Жыхары Ляхавіччыны здаюць вяскоўцаў, якія хаваюць свіней

28  Августа 2013 г.  в 20:37 : Брестская область

Жыхары Ляхавічскага раёна паведамляюць, што не ўсе вяскоўцы здалі ці забілі свіней. "У ветэрынарную службу паступаюць сігналы ад грамадзян пра тое, што не ўсе ўладальнікі ліквідавалі ўласнае свінапагалоўе", - піша "Ляхавіцкі веснік" са спасылкай на галоўнага ветурача раёна.

"А гэта - парушэнне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ветэрынарнай справе”, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай ветэрынарнай службе Рэспублікі Беларусь”, рашэнняў аблвыканкама і райвыканкама. І прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць — штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (ад 2 да 5 мільёнаў рублёў)", - паведамляе выданне.

Забой свіней ці здачу пагалоўя жыхары раёна мусілі выканаць да 15 жніўня. Згодна з рашэннямі Ляхавіцкага райвыканкама і Брэсцкага аблвыканкама, Ляхавіцкі раён быў аб’яўлены буфернай зонай. За такія вымушаныя страты насельніцтву належыць грашовая кампенсацыя.

Пасля выплаты кампенсацый (плануецца завяршыць да 28 жніўня) спецыяльна створаная камісія праверыць выкананне мерапрыемстваў па барацьбе з афрыканскай чумой свіней, адзначае галоўны ветурач Павел СІЦЬКО.