Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Iлюстратар з Брэста вучыць гараджан поп-арту

26  Ноября 2013 г.  в 13:36 : Музыка, кино, музеи, выставки

Iлюстратар з Брэста вучыць гараджан поп-артуВыкладчык беларускай мовы і літаратуры паводле першай адукацыі, брэстаўчанка Ганна знайшла сябе ў малюнку. Перавучылася на дызайнера-ілюстратара і цяпер дорыць сваю любоў да мастацтва ўсім, хто жадае ствараць. Нават тым, хто ніколі да гэтага не маляваў. Аб тым, як зрабіць партрэт у стылі поп-арт і чаму гэтаму можа навучыцца кожны, карэспандэнту "Р" расказвае Ганна ЯЦКЕВІЧ (на здымку).

— Як вы прыйшлі да малявання, стварэння сваіх майстар-класаў?

— Шчыра кажучы, я заўсёды малявала, але так сталася, што профільную мастацкую адукацыю атрымала крыху пазней. Цяпер я дызайнер-ілюстратар, і мая мара спраўдзілася — я займаюся тым, чым заўсёды хацела. Маёй даўняй задумкай было стварэнне такой прасторы, куды людзі маглі б прыходзіць, натхняцца і творча развівацца. З яе і нарадзілася ідэя арганізаваць спецыяльныя майстар-класы па поп-арце. З гэтай восені дарослыя брэстаўчане маюць месца, дзе можна праявіць свае творчыя здольнасці, асабліва калі яны нідзе да гэтага не вучыліся. Неяк павялося, што ў мастацкія школы ходзяць толькі дзеці, а куды падацца дарослым? Таму я вырашыла перадаваць уласныя веды, стварыўшы простую, але эфектыўную методыку.

— У чым яна заключаецца?

— Чалавек сам выбірае здымак — свой, сумесны з мужам ці жонкай або дзіцяці. Я апрацоўваю яго на камп’ютары, каб зрабіць больш рэзкім і кантрасным. У выніку застаецца максімум тры-чатыры таны. Потым друкую пад памер палатна, каб максімальна спрасціць перанос здымка. Усё як мага больш аблегчана, бо чалавек павінен атрымліваць толькі пазітыўныя эмоцыі. Што да спосабаў пераносу выявы, то іх некалькі, і пачаткоўцы звычайна выбіраюць найбольш просты. У выніку на палатне атрымліваецца нешта накшталт маляванкі, якую трэба запоўніць колерам…

— Што, акрамя палатна і фарбаў, чалавек павінен мець, каб намаляваць партрэт?

— Галоўнае — жаданне творча адысці ад будняў, адвесці для майстар-класа адзін дзень і забыць словы "я не ўмею маляваць" ці "я баюся зрабіць штосьці не тое". Творчыя здольнасці ёсць ва ўсіх, і кожнаму чалавеку папросту патрэбна практыка. Некаторыя нават не спрабавалі маляваць, а ўжо думаюць, што не змогуць зрабіць гэта прыгожа. Разам з тым мне хочацца паказаць, што мастацтва — яно блізкае да людзей, што ўсе высокія матэрыі насамрэч не такія далёкія.

— У гэтым і заключаецца сэнс поп-арту як мастацкага кірунку?

— Такі падыход цалкам адпавядае філасофіі поп-арту, якой прытрымліваўся ягоны пачынальнік Эндзі Уорхал. Для яго малюнак са слоікам супу і партрэт брытанскай каралевы былі раўназначнымі аб’ектамі, аднолькава прыдатнымі для ўвасаблення ў мастацтве.

— Гэта значыць, што на вашых майстар-класах чалавек адчувае сябе творцам?

— Безумоўна, але нельга назваць гэта мастацтвам у высокім сэнсе. Гэта творчасць у асобна ўзятай кватэры — калі чалавек малюе партрэт мужа ці дзіцяці і вешае яго ў сваім доме. Галоўнае тут — задавальненне ад таго, што ты змог зрабіць сапраўдны мастацкі твор ўласнымі рукамі! Часта не даюць веры — як я мог гэта намаляваць? Але ўсе вяртаюцца дадому з паўнавартаснымі гатовымі працамі.

— Вы гаворыце, што малююць у большасці дзяцей ці мужа…

— Так, 100 працэнтаў наведвальнікаў — гэта дзяўчаты. Дзіўна, што хлопцы таксама запісваюцца, але, як толькі даходзіць да справы, яны адразу знаходзяць прычыны не прыйсці. Таму калектыў наш — чыста жаночы. Прычым вельмі разнастайны паводле ўзросту. Адна спадарыня нядаўна малявала партрэт унучкі, а іншыя толькі скончылі школу… Жанчыны, як мне здаецца, больш адкрытыя для змен і творчасці.

— Што менавіта вам даюць гэтыя заняткі?

— Прыемна вучыць людзей такім нескладаным для мяне рэчам і бачыць, які каласальны водгук яны знаходзяць у сэрцах "вучняў". Гэта своеасаблівы абмен энергіямі, і гэта выдатна! Адразу ўсведамляеш, што дзень сапраўды пражыты недарэмна.

— А што будзе потым?

— Хацелася б арганізаваць асобныя заняткі па апрацоўцы здымкаў, каб людзі пасля майстар-класаў маглі працягваць маляваць без маёй дапамогі. Ужо запісваем жадаючых наведаць майстар-класы ў снежні. Паколькі набліжаюцца святы, то яны будуць мець больш калядны і навагодні характар. А ў перспектыве, думаю, буду рабіць штосьці для творчых людзей, для развіцця іх здольнасцей. І не толькі для дарослых, але і для дзетак. Цяпер я толькі ў пачатку дарогі, але водгукі ад брэстаўчан ужо вельмі добрыя.

Арцём КІР’ЯНАЎ, Рэспубліка