Twitter Виртуального Бреста Группа в одноклассниках

Канстанцін Каліноўскі - герой Беларусі, ці парадоксы гісторыі

23  Января 2013 г.  в 13:06, показов: 7277 : История города Бреста

По просьбам посетителей публикуем этот материал. Он касается Константина Калиновского, больше известного как Кастусь Каліноўскі. Фигура во многом спорная для нынешнего поколения, одни утверждают, что он герой Беларуси, вторые приводят свои доводы, что к Беларуси он имел мало отношения, но так или иначе, родился этот человек совсем недалеко от нас, около Беловежской пущи. А потому стоит отдать дань его памяти и предложить вам к изучению одно из мнений, опубликованное в газете Наша Нива (в Википедии, кстати, утверждается, что в этой газете времён Калиновского нет о нём ни одного упоминания...). Материал будет на белорусском языке, как в источнике.


150 гадоў назад, у ноч на 23 студзеня 1863 года, успыхнула паўстанне супраць Расіі. Каліноўскі, герой Беларусі, і парадоксы гісторыі: «Барацьба не можа быць кулуарнай».

Канстанцін Каліноўскі - герой Беларусі, ці парадоксы гісторыі

У Беларусі яго ўзначаліў яго народжаны каля Белавежскай пушчы Канстанцін Каліноўскі. Правадыр Паўстання 1863-га пайшоў на верную смерць, але стаў нацыянальнай легендай.

Нас аддзяляе ад яго 150 гадоў — не такая і вялікая часавая адлегласць. Каб лёс і гісторыя склаліся іначай, Каліноўскі, народжаны ў 1838-м, мог бы дажыць да незалежнасці Беларусі. Мо і доля Беларускай Народнай Рэспублікі была б інакшай, каб у 1918-м на чале яе стаў патрыярх вызвольнага руху, жывая легенда — 80-гадовы Начальнік паўстання.

Каліноўскі — унікальная асоба. Ён быў ваяром і інтэлектуалам, ваяром-інтэлектуалам. Ягоная «Мужыцкая праўда» была першай, ашаламляльнай на той час спробай рабіць перыядычнае выданне па-беларуску.

Рэакцыя царскіх уладаў на паўстанне стварыла перадумовы для развіцця беларускага нацыяналізму.

Легенда Каліноўскага жыве. Імем Каліноўскага назвала Кастрычніцкую плошчу моладзь у часе пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га. Хлопцы робяць татуіроўкі з партрэтам «Кастанціна Вікенція». Чаму? Паспрабуем разабрацца.

Чаму паўстанне Каліноўскага так актуальна ўспрымаецца сёння і выклікае жывыя дыскусіі? Адказвае філосаф Валер Булгакаў.

«»: Ці адыграла паўстанне 1863 года нейкую ролю ва ўзнікненні беларускага руху?

Валер Булгакаў: Паўстанне вяло да крышталізацыі беларускага руху. Выкліканы ім палітычны выбух нарадзіў беларускі нацыяналізм. Каліноўскі не быў яго родапачынальнікам, але праз свае рэвалюцыйныя пракламацыі ён заклаў новы тып грамадскай актыўнасці.

«НН»: Што маецца на ўвазе?

ВБ: Каліноўскі сваёй «Мужыцкай праўдай» прадвызначыў пэўныя мадэлі працы з грамадствам у варунках палітычнай несвабоды. Ён паказаў, што нават у самых змрочных умовах важна даходзіць да самага простага чалавека, а не замыкацца на «высокіх», «элітарных» асяроддзях.

У гэтым сэнсе Каліноўскі — цалкам сучасны дзеяч, які цудоўна разумеў, што барацьба за свабоду і дэмакратыю не можа быць кулуарнай.

«НН»: Так, у паўстанні Каліноўскага браў удзел малады Францішак Багушэвіч, пасля выдатны паэт, адвакат і аўтар знакамітага «Не выракайцеся ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». А ці змянілася пасля паўстання палітыка царызму адносна беларусаў?

ВБ: Паўстанне выклікала рост цікавасці да Беларусі, якая стала адным з тэатраў баявых дзеянняў, а таксама пастаўшчыком вайсковай сілы. 
Пасля паўстання Беларусь стала ўспрымацца так, як мы разумеем яе цяпер: як вялізная краіна, ад Чарнігава і да Берасця, ад Беластока і да Смаленска, ад Дзвінска і да Пінска, населеная этнічнымі беларусамі, якія гавораць па-беларуску.

Прычым гісторыя распарадзілася так, што да выпрацоўкі новага, этнічнага разумення беларускасці прыклалі руку ідэалагічныя супернікі Каліноўскага — тагачасныя «заходнерусісты» на чале з Міхалам Каяловічам — у адказ на ідэі паўстання.

Паўстанне выклікала надзвычайную палітызыцыю і радыкалізацыю тагачаснага інтэлектуальнага асяроддзя.
Каб нічога такога падобнага ніколі не паўтарылася, імперскія ідэолагі імкнуліся разбурыць палітычнае і культурнае адзінства краёвай эліты даўнейшай Рэчы Паспалітай этнічнымі аргументамі.

Тагачасная расійская навука зрабіла ўсё, каб польскасць, якая грунтавалася на шырокіх грамадзянскіх падмурках, разумелася толькі ў вузкім этнічным сэнсе. Для палякаў гэта варажыла катастрофу: яшчэ нядаўна Віцебск і нават Смаленск успрымаліся як польскія гарады, а цяпер выяўлялася, што рускія (украінскія або беларускія) вёскі знаходзіліся за 70—100 кіламетраў ад Варшавы.

«НН»: У гэтым сэнсе «палітычнымі палякамі» былі і ўсе тагачасныя насельнікі беларускіх ды ўкраінскіх земляў?

ВБ: Калі гаворка пра каталіцкую і ўніяцкую эліту, то безумоўна так. У праваслаўных беларусаў полькасць нішчылася хутчэй, але формула «праваслаўны паляк» ні ў якім разе не вынаходка сацыялістычнай Польшчы. Падчас вайны 1812 праваслаўная эліта Магілёва станавілася на французскі бок і марыла аб адасабленні ад Расіі. У цэнтры краіны гэты дух захоўваўся і праз 50 гадоў: у 1850-я мінскіх гімназістаў ссылалі ў салдаты за дэманстрацыйнае падкрэсліванне сваёй польскасці.

«НН»: Выходзіць, паўстанне — паваротная падзея ў гісторыі беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Рэакцыя царскіх уладаў на паўстанне стварыла перадумовы для развіцця беларускага нацыяналізму. Улады ў адказ на паўстанне сталі змагацца з «духам польскасці» і «перажыткамі літоўскасці», у выніку беларусы зразумелі, што яны на самой справе адрозніваюцца і ад палякаў і ад расейцаў. Да таго ж, расійскія ўлады пагадзіліся з назвай «Беларусь» для нашых зямель ізноў жа, каб яна выціснула старую, «небяспечную» назву «Літва». І тая назва «Беларусь» прыжылася. Калі б не паўстанне, то і назва «Беларусь» магла б не замацавацца, і асяроддзе не радыкалізавалася. Вось такія парадаксальныя наступствы часам маюць гістарычныя падзеі... Цікава, што савецкая гістарычная канцэпцыя таксама падавала Каліноўскага як героя.

ВБ: Савецкая палітыка гістарычнай памяці была супярэчлівай і надзвычай хлуслівай. Каліноўскаму «пашчасціла», бо ён быў паўстанцам, а ў выніку ўзброенага паўстання самі бальшавікі захапілі ўладу.

Таму неўзабаве пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1920-я, яму было адведзена пэўнае месца ў нацыянальным пантэоне Савецкай Беларусі — у якасці героя другога ці хутчэй трэцяга плана. З яго імем была звязаная пэўная індустрыя — вуліцы Каліноўскага, партрэты, літаратурныя творы. Прычым залічэнне ў пантэон было б ужо немагчымае ў 1930-я або 1940-я гады праз унутраную трансфармацыю савецкай сістэмы. На шчасце, традыцыя была закладзена раней і заскарузлая савецкая сістэма ўжо не знайшла ў сабе сіл выкрасліць Каліноўскага з афіцыйнага канону памяці.

Палітыка памяці ў цяперашняй Беларусі падобная да савецкай. Праўда, афіцыйны дыскурс цяпер усхваляе не рэвалюцыйныя паўстанні, а рэчы цалкам супрацьлеглыя — стабільнасць і палітычную пераемнасць.

Таму некаторыя сённяшнія ідэолагі топчуць нагамі Каліноўскага. «Конечно, праздновать тут нечего, поскольку этот экстремистский боевой листок [«Мужыцкая праўда»], издававшийся группой польских радикалов, не делает чести ни нашей литературе, ни публицистике», — піша галоўны рэдактар часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка» Вадзім Гігін.

«НН»: Дзеля чаго гэта робіцца?

ВБ: Нацыянальная памяць прэпаруецца і ачышчаецца ад усіх персанажаў з духам мяцежнасці, паўстанцкай рамантыкі. Ствараецца прарасійская версія беларускай гісторыі, яе героі па вызначэнні не могуць процістаяць уладзе, пагатоў са зброяй у руках. Сімптаматычна, што адзінай дзяржаўнай узнагародай, якую Лукашэнка скасаваў за час свайго кіравання, быў ордэн Каліноўскага.

Самыя вядомыя выказванні Каліноўскага

● Не народ для ўрада, а ўрад для народа.

● Дык сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як ёсць на цалюткім свеце.

● У нас, дзецюкі, суды — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не. Бяспекі ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

(З «Мужыцкай праўды», якая выдавалася паўстанцамі ў лясах)

● З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тады ён толькі можа жыць у багацці, праўдзе, тады ён толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлую сэрцам палюбіць. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, але на пагібель нашу.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні.

(«Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя з турмы)

Больше новостей в нашем Telegram-канале + возможность комментировать новости!