Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Афіцыйны старт грамадска-культурнай кампаніі "Берасце старадаўняе"

16  Августа 2013 г.  в 08:15, показов: 5919 : История города Бреста


15 жніўня Берасце, першае сярод сучасных беларускіх гарадоў атрымала магдэбургскае права – прывілей на самакіраванне. Падобнае права могуць атрымаць толькі тыя гарады, дзе ёсць актыўныя і ініцыятыўныя гараджане – якія шчыра клапоцяцца пра тое месца дзе яны нарадзіліся, жывуць, дзе будуць жыць яны самі і іхныя дзеці. Якія не баяцца адстойваць свае інтарэсы і быць першымі.

Мы помнім і ганарымся гэтай падзеяй, роўна як і ўсімі іншымі дасягненнямі нашых продкаў. І менавіта ў гэты дзень мы абвяшчаем старт грамадска-культурнай кампаніі, якая мусіць яшчэ больш узбагаціць і замацаваць памяць пра славутае мінулае нашага гораду сярод сучасных берасцейцаў і гасцей гораду.

У межах кампаніі мы плануем стварэнне эскізаў сучасных якасных прадуктаў на тэму берасцейскай спадчыны. Гэта будуць выявы для інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі, заснаваныя на нейкіх канкрэтных кутьтурных падзеях, асобах, археалагічных артэфактах, помніках архітэктуры, знешні выгляд якіх можна аднавіць па дакументах. Будзем працаваць над мультымедыйнымі прадуктамі і новымі турыстычнымі маршрутамі.

Усімі вынікамі кампаніі мы з радасцю падзелімся з любымі зацікаўленымі асобамі – рамеснікамі, вытворцамі і выдаўцамі, установамі культуры і турызму, якія на базе нашых напрацовак змогуць стварыць новы інфармацыйны, прома ці турыстычны прадукт. Паверце, з усяго бяздоннага культурнага і гістарычнага багацця, з усіх здабыткаў і дасягненняў гораду – на прылаўкі сучасных крамаў у выглядзе тых жа сувеніраў, да прыкладу, даходзяць лічаныя адзінкі сюжэтаў і вобразаў. Безліч усяго цікавага папросту пыліцца ў рэестрах і энцыклапедыях, і ніяк не працуе на культурны імідж гораду – а вельмі дарма.

Менавіта гэтую праблему мы і паспрабуем вырашыць у межах нашай кампаніі. Мы ўжо папрацавалі над самым старажытным з зафіксаваных перыядам гісторыі гораду – 12-13 стагоддзе. Мы выбралі з археалагічных знаходак гэтага перыяду самыя цікавыя і унікальныя, і паспрабавалі на базе гэтых аб’ектаў зрабіць самы папулярны сувенірны прадукт – магніцік на лядоўню, з невялічкімі інфармацыйнымі ўкладышамі. Тое, што ў нас атрымалася Вы можаце пабачыць у ілюстрацыях.
Папрацавалі таксама над інфармацыйным буклетам – калі ён знойдзе свайго чытача, зробім падобныя выданні рэгулярнымі на розныя тэмы.
У самых бліжэйшых планах выпусціць серыю паштовак з 3-D макетамі страчаных архітэктурных помнікаў Берасця - некаторыя з выяваў Вы зможаце пабачыць ужо сёння.

Усіх, хто падзяляе нашы погляды на сітуацыю з культурнымі прадуктамі гораду і хоча яе палепшыць, каму ёсць што сказаць на гэтую тэму, мы запрашаем далучыцца да кампаніі “Берасце старадаўняе”. Хай пульс стагоддзяў чуецца ў сэрцы кожнага берасцейца!

Ініцыятары кампаніі – брэсцкія гісторыкі, краязнаўцы, працаўнікі сферы культуры, грамадскія актывісты, і іншыя зацікаўленыя асобы. Кампанія адкрыта для далучэння іншых асоб і арганізацый, якія падзяляюць мэты і прынцыпы кампаніі “Берасце старажытнае”.

Мэтай кампаніі з’яўляецца: папулярызацыя 1000-гадовай культурна-гістарычнай спадчыны гораду.

Прынцыпы:

- гістарычная і культурная спадчына гораду з’яўляецца каштоўнасцю, якую варта захоўваць, аднаўляць у аўтэнтычным выглядзе і папулярызаваць сярод гараджан;
- каштоўнымі, а значыць вартымі памяці і папулярызацыі з’яўляюцца ўсе без выключэння гістарычныя падзеі і асобы, культурныя здабыткі гораду, незалежна ад перыяду іх жыцця (існавання), рэлігійнага, этнічнага, ідэалагічнага зместу;
- пры стварэнні культурных прадуктаў на гарадскую тэматыку, добраўпарадкаванні і рэканструкцыі гістарычный часткі гораду, падрыхтоўкі і адзначэння 1000-годдзя гораду, меркаванне кожнага жыхара Брэста мусіць быць улічана па максімуму.

Даследаванне рынку культурных прадуктаў Берасця (сувенірнай прадукцыі, масавых мерапрыемстваў, гарадскога дэкору і гісторыка-культурнай інфраструктуры), што праводзілася аматарамі берасцейскай гісторыі, выявіла досыць глабальную праблему: для паўнавартаснага культурнага і турыстычнага аблічча сучаснаму Брэсту катастрафічна не хапае культурных прадуктаў, якія б асновываліся на сюжэтах і зместах гісторыка-культурнай спадчаны, старэйшых за апошнія 150 год http://news./society/359921.html.
Сітуацыя, безумоўна, зразумелая: у горадзе не засталося самых трывалых - архітэктурных помнікаў ранейшых эпох. Час, вайсковыя ліхалецці, гістарычныя катаклізмы не пашкадавалі і іншыя шматлікія здабыткі берасцейцаў. Таму для развіцця культурнага і турыстычнага аблічча амаль 1000-гадовага гораду пытанне аднаўлення і рэканструкцыі спадчыны Брэста зараз стаіць вельмі востра.

Актывісты кампаніі “Берасце старажытнае” заклікаюць усе зацікаўленыя бакі больш грунтоўна папрацаваць над насычэннем культурнай прасторы гораду сімваламі і сюжэтамі з усёй яго 1000-гадовай гісторыі. Да супрацы запрашаюцца вытворцы сувенірнай прадукцыі, мастакі і рамеснікі, даследчыкі, працаўнікі устаноў культуры, іншыя грамадскія аб’яднанні і дзяржаўныя ўстановы, якія працуюць з культурна-гістарычнай спадчынай Брэста.

У межах кампаніі ўжо распрацавана некалькі выяваў з серыі “Артэфакты старажытнага Берасця”, рыхтуецца набор паштовак з 3-Д рэканструкцыямі архітэктурнай спадчыны гораду, распрацоўваюцца новыя турыстычныя вела, аўта і пешыя маршруты па Брэсту і ваколіцах гораду, распаўсюджваецца першы наклад інфармацыйных буклетаў, які прысвечаны акурат магдэбургскаму праву Берасця. Праводзяцца сустрэчы ініцыятыўнай групы, дзейнічае ан-лайн пляцоўка для камунікацыі ў сацыяльных сетках (http://vk.com/beraste).



on-line варыянт буклету, прысвечанага гадавіне магдэбургскага права ст. 1



on-line варыянт буклету, прысвечанага гадавіне магдэбургскага права ст 2-4



on-line варыянт буклету, прысвечанага гадавіне магдэбургскага права ст. 5



on-line варыянт буклету, прысвечанага гадавіне магдэбургскага права ст. 6



Магніты з сюжэтамі археалагічных знаходак Берасця 12-13 ст.





З серыі паштовак "Страчаная спадчына Берасця"
Падрыхтавана ў супрацы з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры (pomniki.budzma.org/about)




З серыі паштовак "Страчаная спадчына Берасця"
Падрыхтавана ў супрацы з Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры (pomniki.budzma.org/about)