Старасвецкая сінагога ў Ружанах разбураецца на вачах

18  Августа 2013 г.  в 10:38 : Брестская область

Тое, што ахова гісторыка-культурнае спадчыны ў нашай краіне знаходзіцца ў стане дэградацыі, відаць усім, сваім і чужым. Бляшанкі на помніках даўніны “…ахоўваецца дзяржаваю”, здаўна, яшчэ з савецкіх часоў, выклікалі саркастычную ўсмешку.

Фота з Вікіпедыі

Старасвецкая сінагога ў Ружанах разбураецца на вачах

Таксама, проста на нашых вачах становіцца друзам, пераўтвараецца ў нішто Вялікая сінагога ў Ружанах. Гэты выдатны помнік “станіславаўскага класіцызму” быў узведзены прыдворным дойлідам Сапегаў Янам Самуэлем Бэкерам, родам з Саксоніі.

Выдатны архітэктар за доўгія гады працы ў Беларусі ўзвёў, перабудаваў, запраектаваў багата будынкаў у Вільні, Высокім, Зэльве, Дзярэчыне, а таксама ў іншых маётках Сапегаў у Польшчы – Няміраве і Крыстыянпалі. Самуэль Бэкер стаў першым дойлідам эпохі класіцызму ў нашым краі, пры якім палацава-паркавае мастацтва на Беларусі дасягнула еўрапейскага ўзроўню. Але, перадусім, ён, фактычна, збудаваў для Сапегаў цэлы горад – Ружаны, дзе паводле яго праектаў былі ўзведзены грандыёзны палацавы ансамбль, царква з кляштарам базыліянаў, дзве карчмы, крамы, перабудаваны касцёл. Сярод іншага ён узьвёў і гэтую сінагогу напрыканцы XVIII ст. У тым, што ўсё гэта было створана ў адным бэкераўскім стылі лёгка пераканацца, параўнаўшы прапорцыі часцінаў гэтых будынкаў, іх сціплы высакародны дэкор і ваконныя атворы, такія падобныя, што ў сінагозе, што ў царкве.

Габрэйская супольнасць у Ружанах утварылася позна. Згодна з пастановай Літоўскага Вааду, у 1623 г. абшчына Ружанаў належыла да Берасцейскага кагалу. Тутсама адбылася і вядомая трагедыя 1657 г., калі ў юдэйскім квартале нібы было знойдзенае знявечанае цела хрысціянскага дзіцёнка. Тутэйшы люд гатовы быў панішчыць усіх габрэяў мястэчка, але князь Павал Ян Сапега рашуча стаў на іх абарону, запатрабаваўшы правесці следства і суд, у выніку якіх нічога не было даказана. Але праз два гады, скарыстаўшыся з адсутнасці мажнаўладца, у Ружанах усё ж адбыўся пагром, які скончыўся забойствам двух чалавек, якіх кагал змушаны быў выдаць у ахвяру – Ізраіля Бэн Шалома і Тобія Бэн Ёсіфа…На час, калі ў Ружанах працаваў Ян Самуэль Бэкер, габрэйска супольнасць там налічвала ўсяго блізу паўтары сотняў чалавек, для патрэбаў якіх і была пастаўленая сінагога, што стала ў цэнтры адмысловага квартала.
Сёння сінагагальны двор, што цудам ацалеў, служыць аўтабазе. Тут дзеіць аўтазапраўка, пастаўленая пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза праектам у рамках праграмы Добрасуседства Польшчы-Беларусі-Украіны…

Яшчэ гадоў дзесяць таму будынка сінагогі выгядаў цалкам прыстойна, хоць і быў у закінутым стане. У ёй ацалеў нават першасны інтэр’ер XVIII стагоддзя, з фрагмэнтамі фрэсак, што выключная рэдкасць у Беларусі. Тут збераглася нават арыгінальная біма – мураваная шмат’ярусная кафедра з калонамі для публічнага чытання скрутка Торы і адпаведнага ўрыўка з кніг прарокаў падчас наэнстваў. Такіх аўтэнтычных бімаў у нашай краіне лёгка пералічыць па пальцах, на адной руцэ. Але цягам літаральна некалькіх апошніх гадоў сынагога пачала імкліва разбурацца і сёння скрозь дах ужо відаць неба…

Калісьці ў Ружанах было тры сінагогі і дзве малельні, хедер, школа Талмуд-Торы і нават габрэйскі тэатр.

У ваколіцах былі створаныя дзве земляробычыя габрэйскія калоніі Паўлава і Канстанцінава. Тут нарадзіліся сусветна вядомы дзеяч сіянісцкага руху, духоўны правадыр Йхель Пінес, слынны літаратар і публіцыст Арон Любашыцкі, а таксама Іцхак Шамір, прэм’ер-міністр Ізраіля. Але падзеі мінулага стагоддзя сцерлі ружанскае габрэйства з нашае зямлі дазвання. Вось толькі засталіся могілкі ды ансамбль сінагагальнага двара, што колісь быў узведзены дойлідам-саксонцам.

У Ружанах, разам з палацам, варта аднавіць і іншыя будынкі, што былі ім пастаўленыя там, каб даць нам хоць бы каліва ўяўлення пра тое хараство і гармонію, што задумаў Бэкер.

Паколькі апеляваць да ўладаў бессэнсоўна, роўна ж як і ўжываць такія словы як сумленне ці прыгажосць, паспрабую патлумачыць меркантыльным прыхільнікам стабільнасці па іншаму: адрэстаўраваны і добраўпарадкаваны квартал сінагогі прынясе прыбытак за кошт больш доўгага часу праведзенага турыстамі ў Ружанах, якія будуць аглядаць помнік архітэктуры і адпачываць на прылеглай тэрыторыі, і, як вынік – траціць грошы ў Ружанах.

Будучы стабільны даход будзе складацца таксама з паліграфічнай і сувэнірнай прадукцыі з выявамі гэтага помніка, прыцягнення дабрачынных ахвяраванняў, а ў перспектыве і інвестыцый у тэматычны турызм, стварэння больш прывабнага іміджу турыстаў і, урэшце, паляпшэння стасункаў з дзяржавай Ізраіль, дзе яшчэ жывуць нашчадкі нашых землякоў у калоніі Экрон.

 А дзе паставіць аўтазапраўку ўжо падумайце там самі… 

Источник информации: Сяргей Харэўскі,