Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Размеркаванне: на Пружаншчыне за 2012 год было падрыхтавана 12 іскаў супраць былых студэнтаў

21  Февраля 2013 г.  в 13:45 : Брестская область

Размеркаванне: на Пружаншчыне за 2012 год было падрыхтавана 12 іскаў супраць былых студэнтаўНе хочаш працаваць па размеркаванні – плаці. Усё часцей такія патрабаванні прад’яўляюцца да выпускнікоў навучальных устаноў.

Заканадаўства прадугледжвае маёмасную адказнасць маладых спецыялістаў у выглядзе спагнання кошту іх навучання ва ўстановах адукацыі. Кампенсаваць выдаткаваныя сродкі абавязаны тыя выпускнікі, якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін абавязковай работы. Гэта датычыць выпускнікоў, якім першае месца работы было прадастаўлена шляхам размеркавання, хто быў накіраваны на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, ці тых, хто падпісаў дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, рабочага, служачага.

У выпадку, калі маладыя спецыялісты не прыбываюць да месца працы, звальняюцца ці пераводзяцца да заканчэння тэрміну работы па размеркаванні, наймальнік ці самі маладыя спецыялісты паведамляюць пра гэта ва ўстанову адукацыі, якая выдала накіраванне, указваюць прычыны і прад’яўляюць неабходныя дакументы.

Прынятае ўстановай адукацыі рашэнне аб кампенсацыі выдаткаваных сродкаў маладым спецялістам ці яго вызваленне ад гэтай кампенсацыі афармляецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі. Копія гэтага загада і разлік сумы выдаткаваных сродкаў, якія належыць вярнуць у бюджэт, накіроўваюцца маладому спецыялісту з паведамленнем аб неабходнасці добраахвотнай кампенсацыі.

Разлік выдаткаваных сродкаў робіцца за ўвесь перыяд падрыхтоўкі. Малады спецыяліст, які добраахвотна кампенсаваў выдаткаваныя сродкі, прадстаўляе ва ўстанову адукацыі копію плацёжнага дакумента. У выпадку адмовы вярнуць грошы, якія былі выдаткаваны на яго вучобу, іх спагнаннем займаюцца ў судовым парадку.

Такім чынам, пракуратурай раёна за 2012 год падрыхтавана і накіравана ў суд 12 іскавых заяў аб кампенсацыі сродкаў за навучанне ў інтарэсах МУС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама, устаноў адукацыі “Івацэвіцкі дзяржаўны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійна-тэхнічны каледж”, “Бярозаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў”, “Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”.

Напрыклад, Р.К.Сімаковіч пасля заканчэння Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа быў накіраваны на работу ў ААТ “Айчына”. Аднак загадам дырэктара гэтага таварыства ад 19.04.2011 г. малады спецыяліст быў звольнены за прагулы, учыненыя без уважлівых прычын. Пракуратурай была накіравана ў суд іскавая заява ў інтарэсах аграрна-тэхнічнага каледжа аб спагнанні з Р.К.Сімаковіча звыш 15 мільёнаў рублёў, якія былі выдаткаваны дзяржавай на яго навучанне. Іскавыя патрабаванні судом задаволены ў поўным аб’ёме.

Каб у будучым не давялося аплачваць кошт свайго навучання, хацелася б заклікаць абітурыентаў больш адказна падыходзіць да выбару навучальнай установы і прафесіі.

Соф’я Зайцава, старшы памочнік пракурора, Раённыя будні