заўтра.

23 сакавіка. Нядзеля

Сёння мы знаходзімся ў калідоры. З раніцы запячатваюць скрыні. Нам з задавальненнем дэманструюць, што яны пустыя. Дзіўнае ад гэтага складваецца ўражанне. Увесь час не даюць назіраць за тым, што сапраўды важна бачыць, затое ледзь не пад нос паднясуць скрыню пры апячатванні, калі і так зразумела, што там нічога няма.

Да таго ж скрыня знаходзіцца ў другім канцы калідора, і бачыць, што ў яе кідаюць, амаль немагчыма. Хаця з прыпіскай ў 228 галасоў на датэрміновым галасаванні гэтыя выбары ўсё роўна ўжо не маюць ніякага значэння. Людзі гэтага не ведаюць і наіўна ідуць галасаваць -- няхай і не ў той колькасці, што аб’явяць пасля. Некаторыя, распісваючыся ў ведамасці, скардзяцца, што нічога ад гэтых выбараў не памяняецца, але бюлетэні бяруць і нават пытаюць, за каго трэба галасаваць. А хтосьці заходзіць і віншуе са святам.

Адзін з выбаршчыкаў падыходзіць да нас і пытае, ці не можам мы пасадзейнічаць, каб на Маладагвардзейскай спілавалі нейкія дрэвы. Пасля махае рукой і са словамі “не было толку і не будзе” сыходзіць. А другая бабулька канстатуе: “Нічога не зменіцца. Мы адмучыліся, а маладым яшчэ мучыцца”. І нягледзячы на гэта таксама прымае ўдзел у п’есе.

Назіраць за падлікам галасоў, як я і чакала, не даюць. Хоць нават у метадычцы, на якую так любіла ў адказах спасылацца Івашова, напісана, што назіральнік мае права стаяць ля стала, старшыня груба саджае мяне на месца -- за4 метрыад стала падліку. Працэдура абсалютна закрытая. Ніхто не ведае колькасці бюлетэняў у стосіку суседа, усімі лічбамі валодае толькі старшыня. Іх лічбы з нашымі зноў не супадаюць, але гэта проста нагода нам з калегамі шматзначна пераглянуцца, не больш. Лічба галасавання на даму -- 149 чалавек -- выклікае такі ж скепсіс, тым больш што ўкладны ліст нам ніхто не паказаў.

Выбары, якіх няма. Дзённік незалежнага назіральніка

Дадаю яшчэ два пункты пра немагчымасць назірання ў падрыхтаваную скаргу і прашу дадаць яе да пратакола. Яе мусяць разгледзець калегіяльна, але ў такую дэмакратыю ўжо не граюць. Мне тут жа пішуць адказ, што ўсё на ўчастку “чыкі-пукі”, а назіральнікі сядзяць на такой адлегласці, каб не перашкаджаць. Адказ, канешне, не на мове звароту, але пра такія парушэнні закона я ўжо проста маўчу. Беларускамоўны пратакол таксама запоўнены па-руску.

“Выбары” закончыліся. Без парушэнняў, як пасля аб’явіць Цэнтрвыбаркам.

 P.S. Ужо ў панядзелак я атрымала ліст з гарадской выбарчай камісіі: факты, выкладзеныя мною, “не пацвердзіліся”. Хто ж у гэтым, цікава, сумняваўся?

 Фота Міланы ХАРЫТОНАВАЙ Автор: Іна ХОМІЧ, Брестский Курьер